Генпракуратура выступіла супраць законапраекта пра мараторый на смяротнае пакаранне

Генеральная пракуратура Беларусі выступіла катэгарычна супраць законапраекта пра мараторый на смяротнае пакаранне, які планавала унесці ў парламент дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
У верасні Алена Анісім накіроўвала дадзены законапраект і яго абгрунтаванне для азнаямлення ў Вярхоўны суд, Генеральную пракуратуру, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Савет бяспекі, Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў і грамадскае аб’яднанне «Беларуская рада юрыстаў».

На мінулым тыдні яна атрымала адказы з пяці дзяржорганаў і грамадскіх структур, якія паставіліся да прапановы «пераважна нейтральна», і збіралася ўнесці законапраект у Палату прадстаўнікоў да 1 лістапада.

«Але днямі прыйшоў апошні адказ — з Генеральнай пракуратуры, — сказала Анісім. — Там выступілі катэгарычна супраць гэтага законапраекта. Таму мне трэба будзе падумаць, як усё гэта абыграць, як падаваць законапраект. Думаю, што буду падаваць яго пасля вялікіх выходных », паведамляе БелаПАН.

Такім чынам, цяпер дэпутат плануе ўнесці праект закона аб мараторыі на смяротнае пакаранне ў парламент пасля 10 лістапада.

Як паведамлялі Naviny.by, законапраект «Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары» змяшчае два артыкулы. У адной гаворыцца аб прыпыненні дзеяння арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса аб выкананні смяротных прысудаў да моманту, пакуль гэтая мера пакарання не будзе цалкам скасаваная. Іншы артыкул прадугледжвае накіраванне асобаў, у дачыненні да якіх вынесены смяротны прысуд, у папраўчыя калоніі, дзе іх павінны ўтрымліваць у тых жа ўмовах, што і асуджаных да пажыццёвага зняволення.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Паводле звестак праваабаронцаў, у гэтым годзе ў краіне пакаралі смерцю двух чалавек.

Паводле naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!