Яны не крадуць у нас будучыню, усё ўжо скрадзена да іх

Сёння, напярэдадні «выбараў у сёмае скліканне палаты прадстаўнікоў», хочацца ўзгадаць гадавіну важнай падзеі, якая мае непасрэднае дачыненне да «выбараў», бо менавіта з яе пачалося фарміраванне існай беларускай сістэмы.

Фота Associated Press

Фота Associated Press

У пятніцу, 15 лістапада 1996 года адбылося скандальнае ўступленне на пасаду Лідзіі Ярмошынай.

На першых хвілінах відэа можаце пабачыць, як гэта адбывалася. Што праўда, самой Ярмошынай там не бачна — у гэты момант яна хутчэй за ўсё хаваецца ў памяшканнях выбаркама, захопленага байцамі аховы Лукашэнкі.



Праз тры дні пасля гэтых падзей будзе распачаты імпічмент, які ў апошні момант сарвуць «дагаварнякамі» і здрадай. Праз тыдзень пад кантролем Адміністрацыі прэзідэнта і ярмошынскага ЦВК з вялізнымі злоўжываннямі такі адбудзецца рэферэндум. Парламент будзе распушчаны, з лаяльнай прэзідэнту часткі яго дэпутатаў па спісе будзе прызначаная «палата прадстаўнікоў», Беларусь выключаць з ПАСЕ. Супраціў дыктатуры ачоляць партыі БНФ, АГП, ПКБ (зараз «Справядлівы свет»). Аскепкі парламента і «цэнтрвыбаркам у выгнанні» на чале з Ганчаром будуць дзейнічаць у падполлі яшчэ тры гады. Скончыцца ўсё тым, што Віктара Ганчара выкрадуць і, імаверна, заб“юць. Перад гэтым такі ж лёс напаткае Юрася Захаранку, адначасова загадкава і хутка памрэ 49-гадовы Генадзь Карпенка. Пасля гэтага больш ніхто з лідараў апазіцыі не будзе «ў лоб» аспрэчваць легітымнасць канстытуцыйнага ладу. Паўнамоцтвы Ярмошынай і «палаты прадстаўнікоў» будуць не прызнавацца на Захадзе яшчэ шмат гадоў, але паступова (асабліва на тле знешнепалітычных падзей) фокус крытыкі ссунецца на добра вядомыя нам пытанні празрыстасці галасавання, недасканаласці заканадаўчых актаў і іншай традыцыйнай заклапочанасці.

А цяпер нізачка пытанняў чытачам, якія працягваюць сачыць за выбарчым фарсам:

1) Ці сапраўды вы думаеце што чалавек, які заняў сваю пасаду пры такіх абставінах, і працягвае яе ўтрымліваць 23 гады, хоць трошкі баіцца вашых папрокаў у нейкіх «прыпісках», «укідах бюлетэней» і іншай параўнальна нявіннай драбязе? Альбо палымяных рытарычных абвінавачванняў у «парушэнні Канстытуцыі»?

2) Ці сапраўды вы думаеце, што ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы, усе галіны якой (уключна з судовай і заканадаўчай) тым ці іншым чынам мэтанакіравана падпарадкаваныя «галаве дзяржавы», мае хоць якое-небудзь значэнне дэпутацкі склад «парламента»? Альбо маюць значэнне хоць нейкія скаргі адным органам улады на іншыя за невыкананне «законаў», напісаных імі ж?

3) Пытанне з зорачкай: чаму падобны тэкст вы не прачытаеце сёння на сайтах колішніх «галоўных апанентаў дыктатуры» — партый БНФ, АГП і «Справядлівы свет» (экс-ПКБ), прадстаўнікі якіх старанна вядуць барацьбу за мандаты ў палаце прадстаўнікоў сёмага склікання?

4) Пытанне з дзвюма зорачкамі: паспрабуйце дамагчыся ад прадстаўнікоў згаданых партый і саюзных ім сіл фармулявання хоць якой публічнай пазыцы адносна падзей, апісаных вышэй — тых самых падзей, у якіх гэтыя партыі прымалі самы гарачы ўдзел, і якія заклалі тую самую палітычную сістэму, з якой без зменаў мы маем справу зараз. Калі атрымаецца, падзяліцеся вынікамі (спойлер: не атрымаецца!)

Выснова? Не варта занадта эмацыйна рэагаваць на чарговыя «сведчанні назіральнікаў», крыкі «яны крадуць у нас будучыню» і г.д. Перафразіруючы савецкую камедыю, усё ўжо скрадзена да іх.

Пры ўсёй павазе да тых, хто шчыра ідзе ў назіральнікі, каб змагацца з хлуснёй і лавіць за руку махляроў, на больш высокім узроўні і «выбары» і «назіранне за падлікам галасоў» — часткі аднаго мутнага спектаклю, мэта якога — надаць аўтарытарнай дыктатуры вонкавае падабенства з прадстаўнічай дэмакратыяй.

А будучыню сваю мы робім (ці не робім) самі, і кіданне бюлетэняў у ярмошынскую скрыначку не мае да будучыні аніякага дачынення.

facebook.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: