Ці пагражае застой беларускай мадэлі?

Жыццё поўнае парадоксаў. Мабыць, самы вядомы — беларуская мадэль. Яе нежыццяздольнасць была дыягнаставаная яшчэ ў момант нараджэння. Каб прадказаць ганебны канец вырадка, што адмаўляецца ісці за цывілізаваным светам, не трэба было мець адмысловыя веды. Але год за годам вырадак дэманстраваў эканамічны рост...

Тым, хто не давярае афіцыйнай статыстыцы, рэкамендую паразмаўляць з кіроўцамі таксі. Рост даходаў суайчыннікаў яны ацэньваюць не па справаздачах Белстата, а па «корках» на дарогах. І ў сваіх ацэнках прафесійныя кіроўцы, як і вядомы ўладальнік электрамабіля «Тэсла», «ідуць ад жыцця», а жыццё высновам Нацыянальнага статыстычнага камітэта не супярэчыць.

Жыццё супярэчыць заявам наконт ролі буйных прадпрыемстваў і вытворчасцяў у развіцці беларускай мадэлі. Напрыклад, паводле старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Гусакова, «толькі буйнамаштабны рэальны сектар можа ствараць неабходную ўстойлівасць функцыянавання дзяржавы. Паколькі ён дзяржаваўтваральны, фундаментальны, аб’ёмны, канкурэнтаздольны і доўгатэрміновы».

Аднак жа фактычна мы маем упэўненае зніжэнне долі апрацоўчай прамысловасці ў ВУП: 2011 год — 26,4%, 2018 год — 21,5%. І гэта нягледзячы на тое, што на чале беларускай дзяржавы, як справядліва заўважыў Гусакоў, стаіць чалавек, якому адстаяць стары ўклад «дапамаглі прыродная мудрасць і інтуіцыя, выключная працаздольнасць і праніклівасць, а яшчэ апора на народ і вялікі давер народа, які захаваўся да гэтага часу».

А што ж прыватны бізнес? Не дапушчаны да прыватызацыі дзяржсектара, ён быў вымушаны абмежаваць сваю энергію сферай паслуг. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: у 2018 годзе працэнт паслуг у ВУП склаў 47,7%.

Вера галоўнага акадэміка краіны ў здольнасць буйных прадпрыемстваў «вытрымаць любую канкурэнцыю і заставацца на плаву пры разнастайнай кан’юнктуры» статыстыкай не пацвярджаецца. Нездарма калісьці папулярны фразеалагізм «фамільнае срэбра» перастаў сустракацца на старонках беларускай перыёдыкі. Пра якое срэбра гаворка, калі вытворчасць трактароў за апошнія 8 гадоў скарацілася з 66,8 да 40,8 тысячы штук, а збожжаўборачных камбайнаў — з 1 900 да 900 штук. І так практычна па ўсёй традыцыйнай наменклатуры.


Беларусам пашанцавала

Між іншым, артыкул Гусакова быў апублікаваны 17 кастрычніка 2019 года ў самай саліднай газеце краіны пад загалоўкам «Кіраўнік Акадэміі навук — пра асаблівасці і перавагі беларускай мадэлі развіцця».

Доктар эканамічных навук, прафесар і акадэмік — далёка не адзіны спецыяліст, надзелены талентам выяўляць перавагі ў асаблівасцях беларускай мадэлі. Але ён — тэарэтык, а краіна мае патрэбу ў практыках, здольных у тэмпе вальса прайсціся па цэхах і тут жа выдаць рэкамендацыі наконт аздараўлення вытворчасці.

Беларусам пашанцавала: такі практык у асобе адзінага палітыка (АП) у краіне існуе. Тое, што антычнаму Юлію Цэзару атрымалася рэалізаваць адзін раз і абессмяроціць у афарызме «прыйшоў, убачыў, перамог», наш сучаснік прарабляе штотыдзень.

Па прыклады звернемся да прэс-рэлізу, які прысвечаны наведванню кіраўніком Беларусі 14 лютага Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната.

Адразу па прыбыцці на камбінат АП пацікавіўся схемай пастаўкі драўнянай сыравіны. А калі высветліў, што патрэбы растуць і ёсць неабходнасць у дадатковым чыгуначным транспарце, ён у рэжыме бліц сфармуляваў адзіна правільнае рашэнне: «Трэба зрабіць так, каб праблема дастаўкі балансавай драўніны была вырашана ў бягучым годзе».

Далей — больш. Як высветлілася, тэхналогія на камбінаце дазваляе з нізкагатунковай драўніны атрымліваць запатрабаваны прадукт з высокім дабаўленым коштам. Гэтая інфармацыя на працягу апошніх гадоў была безгаспадарнай. Ніхто з мясцовых Кулібіных не задумваўся над яе практычным прымяненнем.

Але 14 лютага ўсё крута змянілася. «Гэта наша багацце (лясныя рэсурсы. — Рэд.), — растлумачыў асалавелым спецыялістам АП. — Трэба перапрацаваць у паперу, цэлюлозу, каб не вазіць за мяжу за бясцэнак. Вось у чым была задума будаўніцтва гэтага прадпрыемства».

На жаль, галавацяпства ў краіне ўсё яшчэ хапае. Пабудуюць часам прадпрыемства, змантуюць імпартнае абсталяванне, а ў чым заключаўся сэнс будаўніцтва, работнікам растлумачыць забудуць. Вось і ходзяць потым гадамі на працу сотні спецыялістаў, вырабляюць нешта з высокім дабаўленым коштам, а што вырабляюць і навошта — не ведаюць ні на прадпрыемстве, ні ў кіраўніцтве канцэрнаў і холдынгаў.

Аднак канцэрн «Беллеспаперапрам» чаша гэтая мінула. Яго кіраўніцтва і да візіту АП здагадвалася, што Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат быў пабудаваны для вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы. Візіт зняў апошнія сумневы. Больш канкрэтна і не скажаш: «Патрэбна глыбіня перапрацоўкі цэлюлозы. Нам трэба з яе рабіць адпаведныя ўпаковачныя матэрыялы, мяшкі».


І будзеце здаровымі

Апрацоўчая прамысловасць Беларусі будзе прырастаць папяровымі мяшкамі. Прырастаць электронікай не атрымліваецца. У 2011 годзе былы зборачны цэх СССР вырабіў 1 746 мільёнаў, а ў 2018 годзе — 1 490 мільёнаў штук інтэгральных мікрасхем. Ацаніць уклад айчыннага вытворцы ў сусветны рынак няпроста, бо сусветная статыстыка вядзецца не ў штуках, а ў сотнях мільярдаў долараў.

Ключавым вытворцам інтэгральных мікрасхем на сусветным рынку з’яўляецца «вялікі Кітай» (мацерыковы Кітай + Ганконг + Тайвань). Яго сумарны ўнёсак у сусветны экспарт склаў у 2017 годзе 44%. Але лепшыя тэмпы росту за апошнія 5 гадоў — у В’етнама — больш за 600% (3% сусветнага рынка).

Поспех В’етнама дае нам надзею. Без працы беларускія прамысловыя гіганты не застануцца, бо мікрасхемы, зрэшты, як і любыя высокатэхналагічныя тавары, маюць патрэбу ва ўпаковачных матэрыялах. Мы ім — мяшкі, яны нам — мікрасхемы ў мяшках. Сусветны падзел працы! Дыверсіфікацыя!

Ды чалавек жыве не хлебам адным, хай нават загорнутым у адпаведныя ўпаковачныя матэрыялы. Агляд цэлюлозна-кардоннага камбіната натхніў АП на экзістэнцыйнае абагульненне: «Запомніце: паветра, харчаванне і вада — найважнейшыя элементы для існавання чалавека і яго здароўя. Дадайце да гэтага рух. <...> Гэта зарад на цэлы дзень. Далей трэба нармальна харчавацца і дыхаць свежым паветрам — і будзеце здаровымі».

Тым, хто з першага разу не запомніў, прапаную апошнюю цытату перачытаць некалькі разоў, пасля чаго не марудзячы перайсці да фізічных практыкаванняў. «Азбука паліталогіі» пачакае. Здароўе даражэйшае. Рухайцеся, рухайцеся. Пажадана, у кірунку кухні.


Новы фармат рабочых паездак

Краіна ў нас вялікая, а АП адзін. Як быць, дзе яшчэ знайсці спецыялістаў, здольных прыйсці на любы народна-гаспадарчы аб’ект, убачыць усе яго праблемы — і перамагчы?

На працягу чвэрці стагоддзя адказ на гэта лёсавызначальнае для краіны пытанне не праглядаўся. Але складваецца ўражанне, што праменьчык надзеі ўжо найбліжэйшымі калі не тыднямі, то месяцамі праб’ецца скрозь хмары коснасці і бюракратызму. Закладам таму служыць новы фармат рабочых паездак АП. Сутнасць яго простая: «напярэдадні прыезду АП у той ці іншы раён на мясцовыя прадпрыемствы будуць выязджаць кіраўнікі рэспубліканскага ўзроўню і затым трымаць справаздачу перад АП».

Такая тэхналогія дазволіць забіць двух зайцаў адным стрэлам: па-першае, яна не парушыць манаполію АП на прыняцце канчатковых рашэнняў, па-другое, дасць магчымасць значна спрасціць сам працэс прыняцця такіх рашэнняў, вызваліўшы АП ад неабходнасці ўнікаць у канкрэтыку.

Далей цытата з афіцыйнага прэс-рэлізу: «Так ужо адбылося ў Светлагорскім раёне. Кіраўнік АП Ігар Сяргеенка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў загадзя пабывалі на шэрагу прадпрыемстваў, як прамысловых, так і ў сферы сельскай гаспадаркі, вытворчасці прадуктаў харчавання».

Даклады вышэйпералічаных спадароў-таварышаў немагчыма чытаць без замілавання. У прыватнасці, пры наведванні завода жалезабетонных вырабаў ад пільнага позірку Качанавай не схаваўся той факт, што прадпрыемства па паказчыках прасела ў параўнанні з мінулым годам. Аднак, прыгледзеўшыся, яна выявіла пазітыў, пра што радасна адрапартавала АП: «Але там новы дырэктар, бачанне ў яго ёсць у працы. Яны працуюць, укамплектаваныя людзьмі, аднак ёсць змяняльнасць».

Рэакцыя АП была хуткай: ён запатрабаваў «прыняць дадатковыя меры ў пытанні ўмацавання вытворчай дысцыпліны».

* * *

Нядобразычліўцы з «пятай калоны» пасаромленыя. Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! Застой беларускай мадэлі не пагражае.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: