Ганна Канапацкая: Беларускія ўлады хочуць толькі вярнуць статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ

Беларускія ўлады хочуць толькі вярнуць статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, а не зрабіць Беларусь членам Савета Еўропы.

Ганна Канапацкая, Sputnik


Пра гэта заявіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу член Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, выступаючы 24 студзеня на слуханнях па сітуацыі ў Беларусі ў палітычным камітэце ПАСЕ ў Страсбургу.

"Цяпер, калі ўлады спрабуюць нармалізаваць адносіны з Еўрасаюзам, яны гатовыя супрацоўнічаць і з Саветам Еўропы, і ПАСЕ. Яны хочуць атрымаць статус спецыяльнага запрошанага — гэта іх галоўная мэта, а не стаць членам Савета Еўропы. Стратэгія апазіцыі іншая: апазіцыя цалкам падтрымлівае адмену смяротнага пакарання. Мы хочам ратыфікаваць канвенцыю аб правах чалавека. Хочам вяртання сумленных выбараў і выканання Беларуссю ўзятых на сябе абавязацельстваў", — сказала Канапацкая.

Паводле яе слоў, Аб'яднаная грамадзянская партыя і правацэнтрысцкая кааліцыя Беларусі ўпэўненыя ў тым, што для наступлення ў краіне пераменаў самым важным з'яўляецца правядзенне выбараў згодна са стандартамі АБСЕ. "Мы падрыхтавалі змены ў выбарчае заканадаўства і зробім усё, каб яны былі прынятыя", — сказала Канапацкая.

"Вядома, шкада, што мы страцілі 20 гадоў, аднак лепш позна, чым ніколі. Мы павінны ўступіць у Савет Еўропы", — падкрэсліла дэпутат.

Дыскусія па Беларусі праходзіць у межах зімовай сесіі ПАСЕ, якая адкрылася ў Страсбургу 23 студзеня. Для ўдзелу ў слуханнях ПАСЕ запрасіла двух дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Як паведаміў 20 студзеня "Радыё Свабода" старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі, гэта былі не персанальныя запрашэнні. Рашэнне аб тым, хто паедзе ў Страсбург, прымалася на пасяджэнні савета палаты. "Спыніліся на двух кандыдатурах. Першая — гэта Андрэй Навумовіч, ён кіраўнік рабочай групы Палаты прадстаўнікоў па пытаннях смяротнага пакарання. Мы думаем, што гэтая праблема будзе адной з самых галоўных падчас дыскусіі, таму вырашылі накіраваць чалавека, які лепш за ўсіх валодае тэмай. Другая — дэпутат Ганна Канапацкая. Чаму менавіта яна? Таму што яе погляды на многія рэчы, скажам так, у пэўнай ступені адрозніваюцца ад поглядаў іншых дэпутатаў. Няхай еўрадэпутаты пачуюць розныя меркаванні", — сказаў Варанецкі.

Беларусь — адзіная еўрапейская дзяржава, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ, але быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму 1996 года, які захаваў смяротнае пакаранне. Наяўнасць смяротнага пакарання з'яўляецца галоўнай прычынай, з-за якой Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-01-24 15:39:56
Ёсць не горшая, а, магчыма, нават лепшая ідэя, чым уступленне ў Савет Еўропы: саюз Беларусі, Літвы і Украіны ў рамках Вялікага княства. http://belisrael.info/?p=9261
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: