Халодная вайна Лукашэнкі з Літвой і ЕС — з дазволу Пуціна?

Фінальны акт скарачэння колькасці пасольстваў разыграўся на фоне і, у нейкай ступені, як следства іншага канфлікту паміж Літвой і Беларуссю — крызісу на мяжы. Кожны дзень некалькі дзясяткаў (а часта і больш за сотню) нелегальных мігрантаў перабягаюць на літоўскую тэрыторыю з беларускай. У большасці сваёй гэта грамадзяне Ірака, Сірыі і Афганістана, піша www.dw.com.

1400 еўра за пераход мяжы ЕС

У Вільні сцвярджаюць, што гэта адбываецца пры садзейнічанні рэжыму Лукашэнкі, які помсціць літоўцам за падтрымку беларускай дэмакратыі, а ў іх асобе — усяму Еўрапейскаму саюзу за санкцыі, уведзеныя пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Мінску і арышту беларускага апазіцыйнага журналіста Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапега.

Беларусь замарозіла свой удзел ва «Усходнім партнёрстве» ЕС і — што яшчэ больш важна — выкананне пагаднення з ЕС па рэадмісіі (прыёме назад) нелегальных мігрантаў. Паводле чутак, што цыркулююць у Вільні, праезд аўтобусам па тэрыторыі Беларусі да ўчастка мяжы, зручнага для пераходу, каштуе 1400 еўра. Як лічаць літоўскія ўлады, без прамога садзейнічання дзяржструктур Беларусі такое немагчыма.

Брусель абяцае Літве максімальную дапамогу

Раптоўны крызіс з бежанцамі лёг цяжкім грузам на міграцыйную, пагранічную і паліцэйскую службы Літвы. Ім дапамагаюць армія і добраахвотнікі. У апошнія дні ў краіну прыязджалі і кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, і старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль, які пабываў на мяжы недалёка ад курортнага горада Друскінінкай, дзе літоўская памежная інфраструктура слабейшая за ўсё.

Фон дэр Ляен і Мішэль абяцалі Літве максімум дапамогі — і хутка. План, распрацаваны ўрадам у Вільні, уключае ў сябе, па-першае, хуткае ўзвядзенне бар'ераў на ўсёй мяжы з Беларуссю. У найбліжэйшыя дні там пачнуць усталёўваць часовыя загароды з калючага дроту, паведаміў міністр абароны Арвідас Анушкаўскас. Яны павінны моцна запаволіць пераход мяжы і даць памежнікам час прыбыць на месца парушэння.

Па-другое, Літва адпраўляе дэлегацыі ў Турцыю і Ірак — краіны, праз якія ідзе самы вялікі паток мігрантаў. Па-трэцяе, цягам тыдня — дзесяці дзён дэпутатаў сейма Літвы выклічуць з адпачынку на пазачарговую сесію. Ім трэба будзе прыняць папраўкі да заканадаўства, якое тычыцца міграцыйных пытанняў і, перш за ўсё, умоў атрымання прытулку ў Літве.

Зараз працэс апрацоўкі заявы займае да чатырох месяцаў. Яго прапануецца скараціць да 10 дзён, заявіла міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайтэ.

«Калі гэта рашэнне прымуць, то толькі людзі, якія па-сапраўднаму маюць патрэбу ў прытулку, атрымаюць яго. Астатніх адправяць назад», — распавёў DW інфармаваны ўрадавы чыноўнік. Паводле яго слоў, «гэта дашле сігнал тым, хто цяпер збіраецца ў шлях праз Беларусь, і самім беларускім уладам — у вас няма шанцаў, нас не зламаць!»

Імя «Пуцін» не прамаўляць!

Фактычна распачатая халодная вайна Беларусі з Літвой і ЕС спарадзіла галоўнае пытанне: ці мог Аляксандр Лукашэнка пайсці на такое без ухвалення Масквы? І Вільня, і кіраўніцтва Еўрасаюза, і беларуская апазіцыя публічна абвінавачваюць у тым, што адбываецца толькі Лукашэнку. У нефармальных зносінах тут выказваюцца больш шчыра.

«Уявіць сабе, што ў Мінску ўсё вырашылі без узгаднення з Крамлём — цалкам немагчыма! Бо Лукашэнка і па менш важных пытаннях раіцца з Масквой, — зазначыў у гутарцы з DW інфармаваны літоўскі дыпламат. — Па сутнасці, гэта вайна Пуціна супраць ЕС рукамі беларускага рэжыму».

Паводле слоў дыпламата, літоўскія прадстаўнікі рэгулярна размаўляюць пра гэта з кіраўніцтвам Еўрасаюза і краін-сябраў ЕС. «Нас не проста слухаюць, а прымаюць нашы довады, — дадаў ён. — У Бруселі мала ў каго засталіся ілюзіі наконт паводзін Крамля».

Міграцыйны крызіс можа стаць падставай для пашырэння ўжо ўведзеных сектаральных санкцый ЕС супраць беларускай эканомікі, мяркуе суразмоўца DW: «Скажам, зараз не больш за дзесяць адсоткаў прадукцыі ключавой для Лукашэнкі галіны вытворчасці калійных угнаенняў знаходзіцца пад санкцыямі. У ЕС ужо ёсць права пашырыць спіс без дадатковага ўхвалення».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: