Як «забіралі клюшку ў дыктатара»

Актывісткі беларускай дыяспары Вераніка Чарняўская са Швейцарыі, Кацярына Зюзюк з Італіі і Дар’я Рудзько з Чэхіі расказваюць пра шматлікія акцыі ў свеце, якія паўплывалі на рашэнне аб адмене правядзення хакейнага чэмпіянату свету ў Мінску.

Прадстаўніцы дыяспары расказалі Радыё Свабода, як яны змагаліся супраць ЧС па хакеі ў Мінску.

Швейцарскія беларусы пікетавалі МАК і IIFH

Вераніка Чарняўская: Першы і самы важны этап быў — Міжнародны Алімпійскі камітэт. З намі звязаліся прадстаўнікі Беларускага фонду спартовай салідарнасці, якім была патрэбная дапамога — прадставіць беларусаў, данесці ліст да спадара Томаса Баха. Нам удалося даволі хутка па швейцарскіх мерках арганізаваць гэтае мерапрыемства. Мы правялі 4-кілямэтровы марш ад Алімпійскага музею ўздоўж возера да офіса Міжнароднага Алімпійскага камітэту. Было прыемным сюрпрызам, што МАК пагадзіўся прыняць трох чалавек ад нас. Мы думалі, што гэта зойме хвілін дваццаць, але ў выніку больш за дзве гадзіны з намі размаўлялі прадстаўнікі МАК. Ніхто не верыў спачатку, што гэта атрымаецца, але яны сурʼёзна ўзяліся за справу і ўжо ў снежні агучылі рашэнне пра тое, што Лукашэнку забаронена ўдзельнічаць у алімпійскіх мерапрыемствах.

Поспех з МАК нам дапамог і з Міжнароднай хакейнай федэрацыяй. Мы пачалі пісаць спадару Рэнэ Фазелю. Першы наш пікет адбыўся ў лістападзе. Адрозна ад МАК, там нас ніхто не вітаў, не чакаў і не адказваў на лісты. Нас цалкам ігнаравалі, але мы і прадстаўнікі Фонду спартовай салідарнасці працягвалі ім пісаць. Алена Леўчанка зрабіла адкрыты ліст. Тады спадар Фазель «прачнуўся», але сустрэча з намі ўсё роўна не атрымалася. Што дапамагло — візіт спадар Фазеля ў Беларусь, які страшна абурыў усіх швейцарцаў, а не толькі беларусаў. Пайшла вялікая медыя-хваля. Мясцовыя беларусы таксама стараліся, каб трымаць гэтую павестку гарачай. Нам удалося арганізаваць пікет ля Міжнароднай федэрацыі хакею, дазволілі толькі 10 чалавек праз ковідныя абмежаванні. Нас ніхто не сустракаў ля хакейнай федэрацыі, але пазней мы даведаліся, што спадар Фазель глядзеў на нас у вакно. І ўсё ж удалося зайсці ўсярэдзіну, каб перадаць ліст маці Рамана Бандарэнкі.


Як беларусы Чэхіі змагаліся супраць правядзення чэмпіянату ў Мінску

Дарʼя Рудзько: Мы займаліся тэмай адмены чэмпіянату з верасня. Праца са спонсарамі была нашым апошнім крокам. Да гэтага правялі вельмі шмат працы з палітыкамі, са СМІ, напісалі шмат лістоў людзям, якія маюць дачыненне да гэтай тэмы і якія маглі нейкім чынам паўплываць. Пікет ля сядзібы заводу Škoda арганізавалі хутка, за некалькі дзён. Праз каранцінныя абмежаванні мы не маглі праводзіць маштабныя акцыі, было дазволена да 10 чалавек удзельнікаў пікету.


Мы падрыхтавалі ліст, які перадалі кіраўніцтву Škoda разам з плакатамі. Праз некаторы час да нас выйшаў кіраўнік аддзелу камунікацый, які пераконваў нас, што Škoda падтрымлівае беларусаў і лічыць адзіным лагічным рашэннем не праводзіць чэмпіянат у Беларусі. Нам прынеслі гарбату і каву і паабяцалі адказаць на працягу тыдня на ліст і выказаць сваю пазіцыю Міжнароднай федэрацыі хакею.

Адказ мы атрымалі нашмат хутчэй, ужо на наступны дзень. І тады ж яны зрабілі заяву, што падтрымліваць і спансаваць чэмпіянат, калі ён будзе праводзіцца ў Беларусі, не будуць.

На працягу чатырох месяцаў я вяла вялізарную інфармацыйную працу — было некалькі эфіраў на чэскім тэлебачанні пра чэмпіянат, мы зрабілі шмат інтэрв’ю са спартоўцамі і журналістамі, якія былі ў турме ў Беларусі. У выніку шмат чэскіх палітыкаў выказаліся ў нашу падтрымку. Я пісала лісты ў Чэскую федэрацыю хакею. Тут ужо ўсе ўсё ведалі, і таму такая вялікая кампанія ў выніку адмовілася ад спонсарства.


Беларусы Італіі пікетавалі фірму Pirelli, аднаго са спонсараў хакейнага чэмпіянату

Кацярына Зюзюк: Тое, што зрабілі дзяўчаты ў Чэхіі і Швейцарыі, вельмі здорава і нас натхняе. На іх фоне мы зрабілі ня так шмат. Акцыю каля Pirelli вельмі хутка арганізавалі. Надрукавалі плакаты і правялі акцыю пад Pirelli па-партызанску з прычыны ковідных абмежаванняў. Як законапаслухмяныя беларусы, мы звычайна робім дазволы і робім усё па правілах. Гэтым разам абставіны склаліся так, што не было іншага выйсця. Мы проста прыйшлі і пастаялі каля офіса Pirelli. Ніякай рэакцыі з боку кампаніі не было. А ліст мы падрыхтавалі, толькі не паспелі адправіць, бо чэмпіянат у Мінску адмянілі. Беларусы Італіі ўвесь гэты час падпісвалі петыцыі, правялі вялікую кампанію па інфармаванні італьянскага грамадства пра сітуацыю ў Беларусі.

Кацярына Зюзюк (злева)


Чаму нельга «даваць клюшку дыктатарам»

Вераніка Чарняўская: Ціск быў настолькі моцны з усіх бакоў, што далей вытрымаць было немагчыма. Мы задаволеныя вынікам. З аднаго боку, нам вельмі сумна, бо мы рады, калі міжнародныя мерапрыемствы праводзяцца ў нашай краіне, але было б найвышэйшым цынізмам праводзіць чэмпіянат, калі столькі людзей сядзяць у турмах.

Дарʼя Рудзько: Працытую Вацлава Гаўла: «Надзея — гэта не перакананасць у тым, што ўсё будзе добра, а ўпэўненасць: тое, што ты робіш, мае сэнс — незалежна ад таго, чым справа скончыцца». З такой надзеяй я жыла і займалася гэтым усе апошнія месяцы. Аргумент, што палітыка не тычыцца спорту — няслушны, і гэта неаднаразова пацвярджалася ў мінулым. Правядзенне чэмпіянату ў Мінску толькі ўмацавала б пазіцыі Лукашэнкі і яго перакананасць, што ў яго ўсё пад кантролем. Калі ў краіне больш за 35 тысяч чалавек былі затрыманыя па палітычных матывах, і сотні за кратамі, ніякіх адносінаў з астатнім светам як у спорце, так і ў іншых сферах быць ня можа.

Кацярына Зюзюк: Калі я прачытала навіну пра адмену, у мяне з’явіліся слёзы ў вачах. Я адчула, якая мы вялікая сіла. Нягледзячы на тое, што Італія ва ўсёй кампаніі адыграла невялікую ролю ў параўнанні з тым, што зрабілі дыяспары Чэхіі і Швейцарыі, важны сам факт, што мы працавалі доўга, упарта і дамагліся гэтага выніку. Гэта для нас вельмі вялікая псіхалагічная падтрымка і матывацыя. Тут размова не пра палітыку ідзе насамрэч. Я б хацела патлумачыць спадару Фазелю розніцу паміж палітыкай і катаваннямі ды рэпрэсіямі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: