Янукевіч: «Сёння заклікаць на Плошчу — гэта гапонаўшчына»

Ніхто з патэнцыйных удзельнікаў выбараў прэзідэнта Беларусі не гатовы заклікаць людзей на паслявыбарчы пратэст.



Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад апазіцыйнай партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін​ на партыйным з'ездзе заявіў, што не будзе заклікаць выбарцаў на Плошчу. Раней гэткую ж самую заяву зрабіла патэнцыйная кандыдатка ад «Народнага рэферэндуму» Таццяна Караткевіч. 
 
 
Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, таксама патэнцыйны прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, сёння паведаміла Свабодзе, што на пачатку чэрвеня адбудзецца сесія Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць. Падчас дыскусіі дэлегаты кангрэсу, лічыць спадарыня Анісім, закрануць і гэты аспект выбарчай кампаніі. А сваё асабістае стаўленне да праблемы Плошчы патэнцыйная кандыдатка называе «даволі прагматычным»:
 
 
«Калі ты кагосці кудысці заклікаеш, то ты павінен выразна растлумачыць мэту, задачу і парадак дзеянняў. Таму ў дадзеным выпадку я б не хацела людзей заклікаць ні на якую Плошчу, маючы на ўвазе, што кожнае дзеянне падразумявае пэўныя вынікі і наступствы. Паколькі на сённяшні дзень Плошча можа выклікаць Анты-Плошчу, а значыць, пагаршаць становішча людзей і паглыбляць раскол у грамадстве, то я лічу, што гэта няправільна.
 
 
Таму маё бачанне гэтага пытання такое — трэба ўмець дамаўляцца. І трэба нарэшце навучыцца атрымліваць максімум выгады ад тых дзеянняў, якія ты робіш. Максімум для сябе і максімум для краіны».
 
 
Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што рыхтаваць людзей на Плошчу ўжо пачала сама ўлада:
 
 
«Той узровень карупцыі, які ёсць, тая глыбіня фінансава-эканамічнага крызісу, якая існуе, і тыя дзеянні, якія робяць улады, яны так ці інакш скіраваныя на тое, каб людзі выходзілі на пратэст. А па-другое, такое права дае людзям Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
 
 
Таму я не буду рабіць ніякіх заяваў пра тое, каб людзі не хадзілі на Плошчу, каб яны не супраціўляліся глупствам і дурноце ўлады. Гэта робіць за мяне беларуская ўлада. І гэта дазваляе беларуская Канстытуцыя».
 
 
Партыя БНФ разам з шэрагам іншых дэмакратычных арганізацыяў на гэтых выбарах падтрымлівае Тацяну Караткевіч. «Але мы пакуль не абмяркоўвалі гэтае пытанне, таму я выкладу сваё асабістае стаўленне», — кажа старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
 
 
«У цяперашніх умовах Плошча не можа з'яўляцца інструментам дэмакратычных сілаў, сродкам дэмакратычных пераменаў. Яна можа быць толькі інструментам улады па дыскрэдытацыі апазіцыі, перадусім нацыянальнай, і распачынанні новай хвалі рэпрэсіяў.
 
 
Таксама відавочна, што пратэстныя акцыі такога кшталту, як Плошча ў 2010 годзе, могуць быць выкарыстаныя і нейкімі сіламі з па-за межаў Беларусі. Я маю на ўвазе Крэмль, які можа стварыць перадумовы дзеля яшчэ большай ізаляцыі беларускага рэжыму ад Захаду. А гэта азначае — і зрабіць яго яшчэ больш залежным ад Масквы.
 
 
Так, на сённяшні момант нельга казаць, што Плошча можа быць нейкім сродкам для дэмакратычных сілаў. На маю думку, сёння выклікаць на Плошчу было б безадказна. Гэта — гапонаўшчына».
 
 
Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, праўдападобна, адбудуцца 15 лістапада 2015 году.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: