«Гэта стварэнне мафіі». У Генпракуратуры адказалі, што зробяць з заявай Пазьняка, Беленькага і Папкова на Лукашэнку

Мінуў тыдзень, як у Генпракуратуру Беларусі была адпраўленая заява з патрабаваннем завесці крымінальную справу на Аляксандра Лукашэнку. Заяву накіравалі палітыкі, былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету Зянон Пазьняк, Юрась Беленькі і Сяргей Папкоў. Іх абурылі словы кіраўніка дзяржавы пра існаванне кадравага рэзерву кіраўніка дзяржавы з 850 чалавек, на якіх не распаўсюджваюцца законы краіны, нагадвае Радыё Свабода.
«Без дазволу прэзідэнта іх нельга затрымліваць, арыштоўваць. Гэта неабходна дзеля таго, каб яны маглі дзейнічаць самастойна», — сказаў пра свой рэзерв Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з навучэнцамі Акадэміі кіравання, якая адбылася 18 кастрычніка.

З гэтай нагоды Зянон Пазьняк, Юрась Беленькі і Сяргей Папкоў запатрабавалі ад Генпракуратуры завесці крымінальную справу па прыкмеце парушэння Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі Беларусі і закону аб прэзідэнце. Як у пракуратуры краіны намераныя рэагаваць на заяву апазіцыйных палітыкаў?

Паводле кіраўніцы аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Анжалікі Курчак, ці будзе заведзеная крымінальная справа на Аляксандра Лукашэнку, ёй невядома, але заява будзе разгледжаная і на яе будзе дадзены адказ «у вызначаны законам тэрмін».

Супрацоўніца Генпракуратуры патлумачыла, калі гэта можа адбыцца.

«Калі не патрэбна дадатковая праверка, дык цягам двух тыдняў. Калі патрэбна такая праверка, дык зойме месяц. Прадугледжаны і такі алгарытм, што калі заява паступіла не паводле кампетэнцыі пракуратуры, дык яе могуць адправіць у іншую ўстанову. Пачакаем, які вынік дасць праверка», — сказала Анжаліка Курчак карэспандэнту Свабоды.

«Як адкажа пракуратура, гэта яе справа, а мы мусілі гэта зрабіць як грамадзяне і як палітыкі, якія дамагліся незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе, а цяпер гэтая незалежнасць як ніколі пад пагрозай. Што такое кадравы рэзерв, пра які публічна заявіў Лукашэнка? Гэта стварэнне мафіі, якая нікому, акрамя яго, не падпарадкоўваецца.

Цяпер людзі з гэтага рэзерву ў Маскве вядуць сакрэтныя перамовы пра „далейшую інтэграцыю“ з Расіяй, а грамадства пра гэта нічога не ведае. Можа, яны займаюцца незаконнай дзейнасцю, прадаюць незалежнасць краіны, а іх за гэта немагчыма прыцягнуць да адказнасці, бо ў іх імунітэт, які ім дараваў Лукашэнка. На якой падставе? Мы бачым, што ён парушыў закон аб прэзідэнце, які не дае яму паўнамоцтваў выводзіць кагосці за межы закону. Таксама па факце парушаная Канстытуцыя, якая дэкларуе роўнасць усіх перад законам, а тут ёсць нейкія 850 чалавек, якім могуць дараваць што заўгодна. Вось на гэтых фактах мы і грунтавалі сваю заяву ў пракуратуру», — сказаў Сяргей Папкоў.

Сяргей Папкоў дадаў, што аналагічная заява 24 кастрычніка была адпраўленая ў Следчы камітэт Беларусі.

Атрымаць каментар ад СК пакуль не ўдалося.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: