Каб адхіліць апеляцыю Сеймура Мамедгусейнава, Мінгарсуду спатрэбілася менш за 10 хвілін

Самаго Сеймура, які ўжо паўгады знаходзіцца ў ІЧУ, нават не даставілі ў суд на разгляд скаргі.
Пачатку разгляды справы чакалі амаль гадзіну звыш назначанага часу.

Пачатку разгляды справы чакалі амаль гадзіну звыш назначанага часу.

Справа Сеймура Мамедгусейнава, «беларускамоўнага азербайджанца», апынулася ў цэнтры грамадскай увагі пасля таго, як у адной камеры з ім пасядзеў Павал Севярынец.

Азербайджанец, які жыве ў Беларусі ўжо больш за 20 год, мае тут бізнес і сям'ю, стаўся закладнікам свайго няпэўнага юрыдычнага статусу "асобы без грамадзянства". Статус, аднак, стаў няпэўным, пасля таго, як у лёсе Сеймура пачаў удзельнічаць ГУБАЗіК. Па словах Сеймура і ягонай жонкі Алесі, міліцыянты вымагалі ад мужчыны супрацоўніцтва датычна нефармальнага жыцця азербайджанскай дыяспары. Той адмовіўся, і ў выніку спачатку пазбавіўся грамадзянства, потым – віду на жыхарства, а зараз ужо 6 месяцаў сядзіць у турме ў чаканні дэпартацыі.

Каля двух месяцаў таму суд Партызанскага раёну Мінска адмовіўся скасаваць рашэнне аб дэпартацыі. Сёння апеляцыйная скарга Сеймура разглядалася ў Мінскім гарадскім судзе калегіяй з трох суддзяў: Наталляй Бабкінай, Еленай Пруднікавай і Таццянай Жулкоўскай.

Цікава, што ані прадстаўнікі ГУУС Мінгарвыканкама, ані прадстаўнікі аддзела па грамадзянству і міграцыі, ані супрацоўнікі ГУБАЗіК якія наўпрост зацікаўленыя ў гэтай справе, не з'явіліся на паседжанне. Падтрымаць Сеймура, хоць і ў ягоную адсутнасць, сабраліся грамадзянскія актывісты, правабаронцы з «Human Constanta» і жонка Алеся.

Напачатку паседжання была зачытаная заява Мамедгусейнава, з якой вынікае што 18.04.2018 інспектарам аддзела АГІМ Фрунзенскага РУУС вынесена рашэнне аб ягонай высылцы. Пастанова была абскарджаная ў ГУУС, але безвынікова.

Падставай для рашэння з'явіўся ліст ГУБАЗіКа, дзе ўказана што Мамедгусейнаў «прымае ўдзел у працэсах, якія адбываюцца ў крымінальным асяроддзі, прымае асобаў з Беларусі і Азербайджана, вырашае канфліктныя сітуацыі ў дыяспары». Аднак аніводнага канкрэтнага факта такіх дзеянняў у пастанове не ўказана. Саму паперу Сеймур таксама не бачыў. Прытым са скаргі вынікае, што і УУС Мінгарвыканкама таксама не бачыла дакумент, які б пацвярждаў ягоную крымінальную дзейнасць

У прынцыпе, у скарзе Мамедгусейнаў не адмаўляе таго, што дапамагае вырашаць канфліктныя пытанні ў дыяспары і знаёмы з асобамі, якія раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, аднак не лічыць гэта злачынствам. А таксама задае слушнае пытанне: калі ён з'яўляецца такім магутным мафіёзі, чаму за ўвесь перыяд пражывання ў Беларусі — больш за 20 год — яго ані разу не выклікалі ў «органы» з гэтай нагоды і тым больш не прыцягнулі да крымінальнай адказнасці?

Пасля зачытання скаргі суд папрасіў прысутных выдаліцца і пачаў «нараду». У калідоры група падтрымкі Мамедгусейнава жартавала: «раюцца, хто адкуль званкі атрымоўваў...».

Група падтрымкі Сеймура

Група падтрымкі Сеймура


Не прайшло і 10 хвілін, як усіх папрасілі назад і абвясцілі рашэнне — пастанову суда Партызанскага раёну пакінуць без зменаў.

Пракаментаваць тое, што адбылося мы папрасілі грамадзянскую жонку Сеймура, Алесю. Тая, відавочна, была расстроеная і ад таго нешматслоўная:

— Як вы думаеце, у чым прычына такога рашэння суду?
— Я не ведаю, у чым можа быць прычына...

— У Сеймура – двое дзяцей. Як яны рэагуюць на тое, што адбываецца?
— Малодшаму толькі два месяцы. Старэйшы, якому 15, вельмі перажывае і кажа, што ўжо хацеў бы хутчэй з'ехаць з краіны.

— Ці з'явіўся нейкі ціск на Сеймура пасля таго, як гісторыя была агалошана ў СМІ?
— Здаецца, ніякага ціску не было. Кажуць, што ГУБАЗіК да яго больш не ходзіць. Ліст мой да яго дайшоў, але тэлефонныя званкі і спатканні нам па-ранейшаму не дазволеныя. Сувязь трымаем толькі праз адваката.

— Калі б сюды прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, па патрабаванні якіх Сеймур ужо паўгады знаходзіцца ў ІЧУ – што б вы ім сказалі?
— Я хацела б паглядзець ім у вочы. І запытацца – ці ёсць у іх дзеці?


Алеся, грамадзянская жонка Сеймура

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць