Гэта салодкае слова: «праймерыз»

Тое, што апазіцыя (прынамсі, частка яе) ужо зараз пачала падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў — безумоўна, факт станоўчы. Але тое, што яна пакуль не здолела выпрацаваць нейкіх новых стратэгій і механізмаў, — насцярожвае.

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 14 красавіка, пасля пасяджэння палітрады партыі, паведаміў БелаПАН, што правацэнтрысцкая кааліцыя (куды ўваходзяць АГП, Рух «За Свабоду» і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя») плануе вылучыць на наступных прэзідэнцкіх выбарах адзінага кандыдата. Праўда, калі адбудуцца тыя выбары, пакуль не вядома: улады яшчэ разважаюць наконт графіку выбарчай кампаніі. Але, як «вангуе» Лябедзька, датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў не будзе. Паводле яго меркавання, у 2019 годзе пройдзе парламенцкая кампанія, а ў 2020-м — прэзідэнцкія выбары.

Тым не менш, да любога сцэнару трэба быць гатовым. Вызначэнне свайго кандыдата ў прэзідэнты бліжэйшым часам — безумоўна, мэта слушная. Калі з гэтай асобай вызначыцца хаця б да канца 2018-га, спатрэбіцца менш часу на «раскрутку», на стварэнне ініцыятыўных груп па зборы подпісаў і гэтак далей. Карацей, не трэба будзе «раскачваць» свае структуры, каб яны ўліліся ў працу.

А вось што тычыцца метаду, якім плануюць вызначыць таго самага адзінага правацэнтрысцкага кандыдата, — ён выклікае шмат сумневаў.

Лябедзька кажа пра праймерыз — то бок, правядзенне гэткага «папярэдняга галасавання» насельніцтва з мэтай абраць найбольш папулярную ў народзе кандыдатуру. «Мы гэтую працэдуру праводзілі ў 2009 годзе. Хочам у рамках правацэнтрыстаў абмеркаваць правядзенне праймерыз, а затым і магчымасць удзелу ў гэтай працэдуры прадстаўнікоў іншых структур», — сказаў Лябедзька.

Сапраўды, была нават не адна, а дзве спробы правесці праймерыз. Першая — у 2009 годзе, але тут партыйны лідар крыху пакрывіў душой. Тады апазіцыя толькі выпрацоўвала працэдуру гэтага дзейства, і павінна была яе ратыфікаваць ды зацвердзіць. Аднак да ратыфікацыі, праз унутрыапазіцыйныя спрэчкі, справа так і не дайшла. Адпаведна, фізічнага ўвасаблення гэты праймерыз не меў, і мы атрымалі замест «адзінага» дзясятак дэмакратычных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.

Другая спроба правесці праймерыз мела месца ў 2014 годзе. Тады, падаецца, усё было вырашана слушна. Падрыхтаваны «пілотны горад» — Бабруйск, галасаванне павінна было адбыцца падчас мясцовых выбараў: наконт найбольш сімпатычнага кандыдата ад апазіцыі павінны былі выказвацца людзі, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Нібыта можна было прагаласаваць поштай (ад ідэі інтэрнэт-галасавання — верагодна «накрутачнага» — адмовіліся). Але і тут не атрымалася. Як казаў тады намеснік Лябедзькі Леў Марголін, у Бабруйску здарыўся «вельмі інтэнсіўны «наезд» на мясцовых актывістаў з боку КДБ, іх папярэдзілі пра ўсе магчымыя наступствы», і «па Бабруйску мы прынялі рашэнне, што лепш людзей не падстаўляць».

Будзем шчырымі: з таго часу ў палітычнай сістэме Беларусі нічога не змянілася. І рэпрэсіўны апарат працуе як мае быць. КДБ і іншыя сілавыя структуры заўсёды гатовыя ў чарговы раз «наехаць» на мясцовых актывістаў. Прычым, гатовыя больш, чым калісьці — ва ўмовах перманентнага «скарачэння штатаў» ім жыццёва неабходна даказваць сваю патрэбнасць. Апазіцыя знаходзіцца ў тым жа стане раздробленасці (калі не ў горшым), і абраць сапраўды «адзінага» ў іх наўрад ці атрымаецца. Нікуды не падзеўся і арганізацыйна-рэсурсны крызіс.

У 2009 годзе ўжо нябожчык, палітолаг Віталь Сіліцкі казаў, што правядзенне праймерыз у краіне малаверагодна: «Беларускія партыі проста не валодаюць інфраструктурай для гэтага». На жаль, з тых часоў нічога не змянілася.

Увогуле, усе сумневы наконт мажлівасці праймерыз ад 2009 і 2014 гадоў нікуды не зніклі і цяпер: што ў папярэднім галасаванні будзе прымаць удзел толькі палітызаваная праслойка грамадства (дый тое не ўся). Што ў выніку абяруць не найбольш моцную фігуру, а найбольш актыўную структуру, якая здолела мабілізаваць на апытанку сваіх прыхільнікаў. Што на выхадзе можа атрымацца «драўляны» кандыдат, які задаволіць партыйных лідараў і актыў, але не будзе ўспрыняты народам. Адсутнасць гарантый, што на «адзінага» будуць працаваць прайграўшыя, — і далей, далей, далей.

Больш за тое, як паказалі нядаўнія мясцовыя выбары, нічога не змянілася (і не збіраецца змяняцца) у выбарчай сістэме краіны. Які сэнс у праймерыз, калі выбары праходзяць з прадвызначаным вынікам?

Ці не стануць у такіх варунках праймерыз марнаваннем грошай і рэсурсаў?

Але цікава, што ідэя «перадгаласавання» бударажыць розумы не толькі правых. На з’ездзе БСДП (Грамада) прысутны госць — намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук — таксама агучыў ідэю вылучэння адзінага левага кандыдата ў прэзідэнты. І таксама праз праймерыз, у якіх удзельнічалі б прадстаўнікі «Зялёных», БСДП (Грамада), Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», прафсаюзаў.

Два праймерыз на адну краіну — ці не занадта?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-04-24 12:19:05
Уявіце сабе. што недзе ў невялічкім беларускім горадзе Энску сабраліся некалькі чалавек недалёка ад рэдакцыі тутэйшага СМІ і ля тых грамадзян, хто за сталом гуляе ў даміно, ды вырашаюць каго з майстраў даміно прызначыць ад гэтай суполкі беларускіх грамадзян на выбары кіраўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў горадзе-героі Мінску, пры гэтым у Энску такая партыя нават не значыцца, бо нават няма яе паплечнікаў у Энску. Ўявілі? Вось тое ж самае мы чытаем у гэтым артыкуле пра разважанні сп.Лябедзькі і кампашкі яго сяброў па так званай апазіцыі існай уладзе пра іх удзел ў маючых адбыцца выбарах на пасаду кіраўніка Беларусі і беларускай ўлады. Сто тысяч подпісаў выбаршчыкаў навучыся збіраць, цёзка, а потым пра пасаду прзідэнта пачынай марыць і разважаць.