Ярмошына патлумачыла, як пандэмія каронавіруса паўплывае на выбары

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына лічыць, што каронавірус не акажа ўплыву на тэхнічныя працэдуры выбарчага працэсу, у парламента яшчэ ёсць больш за месяц, каб прызначыць дату прэзідэнцкіх выбараў.

«Усё будзе залежаць ад становішча, калі сітуацыя будзе складаная, то сябрам выбарчых камісій выдадуць сродкі індывідуальнай абароны — маскі і пальчаткі. А можа, апранем ахоўныя празрыстыя шчыткі», — дадзенае меркаванне кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі выказала Sputnik.

«З пункту гледжання тэхнічных момантаў выбарчая кампанія ў складаных эпідэмічных умовах не будзе асаблівай — бо заканадаўства не змянялася», — патлумачыла кіраўнік ЦВК.

«Адзінае, што само насельніцтва будзе больш актыўна выконваць адпаведныя меры засцярогі. Да прыкладу, не будуць пускаць (зборшчыкаў подпісаў і агітатараў — Sputnik) так актыўна ў хаты», — сказала Лідзія Ярмошына.

Акрамя гэтага, падчас збору подпісаў на вуліцах таксама будуць выконвацца меры, рэкамендаваныя медыкамі.

Што тычыцца выбарчых участкаў, то, па словах Ярмошынай, таксама будуць зробленыя пэўныя санітарныя меры, да прыкладу, санапрацоўка памяшканняў.


У выпадку надзвычайнага становішча

Кіраўнік ЦВК таксама адзначыла, што прэзідэнцкія выбары могуць быць перанесеныя на больш позні тэрмін, чым прадугледжана заканадаўствам, толькі ў адным выпадку.

«Перанос выбараў на больш позні тэрмін, у адпаведнасці з заканадаўствам, можа быць толькі ў адным выпадку — калі ў краіне будзе абвешчана надзвычайная сітуацыя. Ніякія іншыя выпадкі і не могуць паўплываць на перанос прэзідэнцкіх выбараў на больш позні тэрмін — толькі надзвычайнае або ваеннае становішча», — сказала кіраўнік ЦВК.

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама адзначыла, што выбары могуць быць перанесеныя і на больш ранні тэрмін. У сучаснай гісторыі Беларусі, па яе словах, прэзідэнцкія выбары праводзіліся датэрмінова два разы.

«У 2010 годзе на два месяцы раней, і ў 2006 годзе яны былі праведзены датэрмінова», — сказала Ярмошына і ўдакладніла, што гэта было звязана з летнім перыядам, які з'яўляецца не самым лепшым часам для выбарчай кампаніі.

Апошні тэрмін

Ярмошына ўдакладніла, што «пакуль што ёсць магчымасць правесці выбары ў адну з нядзель жніўня, па ліпеню тэрміны ўжо прайшлі».

«Рашэнне аб даце правядзення выбараў прымае палата прадстаўнікоў, у яе яшчэ ёсць тэрмін да 30 траўня», — сказала кіраўнік ЦВК.

Распавядаючы пра дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў у гэтым годзе, яна паведаміла: крайні магчымы тэрмін — гэта 30 жніўня 2020 года. Паводле яе слоў, прэзідэнцкія паўнамоцтвы мінаюць 6 лістапада, і выбары павінны прайсці не пазней за 5 верасня — а гэта субота. Паколькі прэзідэнцкія выбары праводзяцца толькі ў нядзелю, атрымліваецца, што апошняя нядзеля прыпадае на 30 жніўня.

Кіраўнік ЦВК таксама адзначыла, што выбары павінны быць абвешчаныя ў тэрмін за тры месяцы да крайняй даты іх правядзення — гэта значыць 30 траўня.

the-village.me

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: