Інтэграцыйная пастка і апазіцыйная здрада

У сувязі з апошнімі падзеямі вакол заяваў Мядзведзева і Лукашэнкі не пакідае адчуванне, што, у прынцыпе, нічога новага не адбываецца.

Панікаваць з нагоды прапановы Мядзведзева пакуль рана. Чаму? Таму што падобныя клінчы былі ў гісторыі беларуска-расійскіх адносінаў не раз і не два. Таксама і таму, што нават калі Расія адмовіць у падатковым манёўры, гэта яшчэ далёка не канец: ані рэжыму, ані двухбаковым адносінам. 300$ млн у год — гэта не тая сума, без якой эканоміка Беларусі хутка і беспаваротна загнецца.

Прагнозы рабіць пакуль рана.

Але важна іншае: рэакцыя часткі грамадзянскай супольнасці (СМІ, блогераў, каментатараў) на тое, што адбываецца. Адразу з некалькіх бакоў ідзе ўстойлівы наратыў: «Лукашэнка змагаецца за незалежнасць!», «Пакуль Лукашэнка з намі — мы незалежныя!», «Калі што — трэба разам з Лукашэнкам супраць Расіі!» і таму падобнае. У такім духу нядаўна выказаўся Зміцер Панкавец з НН, сама ж НН апублікавала чарговы «інсайд»  аб нейкім «паседжанні ў Лукашэнкі», на якім усе чыноўнікі адзінадушна вырашылі абараняць незалежнасць да апошняй кроплі крыві. Магчыма, «Нашай Ніве» мэтанакіравана злілі (ажно з двух незалежных крыніц — каб патрапіць наверняка!) гэтую інфармацыю — падражніць Пуціна. Маўляў — мы тут усе разам, гарой!

І ўжо раптоўна адыходзіць на другі і дзесяты план тое, хто такі Лукашэнка. І ягоная роля ў склаўшайся сітуацыі.

Людзі, якія заводзяць шарманку пра тое, што «Лукашэнка — гарант незалежнасці», — альбо карысныя дурні, альбо агенты КДБ, якім шчоўкнулі тумблер у патрэбную хвіліну: працуйце.

Парадаксальна, тыя, каго Лукашэнка гнабіў, аб каго выціраў ногі, закрываў, увогуле за людзей не лічыў, зараз гатовыя ўстаць за яго і кажуць аб гэтым публічна. Бо «незалежнасць юбер аллес».

У гэтым хаваецца вялізарная небяспека і стратэгічная памылка. Лукашэнка — не гарант незалежнасці і ніколі ім не быў. Бо менавіта ён 25 год мэтанакіравана ішоў да сённяшней памежнай сітуацыі, здаючы незалежнасць крок за крокам у абмен на нафтавыя і газавыя падачкі. У яго быў шанец павесці Беларусь у іншы бок. Ён зрабіў усё, каб гэты шанец забіць. Менавіта ён прывёў краіну ў той стан, калі зараз, каб не прыйшлі зялёныя чалавечкі, яму трэба, фігуральна кажучы, ледзь не поўзаць у нагах у Пуціна з завярэннямі,  што Гомель і Віцебск — расійскія гарады. Усе 25 год ён вёў да гэтага, бо яго ніколі не цікавіла, не цікавіць і не будзе цікавіць нічога акрамя асабістай ўлады. І тая ж самая «незалежнасць» для яго толькі шырма, скарыстаўшы якую, ён хоча працягнуць свой век ва ўладзе. І рабіць што..? Правільна — працягваць дзяліцца суверэнітэтам для ўмацавання дыктатуры.

Прыхільнікам канцэпту «Лукашэнка наш гарант» хочацца нагадаць: ставячы незалежнасць краіны ў залежнасць ад аднаго чалавека, вы такім чынам пераўтвараеце сваю краіну, народ, культуру ў закладнікаў гэтага аднаго чалавека. Вы робіце лёс краіны залежным ад настрою мізінцу левай нагі царственнай асобы. Такім чынам, зводзіце ролю народа ў гісторыі да марыянеткавай і дэкаратыўнай.

Незалежнасць не ёсць і не можа быць самамэтай, сакральным і містычным фактарам, які даражэй за ўсё апрыёры. Таму што няма нічога цаннейшага за Чалавека і ягоныя правы і свабоды. Любыя сцверджанні аб тым, што ёсць нейкія ідэі ці мэты, важнейшыя за жыцці, свабоды і дабрабыт людзей, патыхаюць фашызмам. Незалежнасць ад Расіі патрэбная Беларусі не таму, што паміраць за кавалак зямлі — гэта крута, а таму што незалежнасць дае канкрэтныя рэчы: пэўны ўзровень правоў чалавека і адсутнасць нацыянальнай дыскрымінацыі. Будзе тут Расія — будзе нашмат горш, людзей будуць забіваць і катаваць у адкрытую, беларусам адмовяць у праве на існаванне. Менавіта таму за незалежнасць трэба стаяць.

І менавіта таму заклікаць стаяць за яе разам з Лукашэнкам, які 25 год душыў Чалавека і ўсё людскае ў Беларусі — гэта самая сапраўдная здрада.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!