«Гэта не крызіс адносінаў з Захадам. Гэта — аблом»

На сёння ніякага дыялогу Беларусі з Захадам няма. І заслуга ў гэтым цалкам належыць беларускаму боку.



Пра гэта падчас VІ канферэнцыі памяці генерала Кіпрыяна Кандратовіча, арганізаванай аналітычным праектам Belarus Security Blog, распавёў палітолаг, супрацоўнік Варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі, паведамляе thinktanks.by 

Імкненне да дыялогу 

Паводле слоў Каміля Клысінскага, на Захадзе ведалі пра незадаволенасць беларускіх грамадзян той сітуацыяй, якая склалася у краіне, і не выключалі, што выбары могуць прайсці неспакойна.

«Але ніхто не чакаў такога жорсткага ходу падзей. Што будуць такія дэманстрацыі і такое іх падаўленне. Такое жорсткае падаўленне і такое жорсткае стаўленне да затрыманых. Гэта — вялікая нечаканасць, што ўсё ідзе ў такім кірунку і ў такім маштабе. Аднак, нягледзячы на такі ход падзей, у першыя дні пасля выбараў Захад гатовы быў захаваць дыялог з беларускімі ўладамі. Ужо ў іншым фармаце, вядома, не такім аптымістычным, калі тут наогул можна ўжываць такое слова», — распавёў Каміль Клысінскі.

Паводле яго, былі спробы тэлефанаванняў Лукашэнку. Найбольш вядомая спроба патэлефанаваць яму — Ангелы Меркель, але Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад зносін.

Чаму ж Захад, нягледзячы на падзеі ў Беларусі, нягледзячы на катаванні людзей, імкнуўся стаць пасярэднікам у перамовах з беларускай уладай?

Паводле Каміля Клысінскага, Захад ужо вельмі шмат уклаў у адносіны з Беларуссю, у развіццё дыялогу — і гэтыя намаганні шкада было губляць.

Акрамя таго, на Захадзе добра памяталі падзеі 2010 года і перыяд санкцыі, якія прыйшлі за імі. Такога развіцця падзей таксама хацелася б пазбегнуць. Хацелася знайсці кампраміс, каб зноў не прыйсці да стагнацыі адносін.

Таксама на Захадзе лічылі, што Лукашэнка не пойдзе на абвастрэнне адносін.

«Але паколькі Аляксандр Лукашэнка працягнутую руку Захаду адкінуў — і тым больш, пайшоў у атаку, абвінавачваючы краіны Захаду, у тым ліку Польшчу і Літву, у тым, што мы рыхтуем узброены напад на мірную Беларусь, пагражаем нашымі танкамі, самалётамі, вядома, пад заступніцтвам ЗША, (нічога самі не можам зрабіць, гэта я кажу з іроніяй), — такая рэакцыя паказала, што ніякіх магчымасцяў дамовіцца не існуе», — рэзюмаваў палітолаг.

Ён нагадаў, што пасля «не зусім ардынарнай» паўтаемнай інаўгурацыі, большасць краін ЕС вырашыла не прызнаваць Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі.

«Непрызнанне Лукашэнкі — гэта адказ Захаду наконт таго, што дыялог немагчымы», — сказаў Клысінскі. Паводле яго слоў, іншага выбару ў Захаду не было.

 

Што далей?

Польскі палітолаг лічыць, што цяпер Захад у адносінах з Беларуссю трапляе ў вельмі складаную сітуацыю. З аднаго боку, ён не прызнае Лукашэнку. Але што рабіць тады з пасламі? Адклікаць — значыць панізіць узровень адносін.

«Тут будзе шмат пытанняў», — лічыць Каміль Клысінскі.

Ён таксама задаўся пытаннем з нагоды статусу Святланы Ціханоўскай. «Калі мы прызнаем яе прэзідэнтам Беларусі, то, значыць, мы прызнаем легальнасць выбараў», — адзначыў палітолаг.

Аднак, паводле яго слоў, нягледзячы на гэтую дылему, Беларусь і краіны Захаду чакае астуджэнне адносін. Пры гэтым будзе назірацца рост падтрымкі НДА і незалежных СМІ.

 

Што Беларусь страціла?

Каміль Клысінскі, калі гаварыў аб дэфолце беларускай знешняй палітыкі, прызнаў: «Гэта не крызіс адносінаў з Захадам. Гэта — аблом».

Пры гэтым палітолаг назваў тры асноўныя страты Беларусі ад такога згортвання стасункаў.

1.      Беларусь страціла знешнюю палітыку на заходнім напрамку, у тым ліку магчымасць выконваць ролю гаранта стабільнасці ў рэгіёне і праводзіць канферэнцыі «Мінскага дыялогу», бо ніякага дыялогу няма.

2.      Беларусь страціла поле для манеўру ў замежнай палітыцы.

3.      Беларусь страціла свой імідж і давер інвестараў.

Гэтыя страты, можа быць, цяпер не заўважаюцца беларускімі ўладамі, але будуць мець вялікія наступствы для беларусаў. 

Аляксандр Дауцін, Thinktanks.by

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: