Як збівалі дэпутатаў 20 гадоў таму

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Лявон Баршчэўскі ўспамінае, як у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года ў Авальнай залі збівалі дэпутатаў.



Фота Bymedia.net


11 красавіка 1995 года 19 дэпутатаў Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце проста ў Авальнай зале абвясцілі галадоўку пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму аб скасаванні бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” як дзяржаўных сімвалаў, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і наданні прэзідэнту права распускаць парламент.

У ноч з 11 на 12 красавіка на падставе таго, што быццам паступіла паведамленне аб мініраванні будынка парламента, у залу пасяджэнняў быў уведзены АМАП і супрацоўнікі Службы бяспекі кіраўніка дзяржавы. Яны жорстка збілі пратэстуючых дэпутатаў і гвалтоўна выкінулі іх з будынка парламента.

Вінаватых у збіцці дэпутатаў праваахоўныя органы не назвалі і да гэтага часу.

— У ноч з 11 на 12 красавіка па сутнасці закончыўся беларускі парламентарызм, які толькі паспеў пачацца, — кажа Лявон Баршчэўскі. — Пасля таго, як у парламент уводзяцца войскі, ён перастае існаваць. І гэта самае галоўнае ў той падзеі. А асабістае — збіццё ды прыніжэнне — не так і важна, усё яно перажываецца. А вось тое, што брутальна была парушана Канстытуцыя, то наступствы гэтага мы адчуваем і цяпер. Сёння ж парламент і Канстытуцыйны суд маўчаць з нагоды таго, што Дэкрэт аб дармаедах супярэчыць нормам Асноўнага закона. І гэта ёсць найбольшая трагедыя — жыць па-за межамі закона. А збіццё перажыць можна. Асабісты боль у мяне зажыў, раны загаіліся, хоць гады тры балелі суставы… Дарэчы, гадоў праз сем пасля той даты я сустрэўся з Леанідам Сініцыным (у 1995 годзе ён узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта), які бачыў відэа нашага збіцця ў Авальнай Зале. Ён сказаў мне коратка: “Там быў проста жах!”

А чаму не паказалі відэа па тэлебачанні? Здаецца ж, абяцалі, казалі, што дэпутатаў выводзілі з залы без насілля…

— Той жа Сініцын сказаў, што там немагчыма было нават нейкі мантаж зрабіць.

Вы, калі адважыліся на галадоўку ў Вярхоўным Савеце, меркавалі, што справа можа скончыцца збіццём?

— Нават ведалі гэта, бо такая інфармацыя даходзіла. Меркавалі, што з намі абыдуцца не па-людску, але асабіста я думаў, што гэта будзе мягчэй. Ва ўсялякім выпадку, не разлічваў, што будуць біць. Маглі б проста вынесці ці вывесці. Але білі вельмі жорстка. Ботамі ў твар, выламвалі рукі, лупілі дубінкамі, наставіўшы аўтаматы, на што не было ніякай патрэбы. Мы ж былі бяззбройныя.

 — Ці папрасіў затым нехта ў вас прабачэння?

— Безумоўна, не. Я ўпэўнены, што следчы Язэп Бролішс, які вёў справу аб нашым збіцці, рана ці позна сабраў бы ўсе матэрыялы. Аднак следства было прыпынена, і цяпер я не ведаю, у якім стане ўсё гэта знаходзіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя



 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!