Як толькі ёсць пагроза ўладзе, Лукашэнка стварае імітацыю народнай падтрымкі

Кожны раз, калі ў краіне адбываецца палітычны крызіс, кожна раз, калі ўлада выслізвае з рук, Лукашэнка звозіць з усёй краіны сваіх прыхільнікаў для стварэння прыгожай карцінкі і імітацыі ўсенароднай падтрымкі. Звозіць між іншым за наш з вамі кошт.

Сёлета такі народны сход таксама анансаваны. Больш за тое, аб'яўлена аб стварэнне аргкамітэтаў па яго падрыхтоўцы, заяўлена, што нават пройдуць выбары яго дэлегатаў. За бюджэтныя грошы чыноўнікі розных узроўняў з'яздаюцца на сходкі, каб выбраць самых-самых, тых, каму яшчэ можна давяраць.

Сімвалічна, што гэтым разам "народныя абранікі" павінны будуць абмяркоўваць "канстытуцыйную рэформу". Варта ўзгадаць, што да такога "усенароднага ўхвалення" Лукашэнка першы раз звярнуўся напярэдадні канстытуцыйнага перавароту 1996 года.

Першы Усебеларускі сход адбыўся 19–20 кастрычніка 1996 года з нагоды ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму, галоўным пытаннем якога была новая рэдакцыя Канстытуцыі, якая істотна ўзмацняла прэзідэнцкую ўладу.

Ён праходзіў у Палацы спорту ў атачэнні армейскіх фармаванняў. Па словах самога Лукашэнкі, гэта яму «по-отечески» параiў кіраўнік расійскага ўраду Віктар Чарнамырдзін.

Першы сход быў самым шматлікім. На яго прызначылі ажно 4740 дэлегатаў. З іх 1164 складалі жанчыны, 637 — працоўныя і калгаснікі, 554 — інжынерна-тэхнічныя кадры, а таксама студэнты, пенсіянеры і вайскоўцы, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі сацыяльна-культурнай сферы.

Гэты сход зацвердзіў сваю структуру, якая застаецца нязменнай і да сёння: прэзідыум, сакратарыят, мандатная камісія, рэдакцыйная камісія, падліковая камісія.

Менавіта тады Лукашэнкам былі вызначаны галоўныя прыярытэты развіцця: экспарт, жыллё, харчаванне. У знешняй палітыцы ўпершыню была дэклараваная знакамітая шматвектарнасць.

Першы Усебеларускі сход меў праблемы з легітымнасцю. Форум не быў прапісаны ў Канстытуцыі. Нездарма дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі XIII склікання Анатоль Нятылькін, які падтрымліваў Лукашэнку, заклікаў замацаваць статус сходу ў новым праекце Асноўнага закона.

На тым мерапрыемстве выступіў сённяшні кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандр Косінец, які тады быў прафесарам Віцебскага медінстытута: «Гарантам правоў, свабодаў і сапраўднай дэмакратыі быў, ёсць і будзе Лукашэнка. Моцнага Вам здароўя!»

Варта адзначыць, што тады былі рэдкія, але ўсё ж крытычныя ацэнкі і прапановы. Напрыклад, старшыня камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі XIII склікання па адукацыі, навуцы і культуры Уладзімір Плецюхоў прапанаваў уключыць у канстытуцыйны праект прапанову, якая дапускала адхіленне кіраўніка дзяржавы ад улады з-за парушэння прысягі. Ён жа прапанаваў прыбраць з праекта норму, згодна якой адлік паўнамоцтваў прэзідэнта пачынаецца з уступлення ў дзеянне новай рэдакцыі Канстытуцыі.

Рэзалюцыя першага сходу мела палітычны характар: яна была цалкам прысвечана рэферэндуму і заклікала дэпутатаў Вярхоўнага Савета адклікаць альтэрнатыўны праект Канстытуцыі. З 4740 дэлегатаў 11 выказаліся супраць такой рэзалюцыі, а 47 устрымаліся.

На наступных сходах такой «дэмакратыі» больш не было.

Зборнік матэрыялаў сходу быў надрукаваны пад грыфам прэзідэнцкай адміністрацыі і пад назвай «Толькі народ мае права вызначаць свой лёс» накладам у 1000 асобнікаў.

Усе наступныя Усебеларускія сходы прайшлі перад прэзідэнцкімі выбарамі, калі зноў быў відавочны дэфіцыт легітымнасці ўлады: 18 мая 2001 года, 2–3 сакавіка 2006 года, 6–7 снежня 2010 года. І толькі V сход не быў прымеркаваны да выбараў. Ён адбыўся 22-23 чэрвеня 2016 года, і быў хутчэй дзяжурным мерапрымствам, якое зацвердзіла пяцігадовы план.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: