«Я баюся правакацый». Ціханоўская здымае пікеты ў Мінску і абласных гарадах

Прэтэндэнт у прэзідэнты Святлана Ціханоўская здымае свае пікеты па зборы подпісаў у Мінску і абласных гарадах на 12, 13 і 14 чэрвеня з-за асцярогі, што там могуць адбыцца правакацыі ў дачыненні да зборшчыкаў подпісаў. Пра гэта яна заявіла ў відэа, апублікаваным у телеграм-канале «Выбары. Беларусь».
У відэа Ціханоўская звярнулася да членаў сваёй ініцыятыўнай групы і каардынатараў.

— У сувязі з тым, што адбываюцца затрыманні, вас караюць «суткамі», штрафамі, адбываюцца правакацыйныя дзеянні на пікетах па зборы подпісаў у маю падтрымку, я звяртаюся да вас. Калі ласка, бліжэйшыя дні — пятніца, субота, нядзеля — не праводзіць пікеты па зборы подпісаў у Мінску і ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. У гэтыя дні я асцерагаюся рознага роду правакацыяў у дачыненні да вас. І, паверце, ні адзін сабраны подпіс не варты таго, каб пакутавалі вы і вашыя сем'і, — сказала Ціханоўская.

Збор подпісаў будзе працягвацца ў рэгіёнах, дзе не такая вялікая колькасць людзей. І ініцыятыўная група Ціханоўскай падасць у ЦВК столькі подпісаў, колькі ўжо сабрала.

— Я вельмі ўдзячная вам за вашу тытанічную працу ў такіх цяжкіх умовах. Я дзякую вам за падтрымку і разуменне, беражыце сябе і сваіх блізкіх, — дадала Ціханоўская.

Нагадаем, у інтэрв'ю «Белсату» Ціханоўская агучыла прамежкавую лічбу агульнай колькасці сабраных подпісаў — 60 тысяч. Прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Аляксандр Кабанаў сказаў TUT.BY, што гэтая лічба нясвежая і лічыць подпісы ініцыятыўная група будзе пасля 13 чэрвеня. Паколькі апошні дзень падачы подпісаў у раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах камісіі 19 чэрвеня, а на іх праверку ініцыятыўнай групе трэба некалькі дзён, выходзіць, што пікетаў па зборы подпісаў у Мінску і абласных гарадах за Ціханоўскую, хутчэй за ўсё, ужо не будзе.

Паводле інфармацыі пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтру "Вясна" па стане на 5 чэрвеня, 12 сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай пацярпелі пераслед, затрыманні і адміністрацыйныя пакаранні. Як мінімум яшчэ адзін чалавек — Алег Баброўскі — быў затрыманы 7 чэрвеня на пад'ездзе да Камароўкі. Двое з усіх затрыманых атрымалі 15 сутак арышту, восем чалавек, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, праходзяць па крымінальнай справе. Яшчэ некалькі сябраў групы затрымлівалі, некаторых прама на пікеце, а потым адпускалі, выпісаўшы штраф за дробнае хуліганства.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: