Як ні лічы — больш за 3% не выходзіць

Мянушка «Саша 3%» настолькі трывала прыжылася ў народзе, што чыноўнікі распачалі сапраўдную вайну з тымі, хто хоць нейкім чынам намякае на надзвычайна нізкі рэйтынг дзеючага кіраўніка дзяржавы.



Краму падарункаў у нацыянальным стылі «Сымбаль.Бай» разграмілі за майкі з надпісамі «Псіхо3%», машыны з такімі ж налепкамі забіраюць на штрафстаянку, па вуліцы ў майцы з такім надпісам таксама далёка не пройдзеш, калі толькі не жывеш на хутары. Тым не менш, то на транспартных прыпынках, то на шапіках «Табакерка» рэгулярна з’яўляюцца ананімныя надпісы «Саша 3%».

І вось да партызанскай вайны далучылася і беларуская міліцыя. Толькі языкастыя інтэрнэт-карыстальнікі пачалі высмейваць пустыя пляцоўкі ў месцах афіцыйнага святкавання дзяржаўнага Дня незалежнасці, у тым ліку на плошчы Перамогі ў Мінску, як Міністэрства ўнутраных спраў паспяшалася апублікаваць сваю статыстыку — паводле лічбаў, па Беларусі каля 300 тысяч чалавек прынялі ўдзел у святкаванні 3 ліпеня. Пракол дык пракол! 300 тысячаў — гэта прыкладна 3% ад агульнай колькасці жыхароў Беларусі. Выходзіць, міліцыя ўскосна прызнала тую самую лічбу, «якую нельга называць». Праўда, калі меркаваць па фотаздымках са святкаванняў у сталіцы, у Мінску і працэнта не назбіраецца — нездарма кіраўнік дзяржавы так не любіць наравістых мінчукоў.


Падчас святкаванняў афіцыйнага «Дня незалежнасці» гучалі традыцыйныя лозунгі: «Мы перамаглі!». Дзякуючы пандэміі каронавіруса, сёлета Аляксандр Лукашэнка акрамя традыцыйнай перамогі над фашыстамі змог пахваліцца і перамогай над вірусам. І сапраўды, па зводках Мінаховы здароўя, перамога ідзе поўнай хадой — колькасць захварэлых штодня змяншаецца, і ўжо складае менш за 300 чалавек на дзень. Усё ідзе да таго, што да 9 жніўня — дня, на які прызначана пераабранне Аляксандра Лукашэнкі, — гэтая лічба будзе блізкая да 0. 

Праўда, ёсць шэраг пытанняў, якія застаюцца без адказу, — Міністэрства аховы здароўя не раскрывае іх у сваіх прэс-рэлізах, а тэматычных прэс-канферэнцый з журналістамі не было ўжо некалькі месяцаў. Напрыклад, чаму колькасць ахвяраў не змяншаецца прапарцыйна колькасці захварэлых, а працягвае заставацца на ўзроўні +/- 5 чалавек на дзень? Чаму, згодна з новым загадам №690, пацыентаў з сярэднецяжкай формай пнеўманіі будуць лячыць дома, а не шпіталізаваць, калі ў шпіталях дастаткова свабодных койка-месцаў, як тое рэгулярна рапартуецца? Ці праўда, што фіксуецца шмат паўторных шпіталізацый хворых, якіх выпісалі з недалечанымі пнеўманіямі, як пра гэта цішком паведамляюць лекары ў недзяржаўныя СМІ? Цалкам верагодна, што нейкія паляпшэнні ў Беларусі сапраўды ёсць, але як у іх верыць, калі на свае вочы сутыкаешся і бачыш, колькі рэальных хворых вакол, і калі Мінаховы здароўя не дае ўцямных адказаў, пазбягае адкрытасці і шчырасці.

А вось сталічныя рэстаратары ды ўладальнікі дробных кропак харчавання атрымалі максімальна шчыры адказ ад мінскага «Водаканала» — пераразлік па халоднай вадзе не будзе тычыцца ІП ды юрыдычных асобаў. Не паспелі кавярні ачомацца ад убыткаў з-за каронавіруса, як аказваецца, што плаціць за памылку пакуль што невядомых грамадскасці супрацоўнікаў камунальных службаў, датычных да забруджвання вады, павінны таксама яны. А затраты немалыя — посуд у кавярнях мыць трэба, прадстаўляць ваду, каб людзі маглі памыць рукі перад ежай трэба, а галоўнае — мыць прадукты і гатаваць на забруджанай вадзе таксама не будзеш! Тыя, у каго не было магчымасць стаяць у чэргах да вадавозаў, былі вымушаныя на працягу некалькіх дзён набываць ваду ў супермаркетах за свае кроўна заробленыя грошыкі. Пераразлік мог бы часткова кампенсаваць незапланаваныя траты, але камунальнікам вельмі ўжо не хочацца пазбаўляць сябе прыбытку — тарыф для юрыдычных асобаў у чатыры разы большы, чым для фізічных. Дзіўна, як бізнес наогул выжывае ў нашай краіне — падаткамі ціснуць, праверкамі ціснуць, арэндай ціснуць, у крызісны час не дапамагаюць, за брудную ваду і тое аплату хочуць садраць. Суцэльныя катаванні!

Дарэчы, пра катаванні — Беларусь заняла апошняе месца ў «Індэксе забароны катаванняў», што быў упершыню складзены праваабарончымі арганізацыямі для васьмі постсавецкіх краін. Гэта значыць, што беларускія праваахоўныя структуры найгорш супрацьдзейнічаюць катаванням у краіне. У Беларусі нават няма адмысловага артыкула Крымінальнага кодэкса за здзяйсненне катаванняў — часцей за ўсё, катаванні кваліфікуюць як перавышэнне службовых паўнамоцтваў з ужываннем гвалту. Агулам даследчыкі ўлічвалі каля 60 крытэрыяў, сярод іх — колькасць заяваў, крымінальных справаў і прысудаў аб катаваннях, колькасць рашэнняў міжнародных органаў, якія фіксуюць праблему катаванняў у краіне. На першым месцы ў індэксе — Малдова з 121,26 бала, на перадапошнім — Таджыкістан з адмоўным індэксам -10,79. Для параўнання — у Беларусі адмоўны індэкс -94,2, амаль у 10 разоў горш! Выглядае, што без сур’ёзных сістэмных зменаў у праваахоўнай галіне Беларусь яшчэ доўга будзе займаць ганебнае апошняе месца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: