«Ідэальны шторм» для Лукашэнкі

Пасля таго, як не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, але зарэгістравалі Ціханоўскую, аб’яднанне гэтых асобаў і іх штабоў у адну каманду было самым відавочным рашэннем. На першы план беларускай палітыкі выйшлі тры жанчыны: Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава.


Памылка на памылцы

Відавочна, у Адміністрацыі прэзідэнта нешта перамудрылі, калі здымалі з выбараў Бабарыку і Цапкалу. Калі б яны ўдзельнічалі ў выбарах, электарат быў бы хоць крыху, але падзелены: «моцныя гаспадарнікі» завабілі б на свой бок тых, хто за «негвалтоўную барацьбу» і, насуперак усяму 20-гадоваму досведу, лічыць, што пераважную большасць галасоў на выбарах нельга сфальсіфікаваць. За Святланай Ціханоўскай засталася б «вуліца»: тыя, хто ведае, у якой краіне жыве, і для якіх абарона свайго выбару праз Плошчу — справа звыклая і натуральная.

Як адзначыў палітолаг Валерый Карбалевіч, «электарат Святланы Ціханоўскай — гэта людзі, якія кіруюцца прынцыпам “хто заўгодна, толькі не Лукашэнка”, а электарат Бабарыкі і Цапкалы хацеў бы рабіць рацыянальны выбар, хацеў бы на чале дзяржавы паставіць эфектыўных менеджараў. Бабарыка і Цапкала якраз у гэтым вобразе і выступалі».

Але адбылося так, як адбылося. Хутка была знойдзена і кропка аб’яднання. На мітынгу на плошчы Бангалор тры жанчыны падкрэслілі: асноўная ўмова іх супрацы — гэта вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і правядзенне свабодных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў пасля 9 жніўня. Для таго, каб і Бабарыка, і Цапкала, і Сяргей Ціханоўскі маглі прыняць у іх удзел і ўжо пасля вызначыцца, хто будзе кіраваць краінай у наступны прэзідэнцкі тэрмін.

Пасля гэтага большасць каментароў у розных сацыяльных сетках зводзяцца да аднаго тэзісу: «Хопіць лаяцца, скінем рэжым, а там будзем думаць і вольна абіраць». Менавіта гэта цяпер аб’ядноўвае такі супярэчлівы электарат трох кандыдатаў у прэзідэнты.


Ідэальны кандыдат

Зразумела, такі фармат быў бы немагчымы без Святланы Ціханоўскай. Яна сталася ідэальным кандыдатам у прэзідэнты для дэмакратычна настроеных грамадзянаў Беларусі, і, падаецца, стане «ідэальным штормам» для Лукашэнкі.

Яе ад самага пачатку неяк не ўспрынялі ўсур’ёз. І прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка краіны яна стала выпадкова, калі яе муж сядзеў па «адміністратыўцы» і не мог падаць дакументы ў ЦВК на ўласную рэгістрацыю. І падпісваліся за яе, дзякуючы мужу. І фактычны разгром штабоў Ціханоўскай, нібыта, павінен быў паспрыяць яе выхаду з прэзідэнцкай гонкі. І яе дзеці — не абы-якая кропка ціску.

Неўспрыняцце жанчыны ўсур’ёз і пагроза дзецьмі — вялікія памылкі ўлады. Бачна, кіраўнік краіны даўно забыўся, што такое раз’юшаная жанчына. Асабліва, калі яна ўжо выправіла дзяцей у «бяспечнае месца» за мяжу і можа цалкам аддацца мэце вызвалення свайго і чужых мужоў з-за кратаў. А найбольш эфектыўна гэта робіцца з пасады кіраўніка дзяржавы.

У старым афарызме гаворыцца, што прэзідэнтам павінен быць той, хто гэтага не хоча, а хто хоча — прэзідэнтам быць не павінен. Святлана Ціханоўская ніякім бокам не хацела быць прэзідэнтам, у яе няма ўладных амбіцый, і таму яна лёгка ідзе на кампрамісы і саюзы. Яна — дамаўляльная. І гэтая дамаўляльнасць якраз і спрацавала ў аб’яднанні большасці электарату.

Паводле даследавання расійскай кампаніі Tazeros Global Systems, пасля вывучэння з красавіка па чэрвень 6,93 мільёна ўнікальных ip-адрасоў з Беларусі, «рэйтынг лаяльнасці» Лукашэнкі складае 6,6%. У цэлым жа, паводле гэтага даследавання, абранне яго на наступны тэрмін падтрымліваюць толькі 3,8% карыстальнікаў інтэрнэту, а 62,6% лічаць, што ён павінен сысці. Пры гэтым 72% гатовыя галасаваць за любога кандыдата, акрамя дзеючага кіраўніка дзяржавы.

І гэтым «любым» можа стаць Святлана Ціханоўская. «Я пайшла на выбары дзеля любові!» — сказала яна на агітацыйнай сустрэчы на плошчы Бангалор у Мінску. Падаецца, больш добрага дэвізу перадвыбарчай кампаніі прыдумаць цяжка.

Фота instagram_symbalby


Датэрміновае галасаванне

У такой сітуацыі выбары 9 жніўня без масавых і нахабных фальсіфікацый не абыдуцца. Дарэчы, як і заўсёды. Галоўная небяспека ў іх таксама вядомая — датэрміновае галасаванне. Але і з гэтым ва ўлады не ўсё ў парадку, бо яна разлічвала на «ціхія» выбары.

На так званых «парламенцкіх выбарах» увосень мінулага года ЦВК налічыў 6 мільёнаў 822 тысячы 740 выбаршчыкаў. Каго могуць загнаць на датэрміновае галасаванне? Канешне ж, вайскоўцаў і салдат тэрміновай службы (65 тысяч), міліцыю (каля 130 тысяч) і дзяржслужбоўцаў (умоўна 100 тысяч). Агулам гэта дае — з вялікім запасам — толькі каля 5% галасоў. Студэнты цяпер на вакацыях, іх не запалохаеш, напрыклад, пазбаўленнем інтэрнату.

Усе астатнія, каго будуць выму­шаць прагаласаваць датэрмінова, — дактары, настаўнікі, працоўныя дзяржпрадпрыемстваў, etc. — могуць толькі адмовіцца галасаваць датэрмінова.

Пытанне, ці зробяць яны гэта і якія апраўданні для сябе знойдуць, калі не зробяць? Таму што пасля вясны–2020 усе размовы, што «нас прымусілі, нам пагражалі, нам абяцалі непрыемнасці» і гэтак далей, — «размовы для бедных». Увесну ў інтэрнэце ўсплыло багата фактаў, як людзі цэлымі працоўнымі калектывамі адмаўляліся падпісвацца за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты «дарагога Аляксандра Рыгоравіча». Гэтым людзям таксама абяцалі «непрыемнасці». Але абсалютнай большасці тых, хто адмовіўся паставіць свой аўтограф за новы тэрмін Лукашэнкі, за гэта НІЧОГА НЕ БЫЛО. Вось проста — нічога! Ніякіх наступстваў!

На гады майго студэнцтва прыпаў рэферэндум 1996 года. Ужо тады нашая дэкан па выхаваўчай рабоце, якую студэнты баяліся да дрыжыкаў, абыходзіла інтэрнаты з «ласкавай прапановай» галасаваць датэрмінова. Але ў нашым пакоі мы цвёрда сказалі: «Не. Галасаванне — толькі ў дзень галасавання». І нам за гэта… Вы здагадаліся — нічога не было.

Ці не варта адзін раз набрацца мужнасці, каб потым ніколі не баяцца?


Нечаканы экзіт-пол

На мітынгу ў Дзяржынску Вераніка Цапкала заклікала людзей прыходзіць на выбарчыя ўчасткі з самаробнымі белымі бранзалетамі. Тое ж самае яна паўтарыла і на мітынгу ў Мінску. Сяргей Марцалеў адзначыў у сувязі з гэтым, што «паліттэхнолагі пратэстных кандыдатаў вызначыліся, як адзначаць сваіх прыхільнікаў» і заўважыў: трэба было зрабіць гэта месяц таму.

Мажліва, гэта сапраўды трэба было зрабіць раней, але і цяпер не позна. Галоўнае — данесці гэтую ідэю да як мага большай колькасці сваіх выбаршчыкаў. Справа ў тым, што такія белыя бранзалеты карысныя не ў пратэстах, а якраз на выбарчых участках.

Зразумела, што выбары ў нас — таемныя, і ніхто не абавязаны раскрываць, за каго ён галасаваў. Гэтым таксама карыстаюцца фальсіфікатары іх вынікаў. Але, калі назіральнікі будуць бачыць чалавека з белым бранзалетам, яны дакладна будуць ведаць: ён не галасуе за Лукашэнку. І, адпаведна, яны будуць лічыць не толькі звыклую колькасць людзей, што прыйшлі на выбарчы ўчастак, але і адсочваць колькасць тых, у каго ёсць белыя бранзалеты.

Разыходжанні ў колькасці «белабранзалетнікаў» і колькасці тых, хто прагаласаваў «не за Лукашэнку» ў пратаколе падліку галасоў будзе яўна сведчыць пра фальсіфікацыю вынікаў галасавання.

Па словах прадстаўніцаў аб’яднанага штабу, у мінулыя выходныя адпрацаваў «хакатон», на якім пад 200 ІТ-шнікаў выпрацоўвалі ідэі, як альтэрнатыўна падлічыць галасы і абараніць свой выбар. Ужо з’явілася анлайн-платформа для назірання за выбарамі, якая дасць мажлівасць у рэальным часе сачыць за яўкай выбаршчыкаў. Гэта вызваліць увагу назіральнікаў, каб адсочваць тыя самыя белыя бранзалеты. Так што ідэя з упрыгожваннямі падаецца даволі перспектыўнай.


Хопіць палохацца рускіх танкаў!

Многія эксперты палохаюць тым, як адрэагуе на выбары Масква. Шмат хто непакоіцца, што ў выпадку змены ўлады ў Беларусі ўзнікне нейкі «данбаскі сцэнар», «руская вясна» і гэтак далей. На мой погляд, такі сцэнар малаверагодны.

Найперш, Пуцін пачынаў «маленькія пераможныя войны» ў той час, калі яму трэба было паказаць сябе «лідарам нацыі». Гэтым разам ён паспяхова правёў рэферэндум па змене Канстытуцыі, і бліжэйшым часам яго ўладзе нічога не пагражае. Таму ў расійскіх правадыроў няма падставаў дзейнічаць брутальна.

З’яўленне ў Беларусі расійскіх танкаў будзе азначаць новыя непрыемнасці для Расіі. Беларусь — гэта не Крым, і нават не Данбас. Гэта (пакуль што) адзіная тэрыторыя, якую Масква свабодна скарыстоўвае для транзіту на Захад. Сінявокую нездарма параўноўвалі з «бутэлькавым рыльцам» для Расіі. Калі адбудзецца ўзброенае ўварванне ў Беларусь, найпершай санкцыяй ад Еўропы можа быць закрыццё транзіту на беларускіх межах. Улічваючы складаныя адносіны Расіі з Украінай і краінамі Балтыі, ствараць сабе праблемы з транзітам на найбуйнейшы еўрапейскі рынак Масква наўрад ці захоча.

Калі пачалася вайна ў Данбасе, міжнародная супольнасць усур’ёз падумвала адрэзаць Расію ад сусветнай сістэмы міжбанкаўскіх камунікацый SWIFT — а гэта азначае практычна пазбаўленне знешняга гандлю. Калі падзеі, аналагічныя данбаскім, разгорнуцца ў Беларусі, сур’ёзных санкцый Расія не міне. У тым ліку можа быць і адключэнне SWIFT.

Пакуль Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая з’яўляецца саюзнікам Расіі ў міжнародных структурах, пра што сведчыць нашае галасаванне ў ААН па розных «украінскіх» рэзалюцыях. То-бок, мы падтрымліваем свайго саюзніка нават тады, калі нам гэта не выгадна. Калі Расія рашыцца на анексію Беларусі, яна гэтага саюзніка страціць.

Апроч таго, беларусы ўспрымаюцца шырокім колам расіянаў як ці не апошні брацкі народ, які застаўся каля іх. І гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да «братоў» будуць успрынятыя негатыўна менавіта расійскім народам. Канешне, расійская прапагандысцкая машына можа за тры месяцы ператварыць «братоў» у «бандэраўцаў», але на гэта ўсё ж трэба час.

Усе рацыянальныя аргументы — супраць «данбаскага сцэнару» ў Беларусі. Маскве прасцей дамовіцца з любым наступным беларускім кіраўніком — канешне, калі гэта будзе не недамаўляльны Зянон Пазьняк.


Небяспека, адкуль чакалася

А вось наконт дзеянняў Лукашэнкі ў наступную кадэнцыю — ні ў чым нельга быць упэўненым.

Калі я цяпер гляджу на паводзіны кіраўніка Беларусі, мне згадваецца дон Румата з твору братоў Стругацкіх «Цяжка быць богам». Там таксама быў свой «Лукашэнка» — дон Рэба. І на фінальным этапе дон Румата тлумачыць: «Мы тут тлумім галовы, дарэмна спрабуючы ўціснуць складаную, супярэчлівую, загадкавую постаць арла нашага дона Рэбы ў адзін шэраг з Рышэлье, Некерам, Такугавай Іэясу, Монкам, а ён аказаўся дробным хуліганам і дурнем! Ён аддаў і прадаў усё, што мог, заблытаўся ў сваіх задумах, да смерці спалохаўся і кінуўся ратавацца да Святога Ордэна!»

Лукашэнка — гэта наш дон Рэба. Ён 15 гадоў абяцае заробак «па пяцьсот» і 10 гадоў абяцае падвоіць яго дактарам і настаўнікам. Ён набраў крэдытаў і пабудаваў бессэнсоўную АЭС за 10 мільярдаў долараў, якія няма чым аддаваць. Ён паставіў краіну ці не ў поўную залежнасць ад расійскага рынку, а яго «дыверсіфікацыя экспарту» не працуе. Ён стварыў «вертыкаль улады», якая трымаецца выключна на страху, але не ў стане вырашыць праблемы эканомікі і народа. І ён кінуў свой народ сам-насам з эпідэміяй COVID-19, якая яшчэ не скончылася.

Усе эканамісты прадракалі велізарны крызіс у 2020-м — і мы яго яшчэ не бачым, бо заклапочаныя той самай пандэміяй. А калі пабачым — нам стане млосна. І, дзеля захавання хаця б рэшткаў улады, Лукашэнку нічога не застанецца, як кінуцца ратавацца да «Святога Ордэна» — Масквы.

Гэта цяпер ён крычыць, што ён — ці не адзіны «абаронца незалежнасці Беларусі» і «гарант яе суверэнітэту». А насамрэч менавіта ён увесь гэты час «гуляў у інтэграцыю», так і не апрылюдніў (насуперак абяцанням) ніводную з «дарожных карт паглыбленай інтэграцыі», не кажучы ўжо пра «31-ю дарожную карту». І няма сумневаў: каб збегчы ад праблемаў і адказнасці, а таксама пад вялізным ціскам Масквы, ён здасць суверэнітэт і незалежнасць і падпіша ўсё, што ад яго патрабуецца.

Так што небяспека незалежнасці і суверэнітэту сыходзіць не ад «рускіх танкаў» і міфічных «прарасійскіх кандыдатаў».


І астатнія

Прэзідэнцкую кампанію вядуць яшчэ тры кандыдаты — Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Чэрачань і Ганна Канапацкая.

Дзмітрыеў некалькі разоў сустрэўся са сваімі выбаршчыкамі ў дазволеных месцах, у тым ліку на той жа плошчы Бангалор. У часе сустрэчы ён сказаў: «Мы са Святланай Ціханоўскай ідзем адным фронтам, у нас абсалютнае адзінства мэтаў і задач, я гатовы да каардынацыі і сумесных дзеянняў — гэта наогул без пытанняў. Што тычыцца далейшых крокаў, то тут трэба глядзець, як будзе развівацца кампанія. Разумныя людзі ўжо ўбачылі, што наскокам нічога не будзе, ад таго, што мы ўсе такія добрыя, пераменаў не будзе, 9 жніўня — не выбары, а барацьба за выбары». І, таксама, як і Святлана Ціханоўская, сказаў, што пасля 9 жніўня варта правесці новыя, сумленныя і празрыстыя выбары.

Улічваючы тое, што раней Дзмітрыеў падтрымаў дэкларацыю Бабарыкі аб сумленных выбарах, а таксама прапанаваў арганізаваць адзінае назіранне, можна нават падумаць, што ён — чарговы «запасны варыянт» на выпадак, калі ЦВК намалюе Святлане Ціханоўскай некалькі папярэджанняў і здыме яе з выбараў. Калі гэтага не адбудзецца, цалкам верагодна, што Дзмітрыеў здымецца сам — зразумела, на карысць Ціханоўскай.

Сяргей Чэрачань — дзіўны «кандыдат-фантом», які не праяўляе ўвогуле ніякай актыўнасці. За тыдзень пасля рэгістрацыі пра яго нават не чутно.

А вось Ганна Канапацкая працягвае сваю кампанію ў рэчышчы «ўсе ідыёты, адна я — д’Артаньян». Яна чарговым разам абвінаваціла сваіх нават не праціўнікаў — канкурэнтаў — у «руцэ Масквы» і адмовілася ад тэледэбатаў: нібыта гэта ўсё — клаунада, а ёй «яшчэ краінай кіраваць».

Большасць інтэрнэт-каментатараў прапануюць выклікаць жанчыне санітараў і цікавяцца, ці павінен кандыдат у прэзідэнты прадстаўляць разам з дэкларацыяй аб даходах даведку пра сваё псіхічнае здароўе. Але я далёкі ад таго, каб лічыць, што ў экс-дэпутаткі і кіраўніцы юрыдычнай агенцыі «паехаў дах». Да таго ж, узнікаць «зорнай хваробе», прыкметы якой яна яскрава дэманструе, нібыта, няма з чаго.

Канапацкая настолькі капіруе стыль паводзінаў і дзеянні Лукашэнкі, што ўзнікае не менш вар’яцкая думка: а ці не спрабуе Ганна Анатольеўна разарваць на часткі сталы электарат дзейнага кіраўніка? Для яго выбарцаў «Лукашэнка ў спадніцы» можа падацца прывабным варыянтам, і, верагодна, нейкія 3–5% Канапацкая ў яго «адкусіць». Асабліва гэта тычыцца электарату жаночага. А ва ўмовах, калі рэйтынг беларускага гаранта і так ніжэй за плінтус, гэтыя 3–5% могуць быць вельмі важныя.

Можа, Ганна Анатольеўна ахвяруе сабою дзеля агульнай справы?


Там, за туманам…

Мы жывем у цікавы час, калі мы самі можам стварыць сваю будучыню. Пакуль што ніякіх цмяных яе варыянтаў не праглядаецца. «Элегантная перамога» Лукашэнкі дорага яму абыдзецца: як лічыць палітолаг Андрэй Казакевіч, кіраванне краінай нелегітымнай меншасцю немагчыма. «Гэта будзе вельмі складана, у першую чаргу, псіхалагічна для ўсіх у гэтай сістэме, складана жыць і працаваць у рэжыме навакольнай нянавісці. І ў такім рэжыме доўга, думаю, не вытрымаць», —сказаў ён рэсурсу thintanks.by.

Ужо цяпер у інтэрнэце з’явіліся фота з надпісамі кшталту: «Я доктар, і калі на вуліцы выйдзе АМАП, я не выйду на працу». Усеагульны страйк пасля 9 жніўня можа адбыцца сам сабой, а міліцыю да станкоў не прыставіш.

Падаецца, ва ўлады застаецца адзін варыянт годнага выйсця з сітуацыі — насуперак сваёй прыродзе сумленна падлічыць галасы і ціхенька, без узрушэнняў, сысці ў нябыт. Толькі гэты варыянт прадугледжвае існаванне незалежнай Беларусі і адсутнасць грамадзянскага супрацьстаяння.

Усе астатнія варыянты так ці інакш вядуць да супрацьстаяння. Пытанне толькі, у якой форме яно адбудзецца: з «Плошчай» і ахвярамі альбо праз усеагульны страйк і поўны калапс эканомікі. Таму, хто як, а я пайшоў рабіць белы бранзалет.

P.S. «Ідэальным штормам» метэаролагі называюць збег абставінаў, якія павялічваюць разбуральную моц стыхіі ў некалькі разоў.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: