Гомельскія апазіцыянеры заявілі, што не будуць здымацца з выбараў

Усе тры кандыдаты ў дэпутаты, якія балатуюцца па Цэнтральнай акрузе № 33 Гомеля — Юры Глушакоў (Беларуская партыя «Зялёныя»), Аляксандр Шарыпы (АГП) і Аляксандр Дзенісенка (БСДП (Г)) — не маюць намеру здымацца з выбараў. Пра гэта яны заявілі 30 жніўня на сумеснай сустрэчы з выбарнікамі.
Кандыдаты распавялі пра свае планы, адказалі на пытанні прысутных, да прыкладу, з якой мэтай яны балатуюцца ў парламент, які «нічога не вырашае», піша БелаПАН.

Па словах Аляксандра Шарыпава, ён ідзе туды «дзеля пераменаў у краіне». Палітык лічыць, што ў дэпутатаў шырокія паўнамоцтвы, вызначаныя законам, але «яны не карыстаюцца сваімі магчымасцямі».

«Я іду ў дэпутаты, каб данесці нашым уладам, што ў горадзе жывуць грамадзяне, якія ведаюць нарматыўныя акты і ўмеюць карыстацца сваімі правамі, а не проста насельніцтва», — падкрэсліў кандыдат.

Шарыпаў нагадаў пра лакальныя кампаніі супраць рэканструкцыі вуліцы Кірава, вырубкі дрэў у цэнтры горада, у якіх ён ўдзельнічаў.

Юрый Глушакоў у сваю чаргу адзначыў, што статус дэпутата надае дзеянням і меркаванням таго ці іншага палітыка «пэўную вагу», а выбарчая кампанія нават на этапе збору подпісаў, раздачы агітацыйных матэрыялаў падштурхоўвае грамадзян да усвядомленых рашэнняў, дапамагае самаарганізацыі.

«Таму што цяпер усё зводзіцца да таго, што чалавек меў інтарэсы па формуле «праца — гіпермаркет — зомба-скрыня» і не больш за тое», — заўважыў кандыдат.

На думку Аляксандра Дзенісенкі, цяпер «хутка развіваецца медыйная прастора». «Калі парламент не будзе чуць дэпутата — гэта пытанне ён зможа з дапамогай медыйнай прасторы данесці да больш шырокай масы людзей і атрымаць падтрымку, прымусіць парламент несці адказ за пэўныя дзеянні або бяздзейнасць», — лічыць кандыдат.

Шарыпаў лічыць, што «беларусы больш празаходнія, больш еўрапейскія». Ён заявіў, што выступае за ліберальны шлях развіцця эканомікі.

Глушакоў яго не падтрымаў, сцвярджаючы, што не вітае неаліберальныя рэцэпты ў эканоміцы. Ён назваў сябе сацыялістам, заявіўшы, што яго прыярытэты ў праграме — звядзенне да мінімуму беспрацоўя, праца прамысловасці, кантроль грамадства і «сацыяльная дзяржава, якая зараз у Беларусі дэмантуецца па патрабаваннях МВФ, і гэтыя тэндэнцыі будуць пагаршацца».

Палітык запэўніў выбарнікаў, што ў выпадку яго абрання «ультраправых тэндэнцый вітаць не будзе».

«Падзеі ва Украіне я лічу не рэвалюцыяй, а алігархічным пераваротам, які квітнеючую з пункту гледжання эканомікі краіну паставіў на мяжу катастрофы», — сказаў кандыдат.

Дзенісенка сцвярджае, што галоўная яго мэта ў выпадку абрання — павышэнне ўзроўню дабрабыту насельніцтва. «Мы, грамадзяне, — аснова дзяржавы, і трэба абапірацца на тое, што нам выгадна, і сябраваць з усімі суседзямі», — заявіў ён.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: