Яўка на выбарах складзе 150%?

«Няма большага ворагу, чым паслужлівы дурань», — кажа народная мудрасць. Яўка на датэрміновае галасаванне, паводле ЦВК, пабіла ўсе рэкорды. Але ж праблема не ў намаляваных лічбах, а ў тым, хто ў гэта верыць.

ілюстрацыйнае фота


Паводле ЦВК, датэрміновае галасаванне завяршылася з яўкай у 41,7% у цэлым па краіне. Гэта новы максімум за ўсю гісторыя галасавання ў незалежнай Беларусі. У Брэсцкай вобласці яўка склала 38,4%, Віцебскай — 39,44%, Гомельскай — 54,44%, Гродзенскай — 38,60%, Мінскай — 39,66%, Магілёўскай — 49,92%, у Мінску — 33,4%.

Нагадаем, на мінулых прэзідэнцкіх выбарах 2015 года датэрмінова прагаласавала (па звестках ЦВК, канешне) 36,05% выбаршчыкаў, а на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года — 23,1%.

Ёсць важнае «але». Выбары 2010 года праходзілі ўзімку, а выбары 2015-га — увосень. Тады можна было на датэрміновае галасаванне загнаць студэнтаў. Цяпер усе студэнты — у адпачынку. А значыць, улады былі вымушаныя «прафукаць» такі каштоўны рэсурс датэрмінова прагаласаваўшых.

Не далей як два-тры месяцы таму ў сацсетках была навала паведамленняў пра тое, што недзе некага прымушаюць паставіць подпіс за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Лукашэнка А.Р. Шмат было гісторый, як людзі адмаўляліся, нягледзячы на «настойлівыя просьбы» і нават пагрозы. Цяпер, у дадзены момант, наконт прымусу да датэрміновага галасавання — амаль цішыня. Дзе-нідзе ўзнікаюць такія паведамленні, аднак збольшага ў інфармацыйнай стужцы яны не прысутнічалі. Бачна, навучаныя папярэднім вопытам кіраўнікі прадпрыемстваў больш не раздражнялі людзей загонам на датэрміновае галасаванне.

Такім чынам, адкуль узялася яўка ў 40%, а ў некаторых рэгіёнах — і пад 50%?

Незалежныя назіральнікі, якіх выштурхоўвалі не толькі з участкаў, але і з будынкаў, у якіх знаходзіліся ўчасткі, якія назіралі за яўкай ці не ў біноклі і лічылі кожнага, хто заходзіць у будынак (прычым, яны не ведалі, ці ідзе чалавек галасаваць), адзначалі пустэчу. У пратаколах, што вывешвалі чальцы ўчастковых выбарчых камісій, лічба прагаласаваўшых была ўдвая-утрая большай, чым лічба наведвальнікаў будынку (ізноў адзначу — наведвальнікі будынку неабавязкова ішлі галасаваць). То-бок, пацвердзілася старое правіла: у нас выбары фальсіфікуюцца не шляхам укідвання бюлетэней, а шляхам стварэння фальшывых пратаколаў камісій з «належнымі» лічбамі.

Для падцягвання яўкі ў ход ідзе ўсё, што заўгодна. Напрыклад, маці супрацоўніцы «Новага Часу» пайшла галасаваць, і ў спісе выбаршчыкаў знайшла бабулю, якая «прагаласавала датэрмінова». Але справа ў тым, што гэтая бабуля памёрла два гады таму.

Фальсіфікацыя пратаколамі — гэта, канешне, крута. Але можа і не спрацаваць — калі ў асноўны дзень галасавання на выбары прыйдуць усе тыя, хто «прагаласаваў датэрмінова». Тады яўка па ўчастку можа скласці больш за 100% — як калісьці ў Расіі, калі прагаласавала 146%, і гэта стала вядомым мемам. І што ў гэтым выпадку будуць рабіць кіраўнікі камісій, якія ўжо адсправаздачыліся за датэрміновае галасаванне?

Чарга на адзін з выбарчых участкаў Мінска. Крыніца: belaruspartisan.by


Але больш істотна тое, што ў гэтыя лічбы — 40-50% на «датэрміноўцы», і, як вынік, у канчатковыя лічбы ЦВК, ніхто не паверыць. А гэта азначае моцную ўнутраную дэлегітымацыю рэжыму.

Што такое «дэлегітымацыя»? Гэта і ёсць тое, калі кіраўнік краіны намаляваў сабе перамогу, але ў яго перамогу ніхто не верыць. Уся ўлада Лукашжнкі трымалася на тым, што людзі верылі — ён калі не «ўсенароднаабраны», дык за яго ўсё ж прагаласавала большасць. Так было ў 2006-м, у 2010-м, і нават у 2015-м незалежныя сацыялагічныя апытанні паказвалі: ён набраў 51% у першым туры. Са статыстычнай хібнасцю ў 3% ён усё ж мог лічыцца кіраўніком Беларусі.

Цяпер жа ў яго «перамогу» не паверыць ніхто. А значыць, усе яго загады, указанні і «жэстачайшы попыт» будзе падвісаць у паветры, сабатавацца, не выконвацца. Гэта прыводзіць да разбурэння сістэмы кіравання — той «вертыкалі», якую так старанна выбудоўваў Лукашэнка ўсе гэтыя гады. Адпаведна, не будуць слухацца і яго памагатых і стаўленікаў — губернатараў, «сматрашчых па рэгіёне», памочнікаў і гэтак далей.

І рабіцца ўсё гэта будзе паціху-патроху. Аднойчы Лукашэнка прачнецца ў краіне, дзе яго распараджэнні проста ніхто не слухае і не выконвае — нягледзячы на тыя лічбы, якія яму намалюе спадарыня Ярмошына.

Канешне, як мы бачылі па апошніх падзеях на вуліцах Мінска, у Лукашэнкі пад рукою ўсё яшчэ будзе моцны сілавы апарат. Але вы паспрабуйце паставіць да станка міліцыянта замест токара! Гэта можна было зрабіць, напрыклад, у часы СССР, калі шмат што рабілася ўручную, але нават у 1980-х ужо былі, як яны тады называліся, станкі з «лічбавым праграмным кіраваннем». За 40 гадоў тэхніка зрабіла шалёны рывок наперад, і, баюся, міліцыянт на месцы токара бескарысны — ён проста не ўцяміць, што перад ім за тэхніка.

Незаконная перамога Лукашэнкі на выбарах завядзе яго ў такую пастку, з якой ён можа проста не выкараскацца. А «дзякаваць» за гэта ён будзе толькі сістэме ЦВК.

На штыхах і хлусні можна прыйсці да ўлады. Але ўтрымацца ва ўладзе на гэтым немагчыма.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: