Еўрасаюз адказаў на ліст беларускай апазіцыі

Старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск, кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер і вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні адказалі на калектыўны ліст прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, паведамляе прэс-служба АГП.



Жан-Клод Юнкер, Федерика Могерини и Дональд Туск


Пяць прадстаўнікоў апазіцыі накіравалі кіраўніцтву Еўрасаюза і Еўрапарламента ліст, які тычыцца ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне і далейшых адносін ЕС і Беларусі.

Аўтарамі выступілі былы палітвязень Мікалай Статкевіч, лідэр ствараемага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў, старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Ліст быў накіраваны 29 кастрычніка, калі ЕС прыняў рашэнне прыпыніць на чатыры месяцы эканамічныя і візавыя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. «Санкцыі замарожаныя, а што далей? Мы не пачулі ад Бруселя галоўнага — што павінны зрабіць улады за гэтыя чатыры месяцы», — пракаментаваў тады сітуацыю Лябедзька.

У сваім лісце прадстаўнікі апазіцыі прапаноўваюць рэалізаваць пакрокавую дарожную карту дэмакратычных зменаў у Беларусі і развіцця дыялогу з Еўрасаюзам, пішуць naviny.by.

Першы пункт тычыцца змены выбарчага заканадаўства і яго правапрымяняльнай практыкі, каб улады вярнулі беларусам права выбару. Другі прадугледжвае перамоўны працэс з удзелам прадстаўнікоў улады і апазіцыі пад эгідай місіі АБСЕ. У трэцім пункце ліста гаварылася аб неабходнасці правядзення парламенцкіх выбараў 2016 года ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.

Адрасаты ліста падзякавалі аўтарам за з'яўленне сумеснага паслання і паведамілі, што яны «прынялі да ведама аналіз сітуацыі».

«Існаванне моцнай апазіцыі — гэта жыццёвая неабходнасць для развіцця дэмакратычных і плюралістычных грамадстваў. Выбарчае заканадаўства і працэдуры, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, безумоўна, вельмі важныя для гарантавання грамадзянам магчымасці рэальнага выбару», — сказана ў лісце.

У ім таксама гаворыцца, што пасля публікацыі поўнай справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па выніках назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі «ЕС будзе надаваць асаблівую ўвагу гэтым рэкамендацыям і настойліва заклікаць беларускія ўлады да іх выканання».

«Еўрасаюз ангажаваны ва ўсебаковыя адносіны для паляпшэння еўрапейска-беларускіх адносін і спадзяецца на больш пазітыўны парадак дня з Беларуссю, павелічэнне кантактаў і сфер для супрацоўніцтва», — сказана ў лісце прадстаўнікоў ЕС.

Яны адзначаюць, што актыўны ўдзел у працэсах дэмакратызацыі грамадзянскага грамадства застаецца найважнейшым фактарам для развіцця адносін ЕС і Беларусі.

Каментуючы атрыманы адказ, старшыня АГП Анатоль Лябедзька сам факт ліста ацаніў станоўча.

«Засяродзіць увагу еўрапейскіх палітыкаў на Беларусі няпроста, у ЕС шмат іншых праблем і выклікаў. Што тычыцца зместу, то як пазітыўны фактар варта адзначыць супадзенне нашых пазіцый па пытанні свабодных сумленных выбараў па стандартах АБСЕ. Гэта той шлях, які можа прывесці да пераменаў у Беларусі», — цытуе палітыка прэс-служба партыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: