Як арганізаваць народны пратэст

Менавіта сваімі неабачлівымі дзеяннямі ўлада дадала колькасці ўдзельнікаў акцый пратэсту. І, канешне ж, калі народ не запужалі рэальнымі пасадкамі «на суткі», то байкамі пра баевікоў-бандэраўцаў людзей дакладна не спужаеш.

"Зорныя войны" everythingkillsyou.com

Падобна на тое, што ўлада разгубілася. Адна рука не ведае, што робіць другая. Ну як можна было дзейнічаць так, каб шматкроць павысіць градус напружанасці ў грамадстве?

Я не ведаю, хто прыносіць інфармацыйныя зводкі на стол Аляксандру Рыгоравічу. Але гэтая інфармацыя каго заўгодна можа давесці альбо да інфаркту, альбо да істэрыкі. Адзін раз вобразная прамова беларускага кіраўніка ўжо стварыла інтэрнэт-мем, і не толькі. Тыдні два таму ён казаў, што «правакатараў», якія карыстаюцца грамадскімі пратэстамі, трэба павыкалупваць, як разынкі з булкі. У адказ на гэта на плошчы людзі пачалі выходзіць з плакатамі кшталту «Я разынка» ці «Усіх не пакалупаеш».

Зараз Лукашэнка агучыў інфармацыю, што Захад у чарговы раз рыхтаваў узброены пераварот у Беларусі. Нібыта, базы баевікоў былі створаныя ля Бабруйску і Асіповічаў, і там нейкія людзі праходзілі трэнінгі са зброяй. Грошы на гэта ішлі праз Польшчу і Літву, а выяўлена «сетка дыверсантаў» была дзякуючы неабыякавай эмігрантцы з Беларусі, якая прыйшла ў пасольства і пра ўсё гэта расказала.

Як звычайна, кіраўнік дзяржавы сказаў, што больш дакладную інфармацыю ён прадставіць грамадскасці пазней. Але рубель за сто даю, што «пазней» ніякай інфармацыі не будзе.

Нас ужо шматкроць пужалі баевікамі, ды так, што нават надакучыла. У 2006 годзе дагэтуль не вядомыя людзі спрабавалі атруціць водаправод Мінска дохлым пацуком. У 2010-м «знайшлі» нейкі гараж са зброяй. Хто-небудзь чуў, каб па гэтых фактах была распачата крымінальная справа, а вінаватыя прыцягваліся да адказнасці за спробу ўзброенага дзяржперавароту? Нас ужо з дзясятак гадоў палохаюць інструктарамі спачатку УНА-УНСО, потым «Правага сектару». Хоць бы новае што-небудзь прыдумалі.

Калі людзі выходзілі на плошчы з плакатамі пра «разынкі», гэта было цікава і смешна. Калі зараз утворыцца новы мем, і людзі пойдуць на вуліцы з плакатамі «Я баявік, які прайшоў трэнінг у Асіповічах» — так смешна ўжо не будзе. Гэта будзе азначаць вышэйшы градус абуранасці і раззлаванасці. А для таго, каб людзі раззлаваліся, улада сапраўды ўсё робіць сама.

Няўжо не бачна, што тактыка запалохвання не спрацоўвае? Улада павінна была зрабіць высновы з «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка. Перад мерапрыемствам перасаджалі паўтары сотні чалавек у Мінску і рэгіёнах. А на марш выйшла людзей не менш, чым на папярэдні 17 лютага. Улада пасадзіла яшчэ з паўсотні пасля сакавіцкай акцыі, але гэта не спыніла пратэст у рэгіёнах. Сапраўды, калі людзям няма чаго губляць, іх адначасова няма і чым запалохаць.

Кадр з фільма "Зорныя войны"

Да таго ж, скажонае ўспрыняцце рэальнасці непазбежна адбіваецца на адэкватнасці прымаемых рашэнняў. Калі доўга крычаць «Ваўкі!», гэтыя ваўкі абавязкова з’явяцца, — і, хутчэй за ўсё, нябачна, і не з таго боку, адкуль ты іх чакаў.

У любым выпадку, безадказныя заявы кіраўніка дзяржавы толькі падвысілі градус злосці і абурэння ў грамадстве. Асабліва наступная.

Як можна было на ўсю краіну заявіць пра «замарозку» дэкрэту №3, а праз два тыдні на сустрэчы з працоўнымі сказаць: «Дэкрэт №3 я не адмяняў і нават не прыпыняў. Гэта няслушна кажуць. Дэкрэт №3 сёння працуе»? Няўжо Аляксандр Рыгоравіч, які амаль трыццаць гадоў у вялікай палітыцы, не ведаў, што менавіта гэта стане загалоўкамі навінаў? А яго словы пра тое, што ён патрабаваў «спыніць выплаты за гэты год» застануцца амаль незаўважаным фонам?

Менавіта сваімі неабачлівымі дзеяннямі ўлада дадала колькасці ўдзельнікаў акцый пратэсту. І, канешне ж, калі народ не запужалі рэальнымі пасадкамі «на суткі», то байкамі пра баевікоў-бандэраўцаў людзей дакладна не спужаеш.

Можна было б сцішыць пратэст, напрыклад, якой-небудзь пазітыўнай навіной пра чарговы прарыў у нашых адносінах хоць з кімсьці. Аднак з гэтым — швах. На тыдні ў чарговы раз на перамовы па нафтагазавым пытанні ў Маскву злятаў Уладзімір Сямашка. Зыходзячы з таго, што інфармацыя пра яго перамяшчэнні ёсць, а пра вынік гэтых перамяшчэнняў — няма, ён там ні да чаго не дамовіўся. А значыць, эканоміка Сінявокай працягне засмоктвацца ў багну.

Затое, як заўсёды, «парадаваў» Белстат. Згодна яго падлікам, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі за 2016 год знізіліся на 7,3% у параўнанні з узроўнем 2015-га. Прычым, урад планаваў не падзенне, а павышэнне даходаў: праўда, толькі на 0,5%. А праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016–2020 гады закладзены рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе ў адносінах да 2015 года на 9,5–11,6%.

Падаецца, гэта той самы «воўк», які пакрысе падкрадаецца да нас у той час, як мы шукаем невядомых баевікоў у беларускіх лясах.

Ну і, канешне, фішка тыдня. Аляксандр Рыгоравіч загадаў беларускім навукоўцам вынайсці новую крыніцу энергіі. «Яшчэ я б хацеў, каб нашы навукоўцы вынайшлі нейкую новую крыніцу энергіі, каб мы на каленях не поўзалі нават перад нашымі братамі, молячы іх і выпрошваючы тону нафты або кубаметр газу», — працытавала ў аўторак словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Пошукам новых крыніц энергіі зараз заклапочаны ўвесь свет. А вынайдуць яго беларускія навукоўцы. Не верыце? А дарма. Лукашэнка ж доўгі час загадваў знайсці ў Беларусі яшчэ нафту, і напрыканцы мінулага года яму паведамілі — нафта знойдзеная ў аб’ёме 1,7 мільёна тон на год!

Праўда, ніхто не заклапаціўся тлумачэннямі, што менавіта такі аб’ём — 1,7 мільёна тон нафты, — Сінявокая здабывае на сваёй тэрыторыі штогод ужо дзясяткі гадоў. І амаль уся яна, з-за сваёй высокай якасці, ідзе на экспарт у ЗША.

Вось запусцяць БелАЭС, і таксама назавуць яе «новай крыніцай энергіі». Затое будзе што дакласці кіраўніку дзяржавы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Аматар зорных войнаў
  • 2017-03-23 00:47:02
Гэты фільм завецца "Бунтар адзін. Зорныя войны: Гісторыі", а не ніяк 8 частка, якая выйдзе толькі ўзімку.

Больш цікавага на «Новым Часе»: