Халодная вясна 2017-га

Разгойдваць лодку яе пасажыры могуць толькі ў адным выпадку: калі гэта галера і яе крушэнне — адзіны шлях спыніць пакуты. Можа пра гэта зараз і варта задумацца таму, хто ў руля? Ды знайсці адказ на пытанне, чаму па краіне прайшлі акцыі пратэсту.

Акцыя 15 сакавіка 2017. Мінск. Фота Уладзіслава Рубанава

Акцыя 15 сакавіка 2017. Мінск. Фота Уладзіслава Рубанава


Фармальная нагода пратэстаў — абурэнне абсурдным Дэкрэтам №3 «аб дармаедах», рэальная — рэзкае пагаршэнне эканамічнага стану, комплекс сацыяльных ды палітычных праблем, якія не вырашаюцца, а толькі нарастаюць дзень за днём.

Спачатку ўлады глядзелі на ўсё гэта скрозь пальцы, пасля — усё больш падазрона, і вось толькі зараз, цягам апошняга тыдня, мы бачым, як у кагосьці не вытрымалі нервы. Арышты лідараў апазіцыі ў Маладзечна ды Оршы, затрыманні журналістаў, збіццё і фактычна выкраданні актывістаў напярэдадні або пасля акцый… Агулам пад каток рэпрэсій трапіла ўжо больш за сотню чалавек.

Вельмі рэзка, пасля працяглай адлігі (прыкладна ад лета 2015-га, калі на волю выйшаў Статкевіч) сітуацыя зноў нагадвае ці тое 2006-ы, ці тое 2010-ы год. Падабенства з выбарамі 2006-га ў тым, што перад акцыямі спецслужбы планамерна палююць на актывістаў, «вымаючы разынкі з булак», як сказаў Лукашэнка. Падабенства з 2010-м у рэзкай змене клімату: ад палітычнага пацяплення да замаразкаў.

Зараз, калі мы ўжо гатовы штодня, адкрываючы сайты незалежных СМІ, бачыць сярод затрыманых новыя знаёмыя прозвішчы, цяжка паверыць, што яшчэ нядаўна Статкевіч праводзіў у спакойным рэжыме Марш 17 лютага, а пасля — у Курапатах два тыдні (!) прастаяў лагер абаронцаў, які дзяржаўныя ідэолагі ўжо параўналі з міні-майданам.

Выглядае, што беларуска-еўрапейскі мосцік, які старанна выбудоўваўся сіламі МЗС, у любы момант можа быць разбураны. Беларусь, зрабіўшы крок наперад, рыхтуецца зрабіць адразу некалькі назад. Пра гэта заявіў і Уладзімір Макей, адзначыўшы, што «крохкі дыялог можа ў любы момант спыніцца».

Што атрымліваецца? Пакуль адны гэты дыялог, які можа прыцягнуць за сабой доўгачаканыя фінансавыя патокі, спрабуюць уратаваць, сілавікі старанна яго ўтоптваюць у бруд. І гэта пры тым, што Лукашэнка на словах ужо палюбіў ЕС ніяк не менш, чым Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі гадкоў 17 таму.

Напрошваецца лагічная выснова: дзяржаўная сістэма зараз зусім не маналітная, у ёй прысутнічаюць як празаходнія рэфармісты, так і праўсходнія кансерватары. Першыя ў складанай сітуацыі могуць прыцягнуць з Еўропы фінансы, без якіх увесь «беларускі цуд» складзецца як картачны домік. Другія — робяць выгляд, што са скуры вон лезуць, абы толькі хто не падпаліў гэты картачны домік знутры. Але ці ёсць каму падпальваць?

Згодна прапагандыстам з беларускага ТБ — так, ёсць. Тут і анархісты, і міфічны «Правы сектар», і Статкевіч з «Бастай».

Пры гэтым анархісты, хоць і паказваюць сябе пакуль найбольш яскравай ды арганізаванай пратэстнай групай, не спалілі яшчэ аніводнай машыны, не разбілі ніводнай вітрыны, не збілі ніводнага міліцыянта. Пакуль збіваюць ды ловяць толькі іх саміх.

Байка пра «Правы сектар» — гэта наогул тапорная калька з расійскага ТБ.

Застаецца — Статкевіч ды незадаволеная раззлаваная вуліца. Сапраўды, у нейкі момант нават падалося, што «памяркоўных» палітычных лідараў — Губарэвіча, Рымашэўскага, Лябедзьку, Севярынца — прыбралі, кінуўшы на суткі, толькі для таго, каб вызваліць поле для аднаго гульца. Статкевіч, відаць, таксама гэта разумее, таму і ўзяў, па яго словах, на сябе ўсю адказнасць за правядзенне акцыі 25 сакавіка, якая будзе найбольшай інтрыгай гэтай вясны. Чым гэта скончыцца, хутка ўбачым.

Нельга не заўважыць, што і ў 2010-м, і ў 2017-м нагнятанне сітуацыі і рэпрэсіі ў Беларусі выгадныя толькі аднаму гульцу — Расіі. І калі сем гадоў таму гэта прывяло да яшчэ больш «цёплых» маскоўскіх абдымак, то зараз можа прывесці і да анексіі, калі сітуацыю ўдасца разгайдаць яшчэ больш.

Але ці маюць рацыю тыя, хто кажа, што ў сучаснай сітуацыі трэба наогул сядзець як мыш пад мятлой і не рыпацца, каб, не дай Божа, нічога не разгайдаць? Наўрад ці. Хаця б таму, што пратэст супраць галечы не прыдуманы ў партыйных офісах. І калі ім не скарыстаецца празаходняя апазіцыя, ёсць верагоднасць, што скарыстаюцца акурат прамаскоўскія сілы, а бел-чырвона-белыя сцягі хутка зменяцца на трыкалоры.

Варта ўсвядоміць, што толькі калі беларусам будзе добра жыць у сваёй краіне, калі яны змогуць у ёй зарабляць грошы, не баяцца нараджаць дзяцей, купляць маёмасць і будаваць бізнес, яны захочуць яе бараніць. У іншым разе — што бараніць? Дзяржаву, якая здзірае праз падаткі апошнюю кашулю? Дзяржаву, дзе міліцыі можна ўсё, а бяспека асобна ўзятага грамадзяніна нічога не вартая?

Ніхто не хоча быць патрыётам катаргі або калоніі. Такім чынам, мір, спакой і незалежнасць наўпрост залежаць ад змены стаўлення дзяржавы да сваіх грамадзян, згортвання і карэкціроўкі працы сілавых органаў, скарачэння чыноўніцкага апарату. Разгойдваць лодку яе пасажыры могуць толькі ў адным выпадку: калі гэта галера і яе крушэнне — адзіны шлях спыніць пакуты. Можа пра гэта зараз і варта задумацца таму, хто ў руля?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: