Ярмошына за песні і танцы ў месцах для агітацыі

 Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына з аптымізмам глядзіць на ход выбарчай кампаніі. Пра гэта яна заявіла журналістам 3 жніўня ў Мінску.
© Sputnik/Віктар Талочка

© Sputnik/Віктар Талочка




Ярмошына адзначыла, што на гэтых парламенцкіх выбарах дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты падалі 630 чалавек, што на 130 прэтэндэнтаў больш, чым на выбарах у парламент 2012 года. "Лічба парадавала. Яна дазваляе адчуваць аптымізм, што выбарчая кампанія будзе больш жывой і цікавай, што павялічыць яўку выбаршчыкаў на галасаванне", — сказала кіраўнік ЦВК.

Пры гэтым Ярмошына падкрэсліла, што зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты будуць не ўсе прэтэндэнты, якія падалі дакументы, бо ў іх ёсць памылкі. Яна, у прыватнасці, расказала пра "кур'ёзны выпадак", калі "адзін прэтэндэнт так чысціў подпісы, што ў выніку было пададзена 999 подпісаў, а не неабходная адна тысяча".

Кіраўнік ЦВК таксама заявіла: падчас агітацыі можа адбывацца "усё, што хочаш, калі гэта не замінае выбаршчыку". "Я — за песні і танцы, калі яны адбываюцца ў месцах, вызначаных для агітацыі і без зневажання іншых кандыдатаў", — дадала Ярмошына.

Пры гэтым яна нагадала пра пікет намесніка старшыні руху "За Свабоду" Алеся Лагвінца ў сталічным мікрараёне Сухарава 27 ліпеня, на якім адбыўся паўтарагадзінны канцэрт вядомага рок-музыканта Лявона Вольскага. Паводле слоў Ярмошынай, на мерапрыемстве гучалі абразы на адрас іншых прэтэндэнтаў — напрыклад камуністаў. "Гэта недапушчальныя паводзіны. Людзі павінны быць талерантнымі, паважліва ставіцца да іншых прэтэндэнтаў, магчыма, да сваіх будучых калегаў", — заявіла кіраўнік ЦВК.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, з 630 чалавек, якія прэтэндуюць на месцы ў ніжняй палаце новага парламента, 507 вылучаліся адным суб'ектам, 111 — двума, 12 — трыма. Шляхам збору подпісаў вылучана 245 прэтэндэнтаў, працоўнымі калектывамі — 133, палітычнымі партыямі — 387.

Сярод тых, хто падаў дакументы на рэгістрацыю, 145 жанчын, 61 грамадзянін ва ўзросце да 30 гадоў, 51 дэпутат мясцовых саветаў, 28 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў дзейнага склікання, 45 непрацоўных і 51 пенсіянер.

Падача дакументаў на рэгістрацыю завяршылася 1 жніўня. Зараз праходзіць рэгістрацыі, якая будзе доўжыцца па 11 жніўня ўключна.

Парламенцкія выбары адбудуцца 11 верасня.

Тым часам прадстаўнікі апазіцыі, грунтуючыся на выніках фармавання ўчастковых выбаркамаў, ужо заявілі, што парламенцкія выбары ў Беларусі не адпавядаюць стандартам АБСЕ. У склад камісій увайшлі ў большасці сваёй работнікі дзяржпрадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікі праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў. З 514 вылучаных прадстаўнікоў апазіцыйных партый у камісіі ўключаныя толькі 53, або 10,3%. Між тым, як не раз заяўлялі назіральнікі, менавіта ад участковых камісій, якія займаюцца падлікам галасоў, шмат у чым залежаць вынікі выбараў.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-08-03 13:05:36
"агАтацыі"?

Больш цікавага на «Новым Часе»: