Юрый Губарэвіч першым падаў заяўку на «адзінага»

Юрый Губарэвіч сёння падаў заяўку на ўдзел у працэдуры выбару адзінага кандыдата.

Сёння, 3 лютага, было абвешчана аб фармаванні Штаба «Народнага галасавання» і распачаўся прыём заявак ад патэнцыйных кандыдатаў на ўдзел у вызначэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах. Першым заяўку на ўдзел падаў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

У адпаведнасці з працэдурай, для ўдзелу ў «Народным галасаванні» Губарэвіч прадставіў у штаб выпіску з рашэння Канферэнцыі Руху аб вылучэнні яго кандыдатуры. Рашэнне пра гэта было прынятае ў снежні 2018 года, лідар арганізацыі быў вылучаны «кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і ў праймерыз» кааліцыі.

«У мяне сур'ёзныя планы на ўдзел і перамогу ў праймерыз. Гатовы прадстаўляць інтарэсы шырокага кола людзей, якім блізкія еўрапейскія каштоўнасці, дэмакратыя і нацыянальнае адраджэнне», — заявіў Губарэвіч пасля падачы заяўкі.

Палітык перакананы, што ў выпадку, калі ў кампаніі “Народнае галасаванне” прымуць удзел не толькі актывісты дэмакратычных структураў, але і тая большасць грамадзян, якія патрабуюць пераменаў, можна разлічваць на перамогу.

Нагадаем, што прадстаўнікі пяці палітычных структураў (АГП, БСДП, БХД, Рух «За Свабоду» і Партыі БНФ) правялі 27 студзеня супольную прэс-канферэнцыю, на якой абвясцілі пра пачатак працэдуры абрання адзінага кандыдата ў прэзідэнты.

Цяпер створаны штаб праймерыз — «Народнага галасавання». У адпаведнасці з замацаванай працэдурай, заяўкі ад жадаючых удзельнічаць у працэдуры прымаюцца ад сёння і да 16 лютага. Разгляд заявак закончыцца да 3 сакавіка, пасля чаго пачнецца галасаванне ў інтэрнэце і стартуюць паездкі па рэгіёнах.

pyx.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: