«Гэта шлях да глабальнага канфлікту!» Рух «Разам» заклікае актыўна супраціўляцца інтэграцыі

Адпаведную заяву прынялі сябры Сойма Руху Салідарнасці «Разам».
Сябры Сойма

Сябры Сойма

12 кастрычніка адбылося паседжанне Сойма Руху Салідарнасці «Разам» у Гродне. Вадзім Александровіч, Дзяніс Івашын і Ігар Лялькоў выступілі на паседжанні па пытанню пагрозы незалежнасці Беларусі з боку РФ.

Вадзім Александровіч падняў пытанне моўнага імперыялізму як аднаго са складнікаў расійскай палітыкі і правёў параўнаўчы аналіз моўнага становішча паняволеных народаў РФ і той пагрозы поўнай асіміляцыі, якая пагражае беларусам у выніку так званых інтэграцыйных працэсаў. Была адзначана важнасць супрацы з нацыянальнымі рухамі паняволеных народаў Расеі.

Дзяніс Івашын выступіў з аналізам ключавых кампанентаў гібрыднай агрэсіі РФ супраць Беларусі, акцэнтаваўшы ўвагу на ўзмацненні эканамічнага, палітычнага, інфармацыйнага і гуманітарнага ўздзеяння. Асобна зазначыў пра сапраўдныя мэты і задачы паўнамасштабнага разгортвання т.зв. “Союзного государства”, якія палягаюць у рэалізацыі неаімперскага курсу Расіі.

Ігар Лялькоў даў грунтоўны аналіз палітычнай актыўнасці прарасійскіх структураў падчас т.зв. “выбарчай кампаніі” 2019 г. у Беларусі, пазначыўшы іх асноўныя напрамкі дзейнасці: барацьба з беларусізацыяй і падтрымка інтэграцыі Беларусі з РФ пад левапапулістычнымі лозунгамі.

Сойм прыняў заяву «НЕ — саюзам з Расеяй!»

«Мы лічым спробы пуцінскага і лукашэнкаўскага рэжымаў правесці “паглыбленне інтэграцыі” смяротнай пагрозай для Беларусі і беларускай нацыі. Гэта можа прывесці не толькі да дэстабілізацыі сітуацыі ў нашай краіне, але і да глабальнага канфлікту ў Еўропе. Мы звяртаем увагу на адсутнасць дакладнай інфармацыі па выніках перамоваў між Мінскам і Масквой, але, нават тое, што ёсць ужо ў СМІ, прымушае нас выказаць свой пратэст пуцінскім планам адносна Беларусі. Для нас непрымальныя саюз з Расеяй, якая і сёння удзельнічае ў войнах ва Украіне, Сірыі і іншых краінах, ды знаходзяцца пад санкцыямі краінаў Захаду. Мы заклікаем беларусаў і прыяцеляў Беларусі да актыўнага супраціву імперскім планам Крамля», — гаворыцца ў заяве.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: