Гульня ў інтэграцыю: ці зможа Лукашэнка перамагчы Пуціна?

Якую кампенсацыя хацеў бы атрымаць афіцыйны Мінск у Масквы за падатковы манёўр.
13 лютага ў Сочы адбудзецца чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.

Як заявіў журналістам пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, кіраўнікі дзяржаў заслухаюць справаздачу ўрадавых рабочых груп па ўдасканаленні дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

— Што тычыцца пытанняў, якія стаяць на парадку, то гэта пытанні новага пакета эканамічных дамоўленасцей, палітычных дамоўленасцей — адзначыў Бабіч.

Нагадаем, што у 2018 годзе кіраўнік Беларусі некалькі разоў наведваў рэзідэнцыю прэзідэнта Расіі ў Сочы, спрабуючы дамагчыся чарговых эканамічных прэфэрэнцыяў. Аднак безвынікова.

З чым вернецца з Сочы Лукашэнка на гэты раз?

— Найбольш актуальным для Беларусі застаецца пытанне кампенсацыі страт ад расійскага падатковага манёўру. Падчас чарговага раунда перамоў бакі, магчыма, знойдуць нейкае паразуменне — мяркуе палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

Паводле яго слоў, відавочна, што Беларусь хацела б атрымаць у якасці кампенсацыі нізкія цэны на нафту.

— Падатковы манёўр вядзе да таго, што цэны на нафту падвысяцца. А абяцаныя грошы ў выглядзе кампенсацыі могуць быць выдадзены з затрымкай, альбо ўвогуле не дайсці.

— Але ці атрымаецца Аляксандру Лукашэнку пераканаць Уладзіміра Пуціна пайсці на саступкі?

Хутчэй за ўсё, будзе знойдзена кампраміснае рашэнне. Праблема не такая простая, як здаецца на першы погляд. Самая высокая стаўка з беларускага боку — зніжэнне коштаў на нафту. Але ўсе дамоўленасці на гэтым кошт залежыць не толькі ад Расіі, а яшчэ і ад сусветнай кан’юнктуры.

У нас ёсць доўгатэрміновыя дамоўленасці па пастаўцы энерганосьбітаў з каэфіцыентамі, якія малазразумелыя людзям па-за гэтай сферы. Цяпер прыходзіць тэрмін, калі Расія будзе перазаключаць такія дамоўленасці са сваімі партнёрамі. Мне здаецца, што афіцыйны Мінск хацеў бы эксклюзіўных адносін у гэтай сферы. Але, хутчэй за ўсё, ужо не атрымае. З часоў, калі ў Крамлі ад Саюзнай дзяржавы перайшлі да Еўразійскага праекту, эксклюзіўнасці ў беларуска-расійскіх адносінах стала значна менш.

А ў рамках ЕАЭС уладам Беларусі складаней выбіць для сябе нейкія прэферэнцыі.

— Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч заявіў, што разлічвае на якасна новы рывок у адносінах паміж Мінскам і Масквой у 2019 годзе. На ваш погляд, што ён меў на ўвазе?

Такога роду заява не абавязкова напаўняецца нейкім сэнсам. Далёка не ўсё з таго, што прадугледжана дамоўленасцямі, выконваецца. Да прыкладу, згодна з саюзнай дамовай у Беларусі і Расіі ўжо даўно павінна была з’явіцца адзіная валюта Саюзнай дзяржавы, павінен быць канстытуцыйны акт, саюзны парламент. Але нічога гэтага няма. Хаця, калі ўсе гэтыя дакументы падпісваліся, першапачаткова былі такія ж гучныя заявы.

Ці магчыма ў прынцыпе якаснае змяненне ў адносінах паміж дзвюма краінамі ў цяперашніх умовах?

— Магчыма многае. Усё залежыць ад пазыцыі Масквы. Калі Расія будзе разглядаць Беларусь як частку Еўразійскай саюза, тады ў Мінска — слабыя пазіцыі. Кіраўніцтву Беларусі патрэбныя эксклюзіўныя адносіны з Крамлём. У прынцыпе, аб спансаванні беларускай эканомікі гаворка, напэўна, не ідзе. Але супрацоўніцтва можа быць узаемавыгадным. А яго няма. Да прыкладу, на працягу ўжо многіх гадоў беларускі ваенна-прамысловы комплекс не атрымлівае заказаў ад расійскага боку на развіццё навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ. Беларусь выпускае абсталяванне і тэхніку, якія запатрабаваныя расійскім ВПК, але якія былі распрацаваны нашмат раней. Пры гэтым Расія на сваім баку распрацоўвае паралельныя вытворчасці, якія могуць выключыць неабходнасць заказаў ў беларускага боку.

Беларускі бок заклапочаны тым, што адбываецца. Не выпадкова, калі Беларусь распрацоўвала, напрыклад, ракетны комплекс «Паланэз» дзе партнёрам выступіў Кітай, а не Расія. Калі Масква адмаўляецца ад эксклюзіўных адносінах, Мінску прыходзіцца шукаць замену. З часам, верагодна, будзе знойдзена нейкая раўнавага ўзаемных інтарэсаў, але ў чым яно будзе заключацца, казаць складана. Ёсць сферы, дзе мы супрацоўнічаем. Да прыкладу, галасуе ў ААН так, як выгадна Масква. Але ўвязвацца ў канфлікты разам з Расіяй Беларусь не гатовая.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!