Ілля Дабратвор – другі прэтэндэнт на старшыню Партыі БНФ

Індывідуальны прадпрымальнік, бацька пяцёх дзяцей публічна заявіў, што будзе балатавацца на пасаду старшыні Партыі БНФ.
Ілля Дабратвор кажа, што мае праграму разьвіцця партыі.

«Я выступаю за канструктыўны дыялог у тым ліку і з уладай. Бо некаторыя пытанні, якія тычацца разьвіцця краіны наша партыя проста не можа вырашыць самастойна.

Таксама я спадзяюся распачаць працэс аб"яднання дзвюх партый, на якія ў свой час раскалоўся БНФ. Я разумею, што гэта будзе няпроста і імгненна гэта зрабіць немагчыма. Гэта доўгі працэс, які вымагае цярпення і разумення з абодвух бакоў. У бліжэйшы час хачу правесці перамовы на гэты конт з Зянонам Пазняком.

На мой погляд, прайшоў час, калі можна было канфліктаваць і раскідвацца актывістамі, выбітнымі асобамі. Трэба іх збіраць і аб'ядноўваць. Я хачу, каб у партыю БНФ вярнуліся такія знакавыя асобы як Вінцук Вячорка, Вацлаў Арэшка, Лявон Баршчэўскі й іншыя».

Летась Ілля Дабратвор браў удзел у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. У акрузе ён заняў другое месца, прычым за яго прагаласавала найбольшая колькасьць выбарнікаў параўнальна з іншымі апазіцыянерамі.

Таксама пра свой намер вылучацца на пасаду старшыні Партыі БНФ заявіла Вольга Дамаскіна з Наваполацка.

Цяперашні старшыня партыі Аляксей Янукевіч, паводле партыйнага статута, не мае права абірацца кіраўніком яшчэ на адзін тэрмін запар. З'езд БНФ пройдзе ў верасні.

Паводле Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ёлка-іголка
  • 2017-08-26 17:28:01
ну так. спінагрызаў карміць жа трэба