Хочацца, ды не даскочыцца

Жаданне кіраўніка Беларусі выправіць ва Украіну корпус міратворцаў — хутчэй, толькі словы

Фота www.facenews.ua

Ці не ўпершыню ў выбарчай кампаніі Аляксандр Лукашэнка быў на другіх ролях. На яго звярталі ўвагі значна менш, чым на старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну. Што і дазволіла беларускаму кіраўніку выказаць пэўныя патаемныя (і не вельмі) жаданні.

Адно з такіх жаданняў — захаваць за сабою ролю міратворцы. Нягледзячы на тое, што беларускае кіраўніцтва любіць паўтараць: «Гэта не мы абралі нас як перамоўшчыкаў па канфлікце ва Украіне», такі статус прынёс нам багата выгодаў. І пажадана было б яго захаваць, калі не ўзмацніць.

Пасля галасавання на мясцовых выбарах Лукашэнка пракаментаваў нашы міратворчыя ініцыятывы. У прыватнасці, ён у чарговы раз заявіў пра магчымасць уводу ва Украіну беларускага міратворчага кантынгенту: «Я нават казаў абодвум прэзідэнтам, Парашэнку і Пуціну: вы не разлічвайце на тое, што я чыйсьці буду. Я буду дакладна выконваць тое, пра што вы, два прэзідэнты, дамовіцеся: стаць паміж — я стану, дамовіцеся ўвесці дзесяць тысяч узброеных сілаў Беларусі — мы паставім іх на мяжы, дзе вы скажаце».

«Сёння вярнуліся да палавіністага варыянту таго, што я прапаноўваў: давайце і беларусаў уключым (гэта NАТО прапануе), таму што ім нібыта давярае Расія», — дадаў кіраўнік краіны.

Дзіўна, але амаль адначасна з прамовамі беларускага правадыра на выбарчым участку ў Мінску, кіраўнік нашага МЗС Уладзімір Макей сустрэўся са спецпрадстаўніком Дзярждэпу ЗША па Украіне Куртам Волкерам у Германіі, падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Без падрабязнасцяў паведамляецца, што яны «абмеркавалі ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне». Але, калі ўлічыць, што напярэдадні з тым жа Волкерам сустракаўся прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і абмяркоўваў з ім (і з міністрам абароны ЗША Джэймсам Мэцісам) увядзенне на Данбас міратворцаў ААН, няцяжка здагадацца, пра што сакрэтнічалі Волкер і Макей.

Сапраўды, увод міратворцаў дзеля пагашэння канфлікту ў Данбасе зараз даволі актыўна абмяркоўваецца ўдзельнікамі перамоўнага працэсу. Але абодва бакі непакояцца, каб іх не «нажухалі». Масква настойвае, каб міратворцы былі на лініі фронту паміж ЛНР/ДНР і Украінай. Кіеў кажа, што трэба кантраляваць мяжу Украіны і Расіі, праз якую рэгулярна ідуць так званыя «гуманітарныя канвоі».

План прымянення на Данбасе міратворчага кантынгенту ААН у 20 тысяч вайскоўцаў і 4 тысячы паліцэйскіх прапанаваў былы генсек NATO (а зараз, што цікава, дарадца прэзідэнта Украіны) Андэрс Фог Расмусен. Суаўтар плана Рычард Гован, эксперт па справах ААН у Калумбійскім універсітэце, казаў, што «Гэтая дзейнасць (увод міратворцаў на Данбас. — аўт.) запатрабуе прыцягнення шэрагу еўрапейскіх краін, такіх, як Швецыя; краін, якія маюць досвед міратворчых аперацый, такіх, як Бразілія; і краін, якім давярае Расія, такіх, як Беларусь».

Відавочна, што высновы сусветных экспертаў — бальзам на душу Аляксандра Рыгоравіча. Але, на шчасце, Беларусь не ў стане выканаць пажаданні свайго кіраўніка. І наўрад ці будзе здольная зрабіць гэта ў агляднай будучыні.

Айчынны міністр абароны Андрэй Раўкоў, канешне ж, аддаў салют свайму галоўнакамандуючаму і заявіў, што Сінявокая гатовая накіраваць свае «блакітныя каскі» ў «гарачую кропку» ў адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам. Але пры гэтым у Беларусі падрыхтаваных міратворцаў — адна рота колькасцю ў сто чалавек. Што на два парадкі менш, чым казаў Лукашэнка.

Агульная колькасць беларускай арміі — каля 65 000 чалавек, з іх грамадзянскага персаналу — 14 500. Такім чынам, усяго ў краіне налічваецца каля 48 500 вайскоўцаў.

Наша армія — не прафесійная, не кантрактная. І наўрад ці ў «гарачую кропку» можна выправіць салдат тэрміновай службы. Хаця б таму, што, згодна з міжнароднымі нормамі, кожны жаўнер-міратворац павінен даць асабістую згоду на ўдзел у такой місіі. А пасля «справы Коржыча» да войска ў грамадстве вельмі вялікая ўвага. І, калі пасылаць жаўнераў на місію без іх згоды, беларусы адразу прыгадаюць Афганістан — акурат 15 лютага споўнілася 29 гадоў, як апошнія савецкія войскі пакінулі тую краіну.

У выпадку прыняцця валюнтарысцкага рашэння наконт выкарыстання ў якасці міратворцаў салдат тэрміновай службы, улада атрымае такую аддачу, што мінулагоднія «маршы недармаедаў» пададуцца кветачкамі.

Значыць, для размежавальнай місіі ў наяўнасці застаюцца толькі афіцэры і прапаршчыкі, якіх у беларускім войску разам усяго 21 350 (паводле дадзеных на 1 сакавіка 2016 года). Калі 10 тысяч з іх выслаць у суседнюю краіну міратворцамі — з чым застанецца ўласна Беларусь?

Аднамоманта знізіць абароназдольнасць краіны на 50% — ідэя, канешне, цікавая. Але наўрад ці разумная.

Таму пажаданні Лукашэнкі размежаваць ваюючыя ў Данбасе бакі беларусамі, хутчэй за ўсё, пажаданнямі і застануцца.

Адзінае, што цікава ў прамове Лукашэнкі, — фраза пра «мы паставім іх (беларускія войскі) на мяжы». Гэта даволі выразна бачна, якому варыянту размежавання — украінскаму ці расійскаму — аддаў бы перавагу беларускі кіраўнік, калі б ад яго нешта залежала.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць