Ідэя стварэння партыі Бабарыкі размывае адзінства і падмяняе прыярытэты

Спачатку — сыход Лукашэнкі і новыя выбары, потым — колькі заўгодна новых партыяў, праграмаў, канстытуцыйная рэформа і выбар шляхоў развіцця краіны.


Ідэя з абвяшчэннем «партыі Бабарыкі» нагадала мне жарт, які я калісьці сам прыдумаў. «Сто гадоў! — традыцыйна крычалі госці імянінніку. Забыўшыся, што яны сабраліся адзначыць ягонае 105-годзьдзе».

Так і тут — ёсць адчуванне той самай недарэчнасці, калі гэтая ідэя ні да месца, ні да часу. Каманда Бабарыкі дзейнічае паводле нейкага плану, створанага яшчэ ў чэрвені, да ягонага затрымання, не звяртаючы ўвагу на тое, што сітуацыя і краіна змяніліся.

«Мы не смогли победить на выборах», — кажа Бабарыка на відэа, і ягоная каманда нават не асмелілася выразаць гэтую фразу. Але гэта няпраўда: Святлана Ціханоўская перамагла на гэтых выбарах. Проста ўзброеная група захапіла, узурпавала ўладу ў краіне і пакуль яе ўтрымлівае.

І цяпер у гэтай незаконнай улады каманда Бабарыкі збіраецца прасіць дазволу на рэгістрацыю новай партыі? Да ведама скажу, што, здаецца, за апошнія гадоў 15 у Беларусі не зарэгістравалі ніводнай новай партыі. Ды ўвогуле, яшчэ адна партыя — гэта тое, чаго патрабуюць сотні тысяч пратэстоўцаў? Хіба хто чуў, каб яны крычалі: «Хочам новую партыю з назвай „Вместе“»? Не, людзі крычаць: «Сыходзь!» і «Трыбунал!»

Паказальна, што і Святлана Ціханоўская крытычна выказалася аб гэтай ідэі. «Я не згодная, што першая задача, якая стаіць перад намі — гэта канстытуцыйная рэформа. Такая пастаноўка мэты не адпавядае патрабаваннем беларускага народу і выглядае двухсэнсоўнай, бо сёння Лукашэнка спрабуе адцягнуць свой сыход, ведучы гаворку пра незразумелую канстытуцыйную рэформу ў няпэўныя тэрміны», — піша Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.

Трэба сказаць шчыра — ідэя стварэння партыі Бабарыкі размывае адзінства і падмяняе прыярытэты. Прыярытэты, якія, здавалася б, ні ў каго не выклікалі пярэчання: спачатку — сыход Лукашэнкі і новыя выбары, потым — колькі заўгодна новых партыяў, праграмаў, канстытуцыйная рэформа і выбар шляхоў развіцця краіны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: