Ігар Барысаў зноў абраны старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)

Старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) на другі тэрмін пераабраны Ігар Барысаў. Такое рашэнне прынята на з'ездзе партыі ў Мінску.

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў нарадзіўся 24 мая 1982 года ў Магілёве. З 2018 г. жыве ў Мінску.

Скончыў Беларуска-Расійскі універсітэт (Магілёў) і Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (Вільня). Мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага. Магістр палітычных навук.

У БСДП ўступіў у 2001 годзе. З 3 жніўня 2008 года член ЦК БСДП, з 2009 года Адказны за партыйную працу ў Магілёўскай вобласці, член Прэзідыума БСДП. З 10 кастрычніка 2010 года намеснік старшыні БСДП. З 13 сакавіка 2016 года першы намеснік старшыні БСДП. З 11 сакавіка 2018 года старшыня БСДП.

На З'ездзе Ігар Барысаў прадставіў даклад аб неэфектыўнасці беларускай эканамічнай мадэлі.

«Правалена так званая мадэрнізацыя, якая абышлася краіне ў 50 мільярдаў даляраў. У сілу сваёй эканамічнай неплацежаздольнасці краіна адмовілася ад рэструктурызацыі прамысловых прадпрыемстваў, кошт якіх быў ацэнены экспертамі ў 100 мільярдаў даляраў. 25% дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый з'яўляюцца стратнымі, што якарам цягне нашу эканоміку на дно, аднак, жадаючы кантраляваць людзей, улада не адмаўляецца ад падтрымкі гэтых прадпрыемстваў», — гаворыцца ў дакладзе.

Аўтар дакладу падкрэслівае, што «беларускі эканамічны цуд» заключаўся ў тым, што краіна атрымлівала чвэрць бюджэту за кошт перапродажу расійскай нафты, якую набывала танней рынкавай цаны.

«Калі абваліліся сусветныя цэны на нафту, гэта моцна закранула і Беларусь, бо каля 35% яе эканомікі было завязана на продажы сыравіны, найбольшы прыбытак і адсотак якога прыпадаў на расійскую нафту. Такі высокі працэнт выжывання за кошт сыравіны, а не тэхналагічных прадуктаў, сведчыць аб тэхналагічнай адсталасці краіны», — заяўляе БСДП (Грамада).

Адзначаецца, што цана на нафту для Беларусі з'яўляецца «кароткім ланцужком», на якім Крэмль трымае беларускую ўладу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: