Ярмошына: аптымальная дата прэзідэнцкіх выбараў — 30 жніўня 2020 года

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына назвала аптымальную дату выбараў прэзідэнта, якія запланаваныя на 2020 год, піша «Еўрарадыё».
Фота Sputnik / Віктар Талочка

Фота Sputnik / Віктар Талочка


"Прэзідэнцкая кампанія, хутчэй за ўсё, пройдзе ў той тэрмін, які вызначаны Канстытуцыяй. Апошняя магчымая нядзеля — 30 жніўня 2020 года. Я думаю, што гэта з вялікай верагоднасцю і ёсць дата выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — заявіла кіраўніца ЦВК у інтэрв'ю АНТ 4 жніўня.

Ярмошына таксама патлумачыла, чаму не трэба праводзіць прэзідэнцкія выбары вясной 2020 года. "У нас толькі выбары [парламенцкія] пройдуць у лістападзе, а ў снежні толькі парламент новы сфармуем. Таму праз тры месяцы ўжо, значыць, трэба прызначаць прэзідэнцкія выбары. А для чаго мы тады пераносілі гэтыя [выбары]?" — сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Парламенцкія выбары прызначылі на 17 лістапада 2019 года. Яны пройдуць за 10 месяцаў да заканчэння тэрміну працы Палаты прадстаўнікоў цяперашняга склікання. Тым не менш Ярмошына заяўляла, што не лічыць іх датэрміновымі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!