«Гавары праўду» пазмагаецца за «стандарт справядлівасці»

Пра шанцы на перамогу сваіх прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат у арганізацыі не гавораць. Але «Гавары праўду» сваёй мэтай на парламенцкіх выбарах вызначыла змаганне за «адзіны стандарт справядлівасці».


«У Беларусі ёсць усё, каб жыць годна ўжо сёння: працавіты народ, цудоўнае геаграфічнае размяшчэнне, мір. Але мы так не жывём. На кожным кроку беларус сутыкаецца з падвойнымі стандартамі. Адны атрымаўваюць усе прывілеі, іншыя працуюць, каб усё гэта аплаціць. Для адных спецбальніца, для іншых — чэргі за талонам да ўрача. Адным дарогу рамантуюць па чатыры разы ў год, іншым прапануюць скідвацца на паколаты асфальт. У адных забяспечаная работа, іншыя вымушаны ехаць за мяжу, каб пракарміць сям'ю. Адны гарантавана атрымоўваюць пенсіі, іншыя могуць іх і не дачакацца. Справядлівасць у Беларусі нібыта прывід: пра яе шмат гавораць, але бачаць толькі выбраныя», — заявіў сёння на прэс-канферэнцыі сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

На парламенцкіх выбарах арганізацыя плануе вылучыць 40 кандыдатаў, кожны з якіх «вызначыць сваю тэму і на канкрэтным прыкладзе будзе дамагацца адзінага стандарту справядлівасці для грамадзян у сваёй акрузе». Напрыклад, адкрыцця аўтобуснага маршруту, стварэння ўмоў для развіцця бізнесу, захавання правоў выпускнікоў. У выпадку, калі кандыдат будзе абраны дэпутатам, ён і ў Палаце прадстаўнікоў будзе «патрабаваць справядлівасці для ўсіх».


Аднак патрапіць у Палату прадстаўнікоў кандыдатам наўрад ці атрымаецца. Гэта павінны разумець і ў арганізацыі, хаця пакуль і лічаць лепшым «не гадаць на кававай гушчы». Дарэчы, першы этап выбарчай кампаніі — фармаванне тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій — прынёс нулявыя паказчыкі эфектыўнасці. Ніводны з 36 вылучэнцаў кампаніі ў іх уключаны не быў.

Дарэчы, на мінулых парламенцкіх выбарах «ГП» вылучала кандыдатамі 25 чалавек, ніводны з якіх не стаў дэпутатам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!