Юрась Беленькі: Інфармацыя пра вяртанне Пазьняка — правакацыя спецслужбаў

“Гэта правакацыя спецслужбаў, прычым расейскіх”, — так назваў ілжывыя звесткі пра вяртанне палітыка Зянона Пазьняка намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.
 



Юрась Беленькі. Фота з сайта www.racyja.com


Паводле яго слоў, ёсць інфармацыя, што Пазьняк знаходзіцца ў сакрэтным спісе расейскіх спецслужбаў, у якім ёсць прозвішчы асобаў, якія падлягаюць знішчэнню:

— Правакацыі супраць спадара Пазьняка здяйсняліся ў розных формах усе гэтыя гады. Інфармацыю атрымалі непасрэдна з КДБ, што была створана група на чале з Шэйманам, спецпадраздзяленне, якое складала дэтальны план забойства Пазьняка. Гэта Расея за гэтым стаіць, у спісах спецслужбаў былі: Чарнавіл, Гамсахурдзія, Паліткоўская і гэтак далей. У іх ёсць спіс асобаў, якія мусяць быць знішчаны. Зянона Пазьняка ім знішчыць не ўдалося.

Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк пацвердзіў словы свайго намесніка Юрася Беленькага, які назваў звесткі пра вяртанне палітыка ў Беларусь з мэтай ўзначаліць новы рух і звергнуць Лукашэнку, ілжывымі. „Планаў вяртацца ў Беларусь няма”, — кажа Зянон Пазьняк:

— Гэта правакацыя. Я пра гэта першы раз чую. Але я ведаю, што ў мае паштовыя скрынкі залазяць. Я часам атрымліваю спам са сваёй жа пошты. Таму ўвесь час хтосьці курыруе гэтай поштай, падрабляюць, рассылаюць бязглуздзіцу. Нават былі фіктыўныя інтэрнэт-старонкі, дзе нехта ад майго імя змяшаў там тэарэтычныя работы — нейкую лухту. Таму ўсё гэта — правакацыя. Ніякага дачынення я да гэтага не маю.

 Сёння на рэдакцыйную скрыню "Радыё Рацыя" прыйшло паведамленне нібыта ад імя Зянона Пазьняка. У ім пазначана, што “сітуацыя ў Беларусі выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі. Таму ў самы бліжэйшы час Пазьняк нібыта плануе вярнуцца ў Беларусь і ўзначаліць рух за вызваленне Бацькаўшчыны ад здрадніка і вырадка народа, якога не павінна насіць беларуская зямля. Ужо гадзіннік празваніў на Айчыннай вежы. Ганьба — не наш шлях. Наш шлях — гонар і барацьба. Арду пераможа не армія, яе пераможа толькі Беларускі Народ. Заклікаю ўсіх беларусаў далучыцца да руху барацьбы за Свабоду. 25 сакавіка пачнем вызваленне Беларусі!” І подпіс Зянона Пазьняка.

Нагадаем, намеснік Пазьняка Юрась Беленькі назваў гэты ліст правакацыяй з боку расейскіх спецслужбаў, якія праводзяць кампанію супраць Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: