Як пакараць беларускіх сілавікоў за гвалт?

У Еўрапарламенце 16 кастрычніка абмеркавалі, як спыніць гвалт, які чыніцца беларускімі сілавікамі супраць удзельнікаў пратэстаў. Што можа прапанаваць ЕС, акрамя санкцый?


У пятніцу, 16 кастрычніка, Камітэт па замежных справах сумесна з падкамітэтам па правах чалавека правёў слуханні, прысвечаныя таму, як змагацца з беспакаранасцю сілавікоў за ўжыванне гвалту супраць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі, паведамляе DW .

"Людзі на вуліцах патрабуюць міжнароднай справядлівасці, таму што правасуддзе ўнутры Беларусі для іх недаступна. Галоўнае пытанне — як можна пераадолець гэтую беспакаранасць, бо цяпер звычайныя амапаўцы не баяцца здзяйсняць гэтыя злачынствы", — заявіў Андрус Кубілюс, сустаршыня дэлегацыі Еўрапарламента "Еўранэст", якая выступіла адным з арганізатараў слуханняў.



Беларускія праваабаронцы просяць ЕС аб эканамічных санкцыях

У адрозненне ад дэбатаў, мэтай гэтых слуханняў Еўрапарламенце было даць магчымасць еўрадэпутатам сабраць меркаванні і інфармацыю. Для гэтага па відэасувязі былі запрошаныя выступіць беларускія актывісты і праваабаронцы. У прыватнасці, старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага і кіраўніка юрыдычнай камісіі "Беларускага Хельсінкскага Камітэта" Гары Паганяйла.

Бяляцкі распавёў, што пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка, дэманстрацыі разганяліся з "асаблівай жорсткасцю". На наступны дзень затрымалі больш за 600 пратэстоўцаў, а ў панядзелак супраць пенсіянераў, якія ўдзельнічалі ў мірным маршы, ужылі святлашумавыя гранаты і слёзацечны газ.

"Мы ўвесь час фіксуем гэтыя выпадкі неадэкватнага прымянення гвалту з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія фактычна здзяйсняюць злачынствы і дзейнічаюць беспакарана", — дадаў Бяляцкі.

Для процідзеяння гэтаму Алесь Бяляцкі заклікаў Еўрасаюз пашырыць санкцыйны спіс "супраць тых, хто ўчыняе злачынствы, прыкрываючыся ўладай". Як вядома, у пачатку кастрычніка ЕС увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў за фальсіфікацыю выбараў 9 жніўня і за рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Цяпер Еўрасаюз рыхтуецца пашырыць спіс і дадаць у яго Лукашэнка.

Латвійскі еўрадэпутат з фракцыі сацыял-дэмакратаў Нільс Ушакоўс заявіў: для пратэстоўцаў будзе малым суцяшэннем ведаць, што міліцыянт, які пабіў іх, не зможа ўехаць у ЕС або паўстане перад судом праз 20 гадоў. "Санкцыі — спрэчны інструмент, але без іх нельга, калі мы гаворым пра Беларусь. Справядлівасць — гэта асноўны прыярытэт для нас, але мы разумеем, што для яе аднаўлення можа спатрэбіцца дзесяцігоддзе", —сказаў ён. Таму еўрадэпутат прапанаваў прадастаўляць больш стыпендый студэнтам з Беларусі і ствараць магчымасці беларусам, вымушаным пакінуць краіну, весці бізнес або ўладкавацца на працу ў ЕС.

У той жа час у Еўрасаюзе пакуль не хочуць уводзіць сектаральныя санкцыі, каб не нашкодзіць звычайным грамадзянам Беларусі.

Аднак Алесь Бяляцкі заклікаў прымяніць кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць "карумпаваных алігархаў з вузкага кола Аляксандра Лукашэнкі", бо ў іх ёсць бізнес у ЕС. На думку праваабаронцы, такі крок стане "важным рычагом для вызвалення палітычных зняволеных" і для таго, каб Лукашэнка задумаўся наконт перамоваў з апазіцыяй.



Судовы пераслед беларускіх сілавікоў за мяжой

У сваю чаргу Гары Паганяйла нагадаў, што па дзвюх тысячах заяў на дзеянні сілавікоў у Беларусі не было распачата ніводнай крымінальнай справы. Для прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ён прапанаваў скарыстацца ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыяй. Па словах Паганяйла, у Польшчы і Літве ўжо шукаюць спосабы ўжыць гэты інструмент для судовых спраў супраць беларускіх сілавікоў па заявах людзей, якія пакінулі Беларусь.

"Калі мы зможам давесці справы, па якіх будуць прынятыя меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, выдадзены ордэры на арышт і перададзеныя Інтэрполу, то гэта хоць у нейкай ступені можа пацягнуць змяненне сітуацыі ўнутры Беларусі, таму што многія з сілавых ведамстваў зразумеюць: рана ці позна яны паўстануць перад судом", — растлумачыў Паганяйла.

Прафесар міжнароднага публічнага права Брусельскага Свабоднага ўніверсітэта Ваёс Кутруліс удакладніў, якім чынам можна выкарыстоўваць універсальную юрысдыкцыю. "Канвенцыя ААН Супраць катаванняў дае магчымасць дзяржавам усталяваць сваю юрысдыкцыю для расследавання катаванняў на тэрыторыі іншых краін", — растлумачыў ён. У прыклад Кутруліс прывёў суд над двума былымі супрацоўнікамі спецслужбаў Сірыі, які пачаўся ў красавіку ў Германіі.

Ён адзначыў, што першым крокам павінна стаць дакументацыя фактаў парушэння міжнароднага права. Для гэтага Кутруліс параіў арганізаваць місію па зборы фактаў. Іх могуць адпраўляць, напрыклад, Савет Бяспекі або Генасамблея ААН.

Шэраг еўрадэпутатаў заклікалі пачаць з падтрымкі беларускіх праваабаронцаў, якія збіраюць факты пра сілавікоў, што парушаюць правы чалавека. Так, немец Міхаэль Галер з Еўрапейскай народнай партыі прапанаваў стварыць два рэестры: тых, хто аддае загады, і тых, хто іх выконвае. Ён дадаў, што для захаванасці гэтыя звесткі павінны захоўвацца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Другі крок, па словах Кутруліса, — аднаўленне справядлівасці. Праблему ён бачыць у тым, што Беларусь не ўдзельнічае ў шматлікіх міжнародных арганізацыях, напрыклад, не падпісала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда. Аднак Мінск прыняў юрысдыкцыю Камітэта па правах чалавека ААН. У яго можна звяртацца са скаргамі на парушэнне Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Рабіць гэта могуць як дзяржавы, так і фізічныя асобы. "Недахоп гэтага шляху — даклады, якія прымаюцца камітэтам, не маюць абавязковай сілы для Беларусі. Але я веру, што яны з'яўляюцца хоць бы важным палітычным інструментам", — удакладніў Кутруліс.

Паводле www.dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: