Грыбаўскайце: «Літва не можа супрацоўнічаць з Беларуссю праз будаўніцтва Астравецкай АЭС».

Прэзідэнтка Літвы лічыць, што такім чынам Літва прызнае законнасць пабудовы атамнай электрастанцыі ля сваіх межаў. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода
Будоўля Астравецкай АЭС

Будоўля Астравецкай АЭС

Паводле Далі Грыбаўскайце, супрацоўніцтва з Беларуссю ў той час, калі рыхтуецца да запуску Астравецкая АЭС, немагчымае. Паколькі такім чынам Літва прызнала б законнасць гэтай электрастанцыі і страціла б магчымасць патрабаваць яе закрыцця.

«Любая згода на ўдзел і стварэньне сумесных інстытутаў будзе азначаць легітымацыю Астравецкай АЭС, — цытуе словы прэзідэнткі Літвы Далі Грыбаўскайце агенцтва DELFI. — Гэта азначала б, што мы звязваем свае рукі, і мы не зможам патрабаваць, каб Беларусь закрыла гэтую электрастанцыю».

Прэзідэнтка Літвы адзначыла, што яе словы датычаць і прапановы Беларусі дамовіцца аб стварэнні сумеснай сістэмы маніторынгу Астравецкай АЭС, якую раней станоўча ацаніў прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс.

«Супрацоўніцтва з Беларуссю ў пытанні па Астраўцу азначала б юрыдычнае прызнанне Астравецкай АЭС і звязваньне нам рук, — сказала Грыбаўскайце. — Праблема не ў бяспецы электрастанцыі, а ў тым, што абраная пляцоўка небяспечная. Гэта азначае, што дадзеная электрастанцыя наогул не можа функцыянаваць і такой павінна быць палітычная мэта Літвы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!