Хто ўсе гэтыя людзі?

Кіраўнік Беларусі — усё ж чалавек вясёлы. Увечары 3 чэрвеня ён адправіў урад у адстаўку, а ўжо 4 чэрвеня ў нас з’явіўся новы прэм’ер. Дый увогуле, ад новых прызначэнняў не ведаеш, ці то смяяцца, ці то плакаць.


Пасля «эканаміста, банкіра, рыначніка» Сяргея Румаса ўрад узначаліў старшыня (ужо былы) Дзяржкамваенпраму Беларусі Раман Галоўчанка. У прынцыпе, такое прызначэнне апраўданае. Усё роўна беларускі ўрад нічога не вырашае, і, паводле трапнага выказвання палітолага Аляксандра Класкоўскага, на яго чале «хоць Бальцаровіча ў квадраце пастаў — ён вышэй за пояс не скокне». Эканоміка ў нас кіраваная ў «ручным рэжыме», а ля стырна — самі-ведаеце-хто.

Раней Раман Галоўчанка працаваў у Савеце бяспекі, пракуратуры і нават паспеў пабыць паслом у Арабскіх Эміратах. Прызначэнне прэм’ерам чалавека ваеннага выглядае нават у нечым лагічна: ён умее выконваць загады і па яго працоўнай біяграфіі бачна, што працуе там, куды накіруюць. А значыць, на пасадзе прэм’ера будзе выконваць загады. Скажа яму Лукашэнка сеяць — будзе сеяць, скажа саджаць — будзе саджаць. Больш ад яго, у прынцыпе, нічога і не патрабуецца.

Тым больш, што яго намеснікам прызначаны Мікалай Снапкоў, былы міністр эканомікі ў 2009-2014 гадах. Памятаеце крызісы 2009, 2011 і 2014 гадоў? Усе яны здарыліся пры Снапкове.

Былы першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой сыходзіць на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, на тое месца, адкуль, уласна, і з’явіўся Снапкоў.

Кіраўніком Дзяржкантролю Беларусі прызначаны «ляснік», экс-кіраўнік Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Юрый Церцель. То-бок, раней ён пільнаваў жывёлаў, а цяпер будзе — людзей. Ці то для Лукашэнкі наш народ больш не «народзец», а наўпрост дзікія жывёлы, ці то ён лічыць, што беларусы — усе партызаны, а партызанам якраз патрэбны лясны кантроль.

Юрый Селіверстаў з намесніка міністра фінансаў стаў міністрам. На міністра прамысловасці прыйшоў экс-гендырэктар БелАЗу Пётр Пархомчык. Што цікава, зрэшты, як і фінансавыя паказчыкі БелАЗу за мінулы год. Выручка кампаніі скарацілася на 22,6%, прыбытак ад рэалізацыі — на 25,2%, чысты прыбытак — на 19,1%. За 2019 год у БелАЗа рэзка вырасла доўгатэрміновая дэбіторка — з 61 да 141,4 мільёна рублёў, запасы гатовай прадукцыі — з 196,3 да 319,9 мільёна рублёў, даўгі па кароткатэрміновых крэдытах і пазыках — з 374,4 да 780,3 мільёна рублёў.

А гендырэктара за такое кіраванне — на міністра! Падаецца, проста «харошага чалавека» вызвалілі ад адказнасці.

Міністрам інфармацыі стаў Ігар Слуцкі, экс-гендырэктар тэлеканала «СТВ». У прынцыпе, слушна: тэлебачанне ўжо амаль ніхто не глядзіць, асабліва беларускае.

Андрэй Хмель стаў міністрам ЖКГ, Дзмітрый Матусевіч цяпер — кіраўнік Дзяржкамітэта па маёмасці, Дзмітрый Пантус — старшыня Дзяржкамваенпрама. Наўрад ці гэтыя імёны нешта камусьці скажуць, і ўвогуле, заcтануцца ў памяці.

Карацей, новапрызначаныя людзі ва ўрадзе — асобы, пра якіх мала хто нешта ведае, якія не былі на слыху, і якія нічым, падаецца, у мінулым не адзначыліся. Фактычна гэта азначае, што ўсіх больш-менш заўважных і адметных Лукашэнка ўжо перабраў. І ў яго проста няма каго прызначаць на адказныя пасады. Як кажуць пра такую сітуацыю — «кароткая лава запасных».

Дык, падаецца, гэтых «запасных» не засталося ўвогуле. Ніхто з дзейсным кіраўніком працаваць не жадае.

Ці, можа, урад канчаткова ператварыўся ў тое самае, чым яшчэ раней стала верхняя палата беларускага парламента — Савет Рэспублікі. Урад нічога не вырашае, ні на што не ўплывае і нічым не займаецца. Дык чаму б і яго не зрабіць сінекурай для рознага кшталту пенсіянераў — калі не па ўзросце, дык маральна? Усё роўна ж (у трэці раз паўтаруся) усе рашэнні ў краіне прымае адзін чалавек.

А Румас… Румас падаўся ў бізнес. Далей ад улады.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: