Гвалт у сям’і, наркотыкі, п’янства, маніпуляцыі лічбамі: з чым Лукашэнка сказаў змагацца праваахоўнікам

На чарговым паседжанні Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўнікаў «не маніпуляваць лічбамі» статыстыкі пра злачынствы «дзеля самасупакаення», а «бачыць рэальныя праблемы», паведамляе Радыё Свабода.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што насцярожыўся дэклараваным сілавікамі зніжэннем колькасці зафіксаваных крымінальных злачынстваў на 7%.

«Можа быць, у нас неўзабаве наогул злачыннасьці ня будзе? — звярнуўся Лукашэнка да міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. — Узнікаюць сумневы ў аб’ектыўнасці гэтай вясёлкавай карціны, хоць міністр мне ўвесь час гаворыць, што яго мэта — выключыць гэтую „палкавую“ статыстыку. Так павінна і быць. Патрэбен вынік».

Але пры ўсіх праблемах, дадаў Лукашэнка, «трэба разумець тое, што Беларусь засталася адзіным бяспечным, спакойным калідорам для перамяшчэння людзей, грузаў, напэўна, і капіталаў з Усходу на Захад і з Захаду на Ўсход».

Паводле Лукашэнкі, барацьба з карупцыяй па-ранейшаму ідзе недастаткова эфэктыўна, у Беларусі застаюцца «паборы, адкаты, падарункі і махінацыі» зь бюджэтнымі сродкамі.

Цяперашнія захады ў прадухіленні бытавой злачыннасці і асабліва гвалту ў сям’і Лукашэнка назваў недастатковымі. Ён заклікаў задумацца над тым, што «амаль траціна забойстваў учыняецца на бытавой глебе» — маўляў, «калі мы не можам у побыце да парадку заклікаць дэбашыраў і забойцаў, пра якую міліцыю і пракуратуру наогул можна весьці размову?»

Адказнасць за правапарушэнні ў нецвярозым стане, у тым ліку на дарогах, Лукашэнка прапанаваў узмацніць. Жорсткія захады адказнасці, казаў ён, мусяць быць і за простае з'яўленне чалавека ў грамадскіх месцах «там, дзе не павінен зьяўляцца». Але пры гэтым ён адзначыў, што ніякіх дадатковых забаронаў на продаж алкаголю ён не збіраецца ўводзіць, у тым ліку па ўзросце, бо «любую забарону можна абысці».

У барацьбе з наркотыкамі Лукашэнка запатрабаваў змагацца не проста з наркаманамі, а з «галоўнымі злачынцамі» — тымі, хто «партыямі пастаўляе гэтую наркату ў Беларусь». Ён падкрэсліў, што калі турбавацца толькі пра лічбы, то ня можа быць гаворкі аб ліквідацыі каналаў паставак наркотыкаў, бо «нашмат лягчэй атрымаць хуткі вынік за кошт драбязы, а сітуацыя на самой справе будзе пагаршацца». Лукашэнка западозрыў, што за цяперашняй статыстыкай аб поспехах барацьбы з наркотыкамі можа хавацца барацьба з дробнымі гандлярамі і «тымі, хто падсеў на гэтую іголку».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!