Ганну Красуліну высылаюць з Беларусі «ў інтарэсах грамадскага парадку»

Падчас прэс-канфэрэнцыі 14 лістапада Ганна Красуліна паведаміла, што даведалася пра высылку 13 лістапада ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна Мінска. Там ёй негалосна паведамілі, што рашэнне аб яе дэпартацыі прынята «на загад зверху», перадае Радыё Свабода.
Мікалай Казлоў, Ганна Красуліна, Анатоль Лябедзька падчас прэс-канферэнцыі

Мікалай Казлоў, Ганна Красуліна, Анатоль Лябедзька падчас прэс-канферэнцыі

Ва УУС Маскоўскага раёна, куды Красуліну скіравалі пасля, ёй зачыталі дакумент, паводле якога «2.11.2018 на адрас Маскоўскага РУУС паступіла паведамленне за нумарам 916 ДСП».

Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў, якія прыводзяцца ў дакуменце, прычынай для дэпартацыі сталі адміністрацыйныя правапарушэнні:

— 2016 год — дазволены пікет па збору подпісаў падчас выбарчай кампаніі;

— 2017 год — несанкцыяванае масавае мерапрыемства, калі Красуліна сустракала з ізалятару затрыманых пасля Дня Волі-2017 года. Штраф за «несанкцыяваную акцыю» Красуліна сплаціла своечасова;

— Сакавік 2018 — сплачаны на месце штраф за неаплачаны праезд у грамадскім транспарце.

«Указаныя абставіны ў адпаведнасці з ч. 1 артыкула 65 Закона «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» ёсць падставай для прыняцця ў адносінах да Красулінай рашэння пра высылку «у інтарэсах грамадскага парадку», — гаварылася ў лісце, зачытаным Красулінай.

Красуліна абавязана з'ехаць з Беларусі да 30 лістапада. Тэрмін высылкі: 1 год. Паводле Красулінай, у аддзеле грамадзянства і міграцыі ёй сказалі, што могуць скараціць высылку да 3-х месяцаў, калі прэс-сакратарка не будзе абскаржваць рашэнне.

У АГП сцвярджаюць, што матывы рашэння палітычныя.

Красуліна заявіла, што будзе абскарджваць рашэнне міграцыйнай службе ў судзе.

Хто такая Красуліна?


Ганна Красуліна працуе прэсавай сакратаркай АГП з 2011 года. Падчас выбарчай кампані 2006 года распрацоўвала інфармацыйныя матэрыялы для кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча, у 2010 годзе — для Яраслава Раманчука.

Красуліна нарадзілася ў Расіі і мае расійскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.

«Усе сувязі з Расіяй для мяне амаль абарваліся», — сказала Красуліна.

Красуліна мае пасведчанне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 года.

Каго яшчэ дэпартавалі з Беларусі?


У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газеты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бяспецы краіны.

У 2014 годзе ўлады пазбавілі віда на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову (яна грамадзянка Расіі, жыве ў Беларусі 30 гадоў, з маленства). Афіцыйная падстава — штрафы за перавышэнне хуткасці. Праваабарончая супольнасць лічыць высылку Алены Танкачовай помстай за яе прафесійную дзейнасць. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі.

Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі з Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі закрылі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны без права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м з Беларусі дэпартавалі журналістаў расійскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зніклых апазыцыянераў.

У 2006-м дэпартавалі расійскага палітолага Андрэя Суздальцава.

13 снежня 2005 года карэспандэнтцы Польскага тэлебачання Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Рамашэўскую, калі яна прыляцела ў Менск, не выпусцілі з аэрапорту і адправілі авіярэйсам у Варшаву, нягледзячы на тое, што яна мела дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У чэрвені 2004-га за парушэнне «правілаў знаходжання замежных грамадзян» дэпартавалі ва Украіну на 5 гадоў намесніка рэдактара газеты «Время» Міхаіла Падаляка.

Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!