Як адзін аграрый забяспечыў працай восем гараджан

«Бог памёр», — абвясціў свету ў 1882 годзе нямецкі філосаф Фрыдрых Ніцшэ. Аднак атэістам радавацца рана, бо поўная цытата класіка падставы для аптымізму актыўным змагарам з рэлігіяй не давала. Цытую: «Бог памёр: але такая прырода людзей, што яшчэ тысячагоддзямі, магчыма, будуць існаваць пячоры, у якіх паказваюць яго цень. — І мы — мы павінны перамагчы яшчэ і яго цень!»

Ніцшэ, калі казаў пра смерць Бога, зразумела, меў на ўвазе Бога Старога і Новага Запавету. Яго смерць у эпоху індустрыялізацыі была заканамерная, бо міфалогія ды рытуалы іудаізму і хрысціянства выбудоўваліся вакол адносін паміж людзьмі, якія спецыялізуюцца на акультурванні раслін і прыручэнні жывёл.

На побытавым узроўні патрэба рэлігіі часта тлумачыцца страхам смерці. Але не ўсё, што ляжыць на паверхні, здольнае выстаяць перад крытычным мысленнем. Запазычу ўзор такога мыслення ў гісторыка Юваля Харары: «У старажытных аграрных грамадствах многія рэлігіі праяўлялі надзіва мала цікаўнасці да метафізічных пытанняў і замагільнага жыцця. Яны засяроджваліся на вельмі зямным — сельскагаспадарчым дабрабыце. Так, напрыклад, Бог са Старога Запавету ніколі не абяцае ніякіх узнагародаў або караў пасля смерці. Замест гэтага ён кажа народу Ізраіля: “Калі будзеце слухаць запаведзі Мае... то дам зямлі вашай дажджы ў свой час... і ты збярэш хлеб твой і віно тваё, і алей твой. І дам траву на полі тваім быдлу твайму; і будзеш есці і атрымліваць асалоду”».


Інфармацыя кіруе светам

У Беларусі колькасць гарадскога насельніцтва стала большая за вяскоўцаў у 1975 годзе. Аднак колькасць нідзе і ніколі аўтаматычна не пераходзіла ў якасць. Таму кожны год мы робімся сведкамі «бітвы за ўраджай», якую аграрыі вядуць пад кіраўніцтвам уладнай «вертыкалі», сфарміраванай з гараджан у першым і другім пакаленнях. І нікога не здзіўляе, што мэтай бітвы з’яўляецца не прыбытак працаўнікоў вёскі, а «харчовая бяспека» дзяржавы.

Свой унёсак у канчатковы вынік робяць і шматлікія кантралёры. «Кантраляваць гэта — адна з функцый міліцыі, КДК, пракуратуры», — у чарговы раз нагадаў адзіны палітык (АП) удзельнікам селектарнай нарады па пытаннях уборкі ўраджаю 23 ліпеня.

Спадзяюся, сярод маіх чытачоў нямала тых, каму ў маладосці пашчасціла вывучаць марксізм-ленінізм. Для астатніх жа прывяду цытату з кнігі Леніна «Дзяржава і рэвалюцыя» (1917): «Улік і кантроль — вось галоўнае, што патрабуецца для (...) правільнага функцыянавання першай фазы камуністычнага грамадства».

Чым завяршылася першая фаза — добра вядома. Не сціхаюць спрэчкі наконт прычын сумнага фіналу. Тут колькі людзей — столькі меркаванняў. Паводле аднаго з іх, даволі папулярнага ў свой час, дзяржава бязбожнікаў і не магла доўга існаваць. Але ці варта лічыць камуністаў бязбожнікамі, або яны адну рэлігію замянілі на іншую? Урэшце, звышзадача любой рэлігіі зводзіцца да надання сэнсу жыццю чалавека. А ўжо ў гэтым камуністы не мелі сабе роўных у XX стагоддзі.

Калі пагадзіцца з Ніцшэ, з моманту смерці Бога не прайшло і 140 гадоў, а для таго, каб яго цень, як цень бацькі Гамлета, назаўжды нас пакінуў, спатрэбіцца тысячагоддзе. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што спробы рэінкарнацыі багоў і рэлігій не спыняюцца. Чарговая нараджаецца на нашых вачах. Імя ёй — датаізм.

Асновы новай рэлігіі сфармуляваў ужо знаёмы нам Юваль Харары ў кнізе «Homo Deus: кароткая гісторыя заўтрашняга дня». Але, як гэта часта здараецца ў жыцці, новае на паверку апынулася сучасным варыянтам добра забытага старога, бо пра тое, што інфармацыя кіруе светам, ведаў яшчэ Натан Ротшыльд — заснавальнік англійскай галіны Ротшыльдаў. З гісторыяй пра тое, як пры дапамозе паштовых галубоў ён здолеў зарабіць за дзень 40 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, можна азнаёміцца ў інтэрнэце — я не буду марнаваць на яе час.


Тунэльны зрок

З дапамогай Харары перанясемся ў сучаснасць: «Палітолагі ўсё часцей гавораць пра палітычныя структуры як пра сістэмы апрацоўкі дадзеных. Аналагічна капіталізму і камунізму, дэмакратыі і дыктатуры з’яўляюцца па сутнасці канкуруючымі механізмамі збору і аналізу інфармацыі. Дыктатарскія рэжымы выкарыстоўваюць цэнтралізаваныя метады, а дэмакратыі аддаюць перавагу размеркаваным».

Які метад эфектыўней? У Старажытным Рыме — цэнтралізаваны, што і прывяло да падзення Рымскай рэспублікі і ўстанаўлення ўлады імператараў-аўтакратаў. Па гэтай жа прычыне ў старажытнагрэчаскіх гарадах уладу рэгулярна захоплівалі тыраны.

Без цэнтралізаваных метадаў апрацоўкі інфармацыі было б немагчыма фарміраванне таталітарных ідэалогій (камунізм, нацызм, фашызм). У аснове кожнай з іх ляжаў грандыёзны план будучыні. Ён быў вельмі просты — і таму адзіны для ўсіх. Але ў сучасным свеце, што бесперапынна ўскладняецца, прапанаваць адзіны для ўсіх план палітыкі не ў стане.

Вось і даводзіцца палітыкам-небаракам, нават тым, хто прэтэндуе на ролю нацыянальных лідараў, перакваліфікавацца ў домакіраўнікі. Гэты пераход заснавальнік датаізму тлумачыць наступным чынам: «Менавіта з-за імклівага развіцця тэхналогій і сваёй разгубленасці з нагоды няздольнасці хутка апрацоўваць дадзеныя сучасныя палітыкі думаюць значна больш вузка, чым іх папярэднікі сотню гадоў таму. Таму палітыка XXI стагоддзя пазбаўленая маштабных прасвятленняў. Урад стаў проста адміністрацыяй. Ён кіруе краінай, але ўжо не вядзе яе за сабой. Ён забяспечвае своечасовую выплату зарплаты настаўнікам і бесперабойнае функцыянаванне сістэм каналізацыі, але не мае ніякага ўяўлення пра тое, дзе краіна будзе праз дваццаць гадоў».

У дробнасці тэмаў ёсць свой плюс. Няздольнасць выпрацоўкі дзяржаўнай ідэалогіі ставіць крыж на масавых мабілізацыях насельніцтва, без якіх не магчымы рымейк Асвенцыму і ГУЛАГу. Максімум, на што сёння могуць разлічваць сучасныя фэйкавыя нацыянальныя лідары, — гэта прымус электарату да «правільнага» галасавання з дапамогай адміністрацыйных мераў. З людзьмі ў пагонах, студэнтамі і іншымі залежнымі ад дзяржавы сацыяльнымі групамі такі тып мабілізацыі пакуль яшчэ праходзіць.

Немагчымасць эфектыўнага засваення ўзрастаючага патоку інфармацыі вядзе да страты кантролю. Працэс гэты аб’ектыўны. Спыніць яго немагчыма. Вось і даводзіцца фэйкавым нацыянальным лідарам, якія прызвычаіліся «ісці ад жыцця», з бясконцай разнастайнасці лёсавызначальных тэмаў канцэнтравацца толькі на некаторых. У псіхалогіі такі тып інфармацыйнага самаабмежавання прынята называць «тунэльным зрокам».

Яскравы прыклад — Пуцін. Яго зацыкленасць на міжнародных праблемах у шкоду праблемам унутраным даўно ўжо ні для каго не з’яўляецца таямніцай. У нацыянальныя лідары бясколерны піцерскі чыноўнік прабіўся «не пераканаўчасцю ўласнай праграмы або красамоўствам папулісцкага дэмагога, а сродкамі палітычнай рэкламы і прапаганды, і толькі пасля таго, як быў устаноўлены поўны кантроль над СМІ, які выключаў з’яўленне любой непажаданай для рэжыму інфармацыі» (Леў Гудкоў, сацыёлаг).


З абстрактнай тэорыі ў рэлігію

Беларускі калега Пуціна прайшоў свой шлях ад кіраўніка дзяржавы, якога «цікавіць усё», да Вярхоўнага кансультанта па надоях і прыбаўленні вагі быдла. Такая зацыкленасць на сельскай гаспадарцы не адпавядае статыстыцы. У 2017 годзе ў сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы Беларусі працавала 416,6 тысячы чалавек (9,6% ад занятых у эканоміцы).

Быццам бы няшмат, але АП сам упэўнены і на працягу многіх гадоў спрабуе пераканаць іншых у тым, што «адзін аграрый дае працу сямі-васьмі людзям». Калі памножыць 416,6 тысячы на 7–8 — мы атрымаем лічбу, што ў тры разы перавышае колькасць занятых у прамысловасці: 2,916 — 3,333 мільёна супраць 1,023 мільёна. Але не варта засмучацца, у рэзерве ў нас ёсць сфера паслуг, у якой працуе 2,633 мільёна чалавек. Вось такая яна, «беларуская мадэль»: IT-краіна з вялікім калгасам у адным флаконе!

Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам. Але чым валодае той, хто інфармацыю атрымлівае па метадзе «трох П» (падлога, плафон, палец)? Каму канкрэтна належыць той палец, з якога высмактаная інфармацыя пра беларускіх аграрыяў-волатаў, якія здолелі замкнуць на сабе ўсю прамысловасць і палову сферы паслуг у прыдачу?

АП любіць разважаць пра незалежнасць краіны, размешчанай «у выдатным, але вельмі небяспечным месцы — геаграфічным цэнтры Еўропы». Небяспекі гэтыя не выдуманыя, яны рэальныя. Іх у штодзённым рэжыме генеруюць свабодны рынак і дэмакратыя, але не праз сваю агрэсіўную прыроду, а таму што ўмеюць больш эфектыўна апрацоўваць інфармацыю.

На нашых вачах датаізм з абстрактнай навуковай тэорыі мутуе ў рэлігію, і падрывае пры гэтым крытэры дабра і зла, што склаліся за тысячагоддзі. Добра сёння тое, што спрыяе бесперашкоднаму распаўсюджванню інфармацыі. Добра сёння тое, што дазваляе атрымліваць высокія ўраджаі без кантралёраў з міліцыі, КДК і пракуратуры.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: