Каб людзі змаглі прагаласаваць, мінчук будзе бясплатна падвозіць іх на ўчастак

Віктар Смусiн — IT-прадпрымальнік і выкладчык з Мінска. Да дня выбараў ён прыдумаў цікавую ідэю. Усіх, хто жыве ў сталіцы і па якіх-небудзь прычынах 9 жніўня не можа самастойна трапіць на выбарчы ўчастак, ён бясплатна туды адвязе. У ноч з чацвярга на пятніцу мінчанін распавёў пра сваю ініцыятыву ў Facebook — і зараз практычна ўся нядзеля ў яго ўжо распісана.
Віктар Смусін

Віктар Смусін

Ідэя дапамагаць людзям дабірацца да участкаў з'явілася ў Віктара яшчэ ў 2004 годзе, калі ў Беларусі праходзіў рэферэндум па зменах у Канстытуцыю.

-— Гэта быў рэферэндум, на якім у людзей пыталі, як яны ставяцца да адмены абмежаванняў колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, — вяртаецца да тых падзеяў суразмоўца. — Я ведаў некалькі чалавек з Мінска, якія жылі не па месцы прапіскі, а далёка ад участкаў, дзе павінны былі галасаваць. Яны казалі, што на свой участак не паедуць, маўляў, нічога гэта не зменіць. І мяне гэта закранула. Як гэта? Чалавек знаходзіцца ў адным горадзе, хай і не на суседняй вуліцы, але ён не аддасць свой голас, бо далёка жыве. Я вырашыў не пераконваць гэтых людзей, а проста ім дапамагчы. Мне на той момант было 22 гады, у мяне ўжо была машына — і я палову дня развозіў сваіх знаёмых па ўчастках.

Па словах Віктара, для яго заўсёды было вельмі важна ўдзельнічаць у галасаванні. Хай гэта «прэзідэнцкія выбары, парламенцкія ці мясцовыя». У чэрвені ён планаваў трапіць у склад участковай выбарчай камісіі і лічыць галасы. Сабраў подпісы, але ў УВК яго не ўзялі. Тады прадпрымальнік прыдумаў, як можа дапамагчы выбарах па-іншаму, — і вярнуўся да ідэі 16-гадовай даўніны.

— Чаму я стараюся хадзіць на выбары? Для мяне гэта нескладана. У лепшым выпадку — гэта штосьці зменіць, у горшым — я проста прагуляюся да суседняй школы. А калі я лічу гэта правільным для сябе, гэта значыць, я лічу гэта правільным для ўсіх. І я вырашыў гэтаму пасадзейнічаць, — тлумачыць ён сваю пазіцыю. — Была і яшчэ адна прычына: 9 жніўня, насколькі я сабе ўяўляю, шмат хто, і я ў тым ліку, правядзе ў чаканні непрыемных падзей. Гэта вельмі цяжка псіхалагічна. Асаблівых планаў на гэты дзень у мяне не было, і я вырашыў, што займу сваю галаву тым, што буду ў дарозе.

Пра сваю ідэю Віктар напісаў на Facebook пазітыўны пост.

«Прыемны мужчына ў росквіце электаральных сіл (я) бясплатна прывязе вас да вашага выбарчага ўчастку 9 жніўня ў межах Мінска і Мінскага раёна:

1. Забіраю вас па любому названаму вамі адрасе.

2. Вязу вас на выбарчы ўчастак, хоць на іншы канец горада.

3. Чакаю, пакуль прагаласуеце.

4. Вязу вас у любую названую вамі кропку. Можна туды, адкуль забраў, а можна ў любое іншае месца. [...].

Катэгарычна не прыму ніякай матэрыяльнай падзякі (нават цукерку), і не пачынайце.

Гарантую спакойную бяспечную язду на машыне з тэхаглядам. Тэмпература і музыка ў салоне на ваш выбар. Буду ў масцы, зменнай не радзей разу ў 2 гадзіны.

Няма ніякага падвоху. Хачу, каб 9 жніўня прагаласавала як мага больш людзей, і дапамагаю гэтым [...] ».

За суткі пост набраў 1,4 тысячы «лайкаў» і больш за 100 каментароў. Заказы Віктар прымаў праз Facebook. За гэты час яму напісала ўжо каля 15-20 чалавек. Васьмі-дзесяці з іх ён зможа дапамагчы сам, астатніх звязаў з кіроўцамі, якія таксама захацелі падтрымаць яго ініцыятыву і напісалі пра гэта ў каментарах пад постам.

— А хто тыя людзі, якія звярнуліся да вас па дапамогу?

Думаю, у большасці з іх няма ніякай агульнай рысы, акрамя таго, што яны грамадзяне Беларусі, — жартуе Віктар. — Сярод тых, хто звярнуўся па дапамогу, была жанчына з Масквы. Яна папрасіла падвезці на ўчастак сваю маму і цёцю. А яшчэ, напрыклад, мне напісала два чалавекі, якім з раніцы трэба быць на працы не ў Мінску. У 8 гадзін яны прагаласуюць, я іх забяру і адвязу да аўтобуса, што ідзе з Каменнай Горкі.

А самі вы з такім графікам паспееце прагаласаваць?

— Так, я пакінуў сабе час у першай палове дня, гэта будзе прыкладна ў 11 гадзін.

Амаль уся нядзеля ў Віктара ўжо распісана. Засталася адна-дзве форткі. Ён трохі перажывае, што з-за нататкі з просьбай аб дапамозе яму стане пісаць шмат людзей, выручыць іх ён хутчэй за ўсё ўжо не паспее — не хопіць дня. Але яго ідэя ў іншым:

— Было б добра, каб другія кіроўцы падтрымалі маю ідэю і 9 жніўня таксама дапамаглі дабрацца на ўчасткі тым, каму гэта патрэбна, — кажа Віктар.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: