«Каардынатар масавых беспарадкаў» у Мінску аказаўся прадаўцом машын

Абвінавачаны ў каардынацыі масавых беспарадкаў у Мінску грамадзянін Беларусі аказаўся прадаўцом патрыманых аўтамабіляў. Грошы пры сабе ён меў пасля закончанай здзелкі. Пра гэта пішуць «Открытые медиа», якія пагутарылі з жонкай затрыманага.

Ілюстрацыйнае фота


Відэа затрымання 36-гадовага Міхаіла Сімакова з’явілася раніцай у праўладным беларускім тэлеграм-канале «Жёлтые сливы». Сцвярджаецца, што пры сабе затрыманы меў каля 10 тысяч долараў гатоўкай. Ён сказаў супрацоўніку міліцыі, што гэтую суму «назапасіў». Пазней дзяржаўнае беларускае агенцтва БелТА назвала затрыманага «каардынатарам масавых беспарадкаў».

Сябар знойдзенага ва «ВКонтакте» Міхаіла Сімакова пацвердзіў, што Міхаіл — менавіта той чалавек, якога затрымалі беларускія ўлады. Па яго словах, Сімакова затрымалі, калі ён вяртаўся дадому. Пры ім сапраўды былі грошы, ён іх атрымаў ад продажу машыны.

Жонка затрыманага Кацярына сцвярджае, што Сімакоў быў затрыманы каля пад’езда ўласнага дому, куды вяртаўся з дзелавой сустрэчы. Яна кажа, што знойдзеныя ў яго грошы атрыманыя за продаж машыны.

Пры гэтым у Мінску сапраўды зарэгістраваны індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Сімакоў, які займаецца продажам патрыманых аўтамабіляў, — адзначаюць «Открытые медиа».

У Беларусі некалькі дзён працягваюцца масавыя пратэсты, выкліканыя непрызнаннем вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. За тры дні міліцыя затрымала каля шасці тысяч чалавек, 250 апынуліся ў шпіталях, адзін чалавек загінуў. Заведзеная крымінальная справа аб масавых беспарадках. У краіне на тры дні адключаўся інтэрнэт (афіцыйна ўлады адмаўляюць, што выключалі яго). Усе апазіцыйныя кандыдаты звярнуліся ў ЦВК з патрабаваннем ануляваць вынікі галасавання.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: