Ірландыя расследуе пасадку самалёта «Ryanair» і рыхтуе ўзмацненне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Ірландыя працягне ініцыяваць узмацненне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі і займаецца расследаваннем інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёту «Ryanair» у Мінску. У гэтым Святлану Ціханоўскую запэўнілі ірландскія міністры, распавядае «Белсат».

«Святлана патэлефанавала мне літаральна праз гадзіну пасля выкрадання самалёта. Яна сказала, што неабходна тэрмінова правесці незалежнае расследаванне, таму што шмат інфармацыі можа быць згублена або скажона прапагандай. Мы ўсе чулі гэтыя заявы, і я не хачу цяпер іх паўтараць», — кажа міністр еўрапейскіх справаў у Ірландыі Томас Бэрн.

Напярэдадні Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральным дырэктарам авіякампаніі «Ryanair» Майклам О’Ліры. Ён заявіў, што авіякампанія праводзіць уласнае расследаванне па факце выкрадання самалёта, і прэзентаваў беларускай лідарцы справаздачу аб праведзенай працы. Ціханоўская падзякавала гендырэктару за прынцыповую пазіцыю і прапанавала падтрымаць падачу міжнароднага пазову супраць рэжыму Лукашэнкі ў справе захопу самалёту.

Пра новыя санкцыі супраць рэжыму таксама казаў і сенатар ірландскага парламенту Бэры Ўорд.

«Лукашэнка не можа быць пры ўладзе вечна. Перамены непазбежныя — яны ўжо надыходзяць. У Беларусаў зараз велізарнае падтрыманне міжнароднай супольнасці і вельмі вялікае падтрыманне менавіта тут — у Ірландыі. Як чалец парламенту я вельмі добра ведаю гэтую сітуацыю і заклікаю прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці, заклікаю вызваліць палітвязняў, заклікаю да ўвядзення больш сурʼёзных санкцыяў супраць гэтага рэжыму», — сцвярджае сенатар парламенту Ірландыі Бэры Ўорд.

З просьбай жа асабіста сустрэцца са Святланай Ціханоўскай да прэзідэнта ЗША Джо Байдэна звярнуліся амерыканскія кангрэсмены. Візіт Святланы Ціханоўскай у гэтую краіну мае адбыцца ўжо неўзабаве.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: