Ярмошына: палітычныя партыі дэградуюць, а прымяняць рэферэндум трэба асцярожна

Кіраўніца Цэнтрвыбаркама ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 24» выказалася пра змены Канстытуцыі праз рэферэндум.
svaboda.org

svaboda.org

 На жаль, нашы партыі дэградуюць. Паляпшэння няма. Наадварот, рэзкае пагаршэнне. Калі мы ўспомнім першыя гады беларускай дзяржаўнасці, палітычныя партыі былі нашмат больш актыўнымі.

Па словах Ярмошынай, з 15 зарэгістраваных партый толькі восем удзельнічаюць у выбарах.

 Прычым больш актыўныя апазіцыйныя. І тое, гэта ўсяго некалькі дзясяткаў палітыкаў. Паглядзіце на ток-шоу на ТБ, гэта адны і тыя ж асобы.

Таксама ў інтэрв'ю кіраўнік ЦВК выказалася супраць электроннага галасавання. Акрамя таго, Ярмошына заявіла, што ў яе дваякае стаўленне да рэферэндумаў.

— У пэўныя моманты ён неабходны, каб зняць нейкі спрэчны момант. З іншага боку, гэта пытанне традыцыі. У Швейцарыі гэта традыцыя, якая прымяняецца штогод, і ніякай драмы не адбываецца. У нас гэта заўсёды звязана з нейкім лёсавызначальным выбарам і таму ў нас любы рэферэндум абвастрае палітычныя жарсці. Пытанне можна выцягнуць, прыняць рашэнне, а далей што з гэтым рабіць? Гісторыя з Brexit — гэта гісторыя безадказнасці тых палітыкаў, якія наогул выцягнулі гэтае пытанне на народнае абмеркаванне. Тут не можа быць стоадсоткавай ісціны, гэта павінна было быць палітычнае рашэнне.

На думку Ярмошынай, у беларускай Канстытуцыі трэба сыходзіць ад правіла, што амаль усе раздзелы можна змяняць толькі рэферэндумам.

— Цяпер і трэба нешта мадэрнізаваць у Канстытуцыі, кажа кіраўнік дзяржавы, але паспрабуй правядзі рэферэндум, паспрабуй крані Канстытуцыю. Наступствы могуць быць самымі нечаканымі і вельмі складанымі. Таму ўжываць [рэферэндум] трэба, але, напэўна, у якасці кансультацыі, а далей павінен прымаць рашэнне нейкі паўнамоцны орган.

Нагадаем, 1 сакавіка падчас «Вялікай размовы» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даручыў Канстытуцыйнаму суду прапрацаваць пытанне змяненняў у Канстытуцыю. Кіраўнік дзяржавы анансаваў пашырэнне паўнамоцтваў парламента і ўрада.

TUT.BY

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!