«Гавары праўду» падтрымала Бабарыку і Ціханоўскага і запатрабавала ад уладаў спыніць рэпрэсіі

Грамадскае аб’яднанне «Гавары праўду», старшыня якога Андрэй Дзмітрыеў балатуецца ў прэзідэнты, выступіла з адкрытай заявай, у якой рэзка асудзіла дзеянні ўладаў у дачыненні да апанентаў у ходзе перадвыбарнай кампаніі, паведамляе Радыё Свабода.
Заяву прынялі на рэспубліканскай радзе «Гавары праўду». Адкрыты зварот да Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства інфармацыі і Цэнтральнай Выбарчай камісіі Беларусі апублікавалі ў сацыяльных сетках.

У ім гаворыцца, што ўмовы, у якіх прайшоў перш этап выбарчай кампаніі, «ня маюць нічога агульнага з такімі паняццямі, як дэмакратыя і правы чалавека».

«Кампанія стала беспрэцэдэнтнай па колькасці запалохванняў, публічных абразаў, ціску па месцы працы і вучобы, затрыманняў, арыштаў, штрафаў, ператрусаў і канфіскацыяў у дачыненні да людзей, якія выкарыстоўваюць свае законныя правы на грамадзянскі і палітычны ўдзел у жыцці грамадства, свабоду выбару і сходаў, замацаваныя канстытуцыяй», – гаворыцца ў звароце.

«Гавары праўду» выказвае салідарнасць з затрыманымі Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыкам, Паўлам Севярынцам і «ўсімі, хто трапіў пад каток палітычных рэпрэсій», і патрабуе спыніць «абсалютна непрымальны» пераслед і ціск на прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду, сябраў іх ініцыятыўных груп, іх сваякоў і калегаў, іншых грамадзян Беларусі, якія так ці інакш удзельнічаюць у выбарчым працэсе.

Калі праваахоўныя органы Беларусі караюць грамадзян за палітычныя перакананні, гэта ня толькі стварае напружанне ў беларускім грамадстве, але і шкодзіць іміджу краіны ў міжнародным маштабе, адзначаюць у «Гавары праўду».

Прэзідэнцкія выбары – 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі суверэннай Беларусі выбары прэзідэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандр Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзідэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзідэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч збіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасць збіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусцілі да збору подпісаў – зарэгістравалі толькі групу Ўладзіміра Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакументы. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Святлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасці затрымання за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 траўня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сцвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненне патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандр Лукашэнка расказаў пра акалічнасці «справы «Белгазпрамбанку».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: