Народнае адзінства праз гісторыю з геаграфіяй

У тым, што ўкраінскі народ пасля распаду СССР абраў курс хутчэй перпендыкулярны, чым паралельны курсу свайго паўночнага суседа, сумнявацца не даводзіцца. Але чаму? Што перашкаджае беларусам гэтак жа ўсвядоміць згубнасць любога палітычнага збліжэння з Расіяй?

У 2003 годзе ў выдавецтве «Время» (Масква) выйшла кніга другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы «Украіна — не Расія». За васямнаццаць гадоў, што мінулі з таго часу, яе актуальнасць толькі ўзрасла, што і пацвердзіў апублікаваны 12 ліпеня 2021-га артыкул прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў».

Колькі прэзідэнтаў — столькі і меркаванняў. Калі Кучма імкнуўся даказаць, што ў дзвюх краін розныя гістарычныя лёсы, то яго апанент не сумняваецца ў адваротным. Ён перакананы, што рускія і ўкраінцы — гэта дзве часткі адзінага народа. Пра гэта, на думку Пуціна, сведчыць тысячагадовая гісторыя. Такім чынам, адмова ад адзінства раўнасільная адмове ад сваіх гістарычных каранёў. Таму ўжо ў пачатку артыкула гучыць магутны акорд: «І расіяне, і ўкраінцы, і беларусы — нашчадкі Старажытнай Русі, якая з'яўлялася найбуйнейшай дзяржавай Еўропы».

Гісторыя з геаграфіяй

Не бяруся сцвярджаць, што захапленне гістарычнымі паралелямі прыносіць больш шкоды, чым карысці. Аднамерных ісцін у гуманітарнай сферы не бывае, таму нават самую аргументаваную выснову не варта разглядаць у якасці канчатковай.

Але дадзім двум былым калегам магчымасць працягваць абмен аргументамі, і звернем свой погляд не на Расію, а на Украіну. У тым, што ўкраінскі народ пасля распаду СССР абраў курс хутчэй перпендыкулярны, чым паралельны курсу свайго паўночнага суседа, сумнявацца не даводзіцца. Але чаму? Што перашкаджае беларусам гэтак жа ўсвядоміць згубнасць любога палітычнага збліжэння з Расіяй?

Калі звяртацца да вытокаў, то гісторыю заўсёды варта пачынаць з геаграфіі. Беларусам у гэтым сэнсе не пашанцавала. Сучасная беларуская дзяржава — самая вялікая па плошчы ў Еўропе сярод дзяржаў, якія не маюць выхаду да мора. Вось чаму нашы суседзі на Захадзе і поўначы — каталікі, у той час, як і сёння, і ў мінулым большасць беларусаў былі праваслаўнымі.

Для наладжвання эканамічных і культурных кантактаў па вадзе на працягу ўсёй гісторыі патрабавалася менш намаганняў, чым па сушы. І ў нашыя дні 70% сусветнага ВУП вырабляецца на адлегласці, не далейшай за 100 міль ад марскога ўзбярэжжа.

У часы Старажытнай Русі Кіеў стаў паўднёвым фарпостам на шляху з варагаў у грэкі. Воднага шляху, між іншым. Не стану паглыбляцца ў гісторыю, але становішча фарпоста ў перыяд прыняцця ўсходнімі славянамі хрысціянства спрыяла фарміраванню нацыянальнай ідэнтычнасці ўкраінцаў.

Яшчэ адзін прыклад на водную тэму — адносны поспех бальшавікоў пры збіранні з аскепкаў Расійскай імперыі яе савецкага аналага. У 1920-я гады ўключыць у яе атрымалася практычна ўсе тэрыторыі — акрамя тых, што былі населеныя прыхільнікамі каталіцызму і пратэстантызму (палякі, літоўцы, латышы і фіны).

Лідарам у фарміраванні нацыянальных ідэнтычнасцяў была Францыя, адкуль гэты від агульнасці стаў распаўсюджвацца па Еўропе. Балтыйскае мора не стала перашкодай на шляху чарговай сацыяльнай інавацыі.
Угнацца за палякамі і прыбалтамі ўкраінцы не маглі, тым не менш высокі ўзровень уключанасці нашых паўднёвых суседзяў у еўрапейскую культуру (асабліва на захадзе краіны) заўсёды выклікаў галаўны боль у Масковіі і яе гістарычных нашчадкаў.

Хто старое ўспомніць...

7 жніўня рэдакцыя «Мінскай праўды» апублікавала на першай старонцы карыкатуру, на якой каталіцкі крыж трансфармуецца ў нацысцкую свастыку. Год народнага адзінства, аднак. Адзінства не толькі «ябацькаў» і «пратэстуноў», але і прадстаўнікоў усіх канфесій. Зразумела, на ўмовах, вызначаных у Палацы Незалежнасці. Крок налева, крок направа прыраўноўваецца да здрады. Гэту няхітрую ісціну час бы і засвоіць.

Усім, хто захапляецца гісторыяй ВКЛ, варта перагледзець свае ўяўленні пра дабро і зло. У Саюзнай дзяржаве — іншыя каштоўнасці, і не ў апошнюю чаргу яны сфарміраваныя барацьбой са згубным уплывам Захаду.
У гэтым годзе — нагадаю тым, хто не памятае, — у Расіі адзначылі 800-гадовы юбілей дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

Вось як апісвае галоўную заслугу князя спікер Дзяржаўнай думы РФ Вячаслаў Валодзін: «Ён тонка адчуваў галоўную небяспеку — яна ішла з Захаду, пагражала духоўнай смерцю народа, стратай незалежнасці. Ханскі Усход не пасягаў на нашу самаідэнтычнасць, не руйнаваў нашу веру, хоць гнёт яго быў цяжкім».

Вось так! Не больш і не менш. На думку спікера, які валодае загарадным палацам у стылі рускай сядзібы, народ-баганосец, выбіраючы паміж матэрыяльным і духоўным, на працягу ўсёй сваёй гісторыі перавагу аддаваў духоўнаму. Што не перашкодзіла баганосцу, па выразе рэлігійнага філосафа і публіцыста Васіля Розанава, ужо да канца 1918 года «паднасраць». З кім не бывае! Але хто старое ўспомніць…

Прычына адрозненняў ляжыць на паверхні

Пра тое, што адзінства — залог незалежнасці і суверэнітэту, нам нагадваюць рэгулярна. Не стану спрачацца, без адзінства ні першае, ні другое немагчыма. Дасягнуць жа адзінства можна двума спосабамі.

Спосаб, які практыкуецца архітэктарамі беларускай мадэлі, палягае ў тым, каб падагнаць усіх пад адзіны стандарт і адбракаваць кожнага, хто не здолеў гэтаму стандарту адпавядаць.

Еўрапейскі спосаб іншы. Ён не выключае разнастайнасці. Ён яе вітае. Адзінства ж фарміруецца, па-першае, за кошт роўнасці ўсіх перад законам, па-другое, за кошт базавага кансэнсусу: згоды наконт курсу развіцця грамадства і дзяржавы.

Ва Украіне, расколатай на ўмоўныя Захад і Усход, з базавым кансэнсусам — праблема, што і дазволіла Расіі акупаваць Крым і частку тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей.

Тым не менш еўрапейскі выбар краіны на працягу ўсёй постсавецкай гісторыі падтрымлівала большасць украінцаў. Украіна — не Беларусь. Паводле апытання Усерасійскага цэнтру вывучэння грамадскага меркавання (ВЦИОМ), якое правялі летам 1991 года, канцэнтрацыя «чалавека савецкага» ў УССР складала 42%, а ў БССР — 69%.

Украіна — не Беларусь, што пацвярджаецца рэгулярнай зменай гаспадара прэзідэнцкага кабінета. Пры ўсёй культурнай блізкасці, агульнага паміж палітычнымі рэжымамі суседзяў няшмат. У Беларусі ўжо да канца 1996 года сфарміраваўся персаналісцкі аўтарытарны рэжым, які актыўна дрэйфуе ў бок неататалітарнага.
Палітычны рэжым ва Украіне — прыклад канкурэнтнай алігархіі.

Прычына адрозненняў ляжыць на паверхні. Беларуская мадэль трымаецца за кошт прамых і ўскосных расійскіх датацый. Хто забяспечвае іх паступленне — той іх і размяркоўвае. А хто за дзяўчыну плаціць, той з ёй і танчыць.

Ва Украіне ні знешняй, ні ўнутранай дамінуючай крыніцы даходаў не склалася. Адпаведна, невырашальнай аказалася і задача канцэнтрацыі палітычнай улады ў адных руках.

Вось чаму «каляровыя рэвалюцыі» сталі ва Украіне не выключэннем, а правілам. Перыядычная патрэба ў іх правядзенні ўзнікае не толькі ўнізе, але і ўверсе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: