Гары Паганяйла: Па ўзроўні гвалту ўлады Беларусі пераўзышлі Германію 1933 года ў два разы

«Тыя зверствы і гвалт, якія дэманструе цяперашняя ўлада ў Беларусі, проста жудасныя і супастаўныя толькі з фашысцкім рэжымам у Германіі 1930-х гадоў», — заявіў кіраўнік юрыдычнай камісіі праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (БХК) Гары Паганяйла, выступаючы 16 кастрычніка ў Еўрапарламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі, паведамляе «Радыё Рацыя».



Згодна з ацэнкай Гары Паганяйлы, па ўзроўні гвалту ўлады Беларусі сёння «перавысілі Германію 1933 года ў два разы».

«Улада разарвала дамову паміж грамадствам і дзяржавай, яна не забяспечвае захаванне правоў грамадзян, але пры гэтым дадзеная поўная свабода сілавым структурам. У спробах утрымаць уладу ўрад ідзе на самыя жорсткія і злачынныя метады барацьбы з іншадумствам», — канстатаваў Паганяйла.

Праваабаронца нагадаў, што па-ранейшаму не распачата ніводнай справы па фактах прымянення гвалту супрацоўнікамі сілавых структур да ўдзельнікаў дэманстрацый, у той час як у дачыненні да пратэстоўцаў адкрыта ўжо 400 крымінальных спраў. «Гэта проста не паддаецца ніякаму асэнсаванню, — падкрэсліў Паганяйла. — У гэтай сітуацыі мы вымушаныя прасіць Еўрапарламент і ўсе структуры Еўрасаюза прадумаць і прыняць адпаведную пастанову аб пошуку і прымяненні юрыдычных інструментаў, якімі мы маглі б скарыстацца, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці як індывідуальна супрацоўнікаў сілавых структур, так і арганізацыі».

Прадстаўнік БХК растлумачыў, што гаворка ідзе пра магчымасць «выкарыстання ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі». «Гэты інструмент закладзены ў многіх крымінальных і крымінальна-працэсуальных кодэкса краін Еўропы, ЗША, Канады і іншых цывілізаваных краін, якія падтрымліваюць барацьбу са злачынствамі супраць чалавецтва, — сказаў ён. — Пры наяўнасці палітычнай волі, пры наяўнасці жадання ў структур, да якіх мы сёння апелюем, стварыць адпаведныя каардынацыйныя цэнтры для юрыстаў тых краін, дзе можна прымяніць універсальную крымінальную юрысдыкцыю, каб яна пачала дзейнічаць».

У якасці прыкладу Паганяйла адзначыў, што сёння прыблізна 200 беларускіх грамадзян, у тым ліку пацярпелыя ад жорсткасці і гвалту сілавікоў, знаходзяцца ў Літве, Польшчы, Украіне.

«Украіна распачала адну з такіх спраў, Польшча і Літва таксама прадумваюць варыянты, — адзначыў праваабаронца. — Нам бы хацелася, каб гэтая праца прасоўвалася хутчэй, каб мы мелі сур’ёзны інструмент для барацьбы з беспакаранасцю беларускіх уладаў».

«Што гэта дасць? Калі мы здолеем распачаць справы, па якіх будуць выдадзеныя ордэры на арышт і перададзеныя Інтэрполу, то гэта хоць у нейкай ступені можа пацягнуць змену сітуацыі ўнутры Беларусі, — удакладніў праваабаронца. — Многія з сілавога блока зразумеюць, што беспакаранасць заканчваецца, што рана ці позна яны паўстануць перад судом і атрымаюць пакаранне. Вядома, я разумею, што патрэбныя арганізацыйныя і матэрыяльныя намаганні, але гэта таго вартае».

Сённяшнія слуханні ў Еўрапарламенце арганізаваныя камітэтам ЕП па замежных справах і падкамітэтам па правах чалавека сумесна з дэлегацыяй па сувязях з Беларуссю і Парламенцкай асамблеяй Усходняга партнёрства (Еўранест).


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: