Галіна Лагацкая: «Жудасней, чым турма!»

Актывістка Галіна Лагацкая, якую больш за два тыдні пратрымалі ў псіхіятрычным шпіталі і ў якой перад гэтым забралі маёмасць, распавяла «Белсату» падрабязнасці сваёй справы.

Галіна Лагацкая. Фота Белсат

Ці можна лічыць гэты выпадак выключэннем, ці мае месца пачатак мэтанакіраванага ціску супраць нязручных апанентаў улады?

Удзельніца антыдармаедскіх пратэстаў у Мінску, актывістка Галіна Лагацкая, новы год сустракала ў Рэспубліканскім цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках. А перад гэтым, у выніку нясплочаных штрафаў, у жанчыны сканфіскавалі маёмасць.

«Судовыя выканальнікі давялі мяне да таго, што я трапіла ў Навінкі. Яны парушылі ўсё, што толькі можна. У першую чаргу — інструкцыю аб выканаўчым вядзенні. Я іх прасіла не парушаць, папярэджвала», распавядае Галіна Лагацкая.

Паводле Галіны Лагацкай, дзеянні судовых выканальнікаў давялі яе да напісання перадсмяротнай запіскі. Пасля гэтага, пагражаючы доўгімі судамі, лекары «Навінак» вымусілі яе падпісаць згоду на добраахвотнае лячэнне. У псіхіятрычным шпіталі актывістцы лекі ўводзілі гвалтам, калі тая спрабавала не піць пігулак.

«Я ў шоку: там горш, чым турма! Там жудасней, чым турма: ты бязвольны. Чалавечая годнасць? Няма там ніякай чалавечай годнасці! Калі ў турме ты яшчэ можаш папрасіць паперку і напісаць скаргу ці выклікаць хуткую дапамогу, калі табе дрэнна, то там робяць усё, каб… Як самнамбула! Гэта жудасна, гэта вельмі жудасны стан!» — кажа яна.

Галіна Лагацкая ўпэўненая, што ў Беларусі адраджаецца гэтак званая карная псіхіятрыя — калі нязручных апанентаў улады змяшчаюць у варʼятню. А помсціць жанчыне ёсць за што: яна вяла актыўную грамадскую дзейнасць, адстойвала правы ды ўдзельнічала ў пратэстах. Праваабаронцы мяркуюць, што, вяртаючыся да карнае псіхіятрыі, улады Беларусі спрабуюць дыскрэдытаваць актывістаў.

«Улада сёння выбрала проста лёгкі шлях змагацца з іншадумствам менавіта праз гэтыя псіхіятрычныя аддзяленні. Я мяркую, што мы ведаем далёка не ўсё. Я ведаю, што ў рэгіёнах вялікую колькасць простых людзей «запіхваюць» туды папросту. І гэта трэба вывучаць, даследаваць, праводзіць маніторынг. А гэтая ж інфармацыя ўся закрытая», — адзначае праваабаронца Алег Волчак.

На думку кіраўніка праваабарончага цэнтру, мэта ўладаў — не дапусціць арганізаванасці грамадства.

Што ж да Лагацкай, то Алег Волчак упэўнены: яе адносна хуткае вызваленне залежала ў першую чаргу ад актыўнасці праваабаронцаў. Маўляў, дапамаглі скаргі на імя міністра аховы здароўя і генеральнага пракурора.

«Калі б мы гэтага не зрабілі (я ведаю з вопыту палітзняволенага Лапіцкага, які таксама быў у псіханеўралагічным дыспансеры), яе б мінімум паўгода трымалі. Гэта мінімум! І не было б ніякай гарантыі, што яе потым бы адпусцілі», — адзначае Воўчак.

А вось хто і як спрычыніўся да змяшчэння Галіны Лагацкай у псіхіятрычны шпіталь, Алег Волчак яшчэ мае намер высветліць. І далей працягваць абараняць правы суграмадзянаў, якія пацярпелі ад дзеянняў улады. Галоўны ж ягоны пасыл — не баяцца, бо менавіта тады ўлада самая трымціць ад страху.


Сцяпан Святлоў, «Белсат»

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: