Я не хачу ў Расію! А вы?

Незалежнасць нашай краіны — наша агульная каштоўнасць, наш здабытак. Калі мільён грамадзян выкажа сваю пазіцыю — з гэтым ніхто не зможа не лічыцца. І тады мы выйдзем на Плошчу святкаваць чарговыя ўгодкі нашай незалежнасці, а не пратэставаць супраць яе продажу.

Адвесці бяду, пакуль яна не здарылася

Не варта чакаць, пакуль бяда прыйдзе ў дом, трэба прыняць меры, каб яна наогул не здарылася. Ад выпадковых непрыемнасцяў людзі страхуюцца, але большасць непрыемнасцяў і бедаў зусім не выпадковыя, яны ўзнікаюць ад нядбайнасці, бестурботнасці, недальнабачнасці, самазаспакоенасці. І ад глупства. Гэта калі людзі самі напрошваюцца на непрыемнасці, бяздумна рызыкуюць, не жадаюць заўважаць пагрозу.

Пагроза страты незалежнасці нашай краіны існуе з 1994 года, калі тры з шасці перадвыбарчых прэзідэнцкіх праграмаў, так ці інакш, утрымлівалі адмову ад атрыбутаў незалежнасці. У 1998 годзе былі падпісаны пагадненні, якія адкрывалі юрыдычныя магчымасці для паглынання Беларусі Расіяй. І вось ужо 20 гадоў мы жывём з гэтай пагрозай.

У 2018 годзе сітуацыя абвастрылася. У СМІ разгарнулася шырокая кампанія, якая змяшчае, па большай частцы, фэйкавыя навіны і здагадкі палітыкаў, экспертаў і каментатараў. Інфармацыйная хваля падмацоўвалася прызначэннем расійскага пасла з сумнеўнай рэпутацыяй, заявамі расійскага прэм’ер-міністра на беларускай зямлі, дакучлівымі запэўненнямі беларускага кіраўніка аб сваім суверэнітэце, падатковым манеўрам Расіі, частымі безвыніковымі сустрэчамі кіраўнікоў дзвюх краін.

Я памятаю пра пагрозу страты незалежнасці, ведаю пра дамоклаў меч, падвешаны недальнабачнай і антынацыянальнай палітыкай рэжыму яшчэ ў канцы 1990-х гадоў. Але я нічога не ведаю пра прадмет апошніх перамоваў кіраўнікоў Беларусі і Расіі, пра планы і намеры дыктатараў, пра тое, у якім стане зараз знаходзіцца працэс «інтэграцыі», і ці ідзе працэс наогул.

Уладзімір Мацкевіч

Што я ведаю і чаго не ведаю

Я ведаю, што пытанне пра інкарпарацыю Беларусі ў Расію ўсе апошнія дзесяцігоддзі не здымалася з парадку дня ў Крамлі, але заўсёды змяшчалася ў «доўгую скрыню», адкладалася на потым. Але я не ведаю, пад якім нумарам гэта пытанне стаіць у актуальным парадку дня.

Я ведаю, што Уладзімір Пуцін не збіраецца сыходзіць з пасады кіраўніка Расіі пасля заканчэння чарговага прэзідэнцкага тэрміну, і ў прэзідэнцкім атачэнні прапрацоўваюцца некалькі сцэнараў падаўжэння яго паўнамоцтваў. Усе сцэнары, так ці інакш, маюць на ўвазе перапісванне Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі. Але для змены Канстытуцыі патрэбныя важкія прычыны і падставы. У распрацоўцы знаходзіцца некалькі варыянтаў, прыдумляюцца розныя прычыны і падставы для змены Канстытуцыі. Адной з падстаў можа стаць аб’яднанне Расіі і Беларусі ў адзіную дзяржаву. Але я не ведаю, ці з’яўляецца варыянт аб’яднання асноўным, ці толькі запасным.

Я ведаю, што расійскімі прапагандыстамі распаўсюджваюцца два супярэчныя міфы пра Беларусь. Асноўны міф сцвярджае, што беларусы і рускія — адзін народ, нічым адзін ад аднаго не адрозніваюцца, і ўсе беларусы хоць цяпер гатовыя з радасцю і ўдзячнасцю ўліцца ў Расію, толькі Лукашэнка і яго асяроддзе гэтаму перашкаджаюць.

Іншы міф прыпадабняе Беларусь да Украіны, дзе тон задаюць «западэнцы», нацыяналісты, «бандэраўцы», і вось-вось здарыцца беларускі майдан, які Расія абавязаная прадухіліць любой цаной.

Але я не ведаю, у які з гэтых двух міфаў больш вераць у Расіі, і які з іх стане афіцыйнай версіяй Крамля ў выпадку рэалізацыі сцэнару інкарпарацыі Беларусі. Ад гэтага залежыць тое, наколькі грубай і крывавай будзе рэалізацыя.

Я ведаю, што ўсе словы Лукашэнкі пра незалежнасць і суверэнітэт — пустая рыторыка. Каштоўнасцю і мэтай для яго з’яўляецца толькі ўлада. Пакуль незалежнасць і суверэнітэт Беларусі застаюцца ўмовамі яго ўлады. Ён будзе гатовы прыняць і іншыя ўмовы, замест гэтых, калі кошт яго задаволіць. Гандаль незалежнасцю працягваецца ўжо больш за два дзясяткі гадоў, значная частка суверэнітэту ўжо прададзеная. Але я не ведаю, пра што гандлююцца кіраўнікі Расіі і Беларусі гэтым разам. Што выстаўлена на продаж і якая цана?

Я ведаю, што за пагадненне аб так званай Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі мы заплацілі вялікую цану. Развіццё краіны затармазілася на дзясяткі гадоў. Мы страцілі магчымасць зрабіць нашу прамысловасць канкурэнтаздольнай пры рынкавых цэнах на энерганосьбіты, паставілі ўсю эканоміку ў залежнасць ад іншай краіны. Мы і цяпер губляем на экспартна-імпартных аперацыях, паколькі яны адрэгуляваныя на карысць Расіі, а не Беларусі. Мы спазніліся з развіццём транспартнай і лагістычнай інфраструктуры, у інвеставанні ў інавацыйныя галіны эканомікі.

Сацыяльныя, культурныя, гуманітарныя страты наогул нельга падлічыць. Мы не кантралюем інфармацыйную сферу і сферу адукацыі. Паставілі беларускую мову на мяжу выжывання. Амаль забілі кінематограф, кнігавыдавецтва, папулярную музыку. Губляем пазіцыі ў турызме, рэкрэацыйным бізнесе, аддалі расіянам сферу забаў, адкрыўшы для іх мноства казіно. Але я не ведаю, ці разумеюць усё гэта грамадзяне Беларусі і ўрад краіны.

Я ведаю, што інкарпарацыя Беларусі ў Расію павернецца велізарнымі, незлічонымі стратамі для нашай краіны, для абсалютнай большасці людзей. Шкоду і страты ад гэтага панясе і Расія. Вельмі нямногія ў Расіі гэта разумеюць, а тыя, хто разумее, не можа нічога змяніць. Але я не ведаю, ці шматлікія беларусы гэта разумеюць. Колькі з тых, хто разумее, гатовыя нешта рабіць, каб не дапусціць бяду ў нашу краіну, у кожны дом?


Што я павінен і што я магу зрабіць

Агульную бяду можна адвесці толькі разам, аб’яднанымі намаганнямі, салідарнымі дзеяннямі. Героі, якія ратуюць свет і чалавецтва, добрыя ў кнігах і кіно. Ні адзін герой, ні група герояў не могуць выратаваць усіх. Асабліва калі людзі не хочуць ратавацца. А тое, што ў краіне ёсць шмат людзей, якія не хочуць ратавацца ад навіслай пагрозы, я ведаю.

Частка насельніцтва схільная да расійскай прапаганды. Гэтыя людзі нават мараць пра інкарпарацыю Расіяй.

Значная частка знаходзіцца пад уплывам беларускай прапаганды аб брацкіх адносінах, аб заходняй пагрозе, аб выгодах савецкага ладу і сацыялізму.

Яшчэ большая частка грамадства заражаная «стакгольмскім сіндромам», комплексам «завучанай бездапаможнасці». Пасіўная частка грамадства перакананая, што ад грамадства — а значыць, і ад іх асабістых дзеянняў — нічога не залежыць, яны ні на што не могуць паўплываць, таму нават не думаюць пра тое, каб уплываць.

Але ёсць грамадзяне, гатовыя да самых радыкальных дзеянняў. Мне пісалі і тэлефанавалі людзі ды паведамлялі, што яны гатовыя нават узяцца за зброю. Што ж! Як дойдзе да такога, я з імі. Вось толькі гэта жэст адчаю. Партызаншчына ў ХХІ стагоддзі ў Еўропе неэфектыўная.

Плошча ці Майдан, каб кожнаму было зразумела, будзе ў любым выпадку. Але выйсці на Плошчу — яшчэ не значыць вырашыць праблему. Поспех Плошчы–Майдана вызначаецца колькасцю і працягласцю, тым, КОЛЬКІ нас будзе на Плошчы і як ДОЎГА мы гатовыя стаяць. Выйсці і сысці — гэта для ачысткі сумлення. А перамагчы можна толькі ўпартасцю, стойкасцю і мужнасцю, высокай арганізаванасцю і дысцыплінай.

Выйсці — мы выйдзем. Колькі нас будзе? Як доўга мы пратрымаемся? Ці хопіць нам арганізаванасці, дысцыпліны і адказнасці? Я хачу прадухіліць бяду, хачу перамогі. І ведаю, што гэтага ж хочуць многія. Але шмат — гэта колькі? Не ведаю.

А што калі нас будзе мала? І нам не хопіць стойкасці і адказнасці? Часам, так бывае, чалавек павінен здзяйсняць учынкі, нават калі няма надзеі на перамогу. Проста па-чалавечы. Разумеючы, што інакш зрабіць немагчыма.

Я не буду прымаць расійскае або нейкае «саюзнае» грама­дзянства ні пры якіх умовах. Нават калі ўсе астатнія людзі прымуць.

Я не паеду, не збягу з краіны, што б ні здарылася, які б кульбіт ні выкінула гісторыя. Нават у выпадку акупацыі мара аб незалежнай Беларусі не павінна памерці. І захавацца мара можа толькі людзьмі, якія жывуць у Беларусі, што б з ёй ні адбывалася. Хтосьці павінен марыць і перадаць мару наступным пакаленням. Мару і мэту. Пакуль ёсць мэта — ёсць і надзея яе дасягнуць.


Я ведаю, што многія думаюць падобным чынам. І дзейнічаць будуць гэтак жа. Не ведаю, колькі нас.

Мне казалі з сумневамі, што можа быць яшчэ не час услых казаць пра ўсё гэта. Бо яшчэ нічога не вядома. Словы і ўчынкі павінны быць своечасовымі. І чым сур’ёзней рызыкі, чым важней мэта, тым больш значныя памылка. «Сёння рана, а заўтра позна». І спяшацца шкодна, і спазняцца небяспечна.

Шкодны фальстарт з Плошчай. Шкодная паніка і алармізм. Але папярэджанне пра пагрозу і небяспекі не бывае заўчасным. Не будзе заўчасным і папярэджанне пра тое, што прэзідэнты не маюць права і не могуць вырашаць за народ, за грамадства, за чалавека і грамадзяніна.

Яны павінны ведаць, што іх рашэнні, якія б варыянты ні распрацавалі іх «працоўныя групы», не будуць канчатковымі. Вырашаць будзе грамадства.

Я ведаю, што я буду рабіць пры любым варыянце разгортвання падзей. Я буду дзейнічаць так, як вырашаю я, і не буду арыентавацца на тое, што вырашаюць іншыя. Але мне важны тыя, хто думае гэтак жа, як я, і будзе дзейнічаць гэтак жа, як я.

Я — грамадзянін незалежнай Рэспублікі Беларусь, і застануся ім назаўжды, што б ні рабілі здраднікі незалежнасці, і колькі б іх ні было. Сваё рашэнне я прыняў даўно, і яно нязменнае. Незалежнасць нашай краіны — наша агульная каштоўнасць, наш здабытак. Калі мільён грамадзян выкажа сваю пазіцыю, з гэтым ніхто не зможа не лічыцца. І тады мы выйдзем на Плошчу святкаваць чарговыя ўгодкі нашай незалежнасці, а не пратэставаць супраць яе продажу.

Я не хачу ў Расію! А вы? Я ніколі не буду рускім, расійскім грамадзянінам! А вы?


Паводле journalby.com,

пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!