Хопіць пудрыць нам мазгі!

Дзе праўда? Расійскія каментатары кажуць, што Мінск прайграў і кіраўніка Сінявокай у чарговы раз нахілілі. Беларускія агучваюць адваротнае. Асабліва вылучыўся віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой. Маўляў, і газ мы будзем атрымліваць па «старым» кошце, і выбілі, нарэшце, з Расіі нафту па цане «не вышэй за сусветную».

Праўда, як заўсёды, у дэталях, з-за якіх словы Крутога выглядаюць як вешанне локшынаў на вушы даверлівым людзям. Але ў тым-та і справа, што беларусы ўжо даўно не «даверлівыя».

Напрыклад, дасягненне перамоўшчыкаў, што газ нам будуць пастаўляць па коштах мінулага года — 127 долараў за тысячу кубаметраў. Дык у тым уся і справа, што пра гэты кошт мы ведалі яшчэ да таго, калі мінулы год стаў мінулым. Пра гэта дамовіліся ўжо даўно — дык у чым тут дасягненне?

А калі нават і дасягненне, дык што з таго? Журналістка Святлана Калінкіна на тыдні прывяла цікавыя разлікі. 127 долараў за тысячу кубаметраў — гэта, па сярэднім курсе Нацбанка РБ за мінулы год, недзе 265 рублёў. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі атрымлівалі газ у мінулым годзе па цане 533,72 рубля за тысячу кубаметраў, або па 255 долараў «з хвосцікам». «Гэта значыць, удвая (!) даражэй», — зазначае яна.
Далей — болей. Бюджэтным арганізацыям і арганізацыям ЖКГ газ пастаўляўся па 529,15 рублёў за тысячу кубаметраў. Або па 253 долара.

Ёсць, піша Калінкіна, ільготнікі — вытворцы цэменту, цэглы, азотных угнаенняў, паперы, ільняных тканін і гэтак далей — тыя, каго дзяржава падтрымлівае. І толькі індустрыяльны парк «Вялікі Камень» на асаблівым рахунку, — таму што тарыф на газ для яго вызначаўся пад кантролем кітайскіх спецыялістаў, якія лічыць умеюць. Дык вось: «Вялікі Камень» атрымліваў газ па цане 334,16 рублёў за тысячу кубаметраў. Ці менш за 160 долараў. «Ці ёсць розніца: 255 долараў для ўсіх і 160 для кітайскіх сяброў?» — задаецца пытаннем журналістка.

Як зазначае Калінкіна, у спецтарыфе для «Вялікага Каменя» прысутнічае здаровы сэнс: 127 долараў каштуе сам газ і яго транспарціроўка на больш чым 3000 км да беларускай мяжы і 33 долара — дастаўка па Беларусі. Гэта ўжо неяк больш падобна на адэкватны кошт.

А мы з вамі, звычайныя спажыўцы, з 1 студзеня плацім 0,4213 рубля за кубаметр газу, а ў пераліку на тысячу кубаметраў — 421,3 рубля, ці прыблізна 200 долараў.

Зразумела, узнікаюць пытанні: што нам той газ па 127 долараў за тысячу кубаметраў, чаму «дзяржава для народа» аддае перавагу не ўласнаму насельніцтву, а кітайскім таварышам (можа, у нас дзяржава для кітайскага народа?), і ўвогуле — куды знікае гэты звышпрыбытак? У чыю кішэню?

А пасажаў таго ж Дзмітрыя Крутога наконт нафты не разумеюць нават дасведчаныя эканамісты. Сапраўды, можа, мы і дамовіліся пра тое, што Расія не будзе прадаваць нам нафту па кошце, вышэйшым за сусветны. Але добра вядома — нафта з Расіі ў Беларусь пастаўлялася па формуле ЕАЭС: сусветны кошт мінус экспартная пошліна і плюс (пра што мы даведаліся нядаўна) прэмія для пастаўшчыкоў. У выніку падатковага манеўру пошліна паступова зніжаецца, аднак яна яшчэ не роўная нулю — гэта прыкладна 17 % ад кошту нафты, пра што казаў нядаўна Лукашэнка. Такім чынам, узнікае пытанне: ці мы будзем набываць у Расіі нафту з «дысконтам» у 17 %, альбо мы пагадзіліся на тое, каб браць яе па сусветным кошце без «дысконту»?

Калі апошняе — дык ці можна назваць гэта дасягненнем?

Зразумела, нам трэба саскокваць з нафтагазавай іголкі, і гэтае саскокванне, як і ў любога наркамана, будзе суправаджацца ломкамі і болем. Але без гэтага мы не захаваем сваё «здароўе» — то бок, незалежнасць і суверэнітэт.

Беларусы ўсё ж думаюць, як выкруціцца. Калі дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа сказаў у Мінску, што Штаты гатовыя забяспечваць нас «неабходнай нафтай на 100 працэнтаў па канкурэнтных цэнах», у Расіі пасмяяліся. Маўляў, цялушка — палушка, да рубель перавоз: транспартоўка нафты з ЗША ў Беларусь будзе каштаваць даражэй за гэтую нафту. Аднак, па звестках амерыканскага выдання Daily Beast, Беларусь ужо дамовілася з кампаніяй з Паўночнай Дакоты пра куплю 18 млн барэляў нафты (каля 2,5 млн тон) у 2020 годзе.

І ў Беларусь яе везці зусім няма патрэбы. Для гэтага існуе так званая SWOP-схема. Яе сутнасць у тым, што Беларусь купляе нафту ў Амерыцы і вязе яе ў Польшчу. А Польшча закупляе нафту ў Расіі. «Беларуская» нафта перапрацоўваецца на заводах Польшчы, а Беларусь, у сваю чаргу, забірае і перапрацоўвае «польскую» нафту з нафтаправода «Дружба». Пытанне ў тым, што з Амерыкі палякам ідзе даражэйшая і больш якасная нафта маркі Brent, на якую заточаныя польскія заводы, а нам — звыклая Urals. Да таго ж палякі ашчаджаюць на 650 км транзіту праз Беларусь.

Таму пра ўмовы SWOP-схемы прыйдзецца дамаўляцца дадаткова — але ўжо з палякамі.

А яшчэ цікава — у працэсе перамоў з Расіяй узнікла пытанне Беларускай АЭС. У сувязі з тым, што першы энергаблок так і не запусцілі, як планавалася, у 2019-м, беларускі бок просіць перанесці на больш позні час пачатак выплат па крэдыце на суму каля 10 млрд долараў, падоўжыць тэрмін прадастаўлення крэдыту, а таксама знізіць працэнтную стаўку. Сваю просьбу Беларусь абгрунтавала «жаданнем прывесці ўмовы па крэдыце на АЭС з кантрактамі, якія існуюць у Расатама ў іншых краінах», паведамляюць СМІ.

Падаецца, нармальныя патрабаванні. Гэта калі не ўзгадваць, што казаў той жа Лукашэнка ў пасланні народу і парламенту ў мінулым годзе. А казаў ён, нібыта АЭС нам каштуе танней, чым планавалася: паводле слоў Лукашэнкі, кошт сапраўды знізіўся з 10 млрд долараў да 7 млрд долараў за кошт дзеянняў беларускага боку па жорсткім кантролі пры будаўніцтве. І яшчэ дадаў, што Пуцін прасіў яго не агучваць кошт БелАЭС, каб не псаваць Расатаму бізнэс — маўляў, у іншых замежнікаў расійскі атам каштуе даражэй.

У гэтым разе зусім незразумела, чаму тады беларускі бок настойвае на прывядзенні «ўмоваў па крэдыце на АЭС з кантрактамі, якія існуюць у іншых краінах». Мы што, самі сабе робім АЭС даражэйшай? І зноў жа — дзе грошы? Куды падзеліся «зэканомленыя» 3 млрд долараў — калі размова ідзе пра «выплаты па крэдыце на суму каля 10 млрд долараў»?

Карацей, калі нам хлусілі? Аляксандр Рыгоравіч у час паслання альбо зараз?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: